«Птушкі ля кармушкі» 20-21 студзеня! Як занесцi свае назiраннi?

ад 20 студзеня 2018 года

Дапамажы птушкам перажыць маразы, якія ўжо наступаюць! Удзельнічай у акцыі «Птушкі ля кармушкі» 20-21 студзеня і працягвай частаваць сваіх крылатых суседзяў усю зіму.

Мэта нашай акцыі– нагадаць, як важна падкормліваць птушак у холад і мароз. У гэты час яны затрачваюць больш энергіі, каб сагрэцца, і ежы ім трэба таксама больш.

Як стаць удзельнікам?

Кармушка ад дзетак. Фота Ганны Яшчанка

20 і (або) 21 студзеня падлічы віды і колькасць птушак на сваёй кармушцы на працягу 1 гадзіны і перадай свае дадзеныя ў АПБ адным са спосабаў:

  • запоўні простую форму (будзе даступная з 20 студзеня да 18.00 22 студзеня);
  • напішы паведамленне ў FB або ВК.

Як правільна падлічваць птушак? Чытаем тут.

Будзем радыя вашым расказам, уражанням і назіранням! Змяшчай свае здымкі з кармушкі ў сацсетках (FB або ВКInstagram) з хэштэгам #птушкілякармушкі, а таксама загружай іх у спецыяльныя альбомы на FB і VK. Аўтараў самых цікавых здымкаў чакаюць сувеніры ад АПБ.

Як зрабіць кармушку?

Калі ў цябе няма кармушкі, не турбуйся: зрабіць яе вельмі лёгка. Важна: у кармушках з тэтрапаку абавязкова пракалі ў дне некалькі адтулінак, каб вада ад снегу і дажджу не затапіла ўвесь “птушыны банкет”.

Чым частаваць птушак?

Сініца сталуецца. Фота Руслана Завадзіча

Найлепшы корм для вераб’іных – несалёныя і нясмажаныя сланечнікавыя семкі. Чысціць іх не трэба. Можна зрабіць сумесь, дадаўшы да гэтых семак проса і авёс.

Для сінічак і дзятлаў падрыхтуй свежае сала (толькі несалёнае!) – яны паласуюцца з задавальненнем. Кавалачкі сала можна нанізаць на цвічкі па краях кармушкі, прывязаць да галінкі або падвесіць у сетачцы.

Вераб’і, зелянушкі, попаўзні і чыжы не адмовяцца ад арахісу (зноў жа – несалёнага і нясмажанага!)

Чым разнастайнейшым будзе твой пачастунак, тым больш відаў птушак можа наведацца да “застолля”.

Птушыная сталоўка. Фота: Таццяна Лапаціна

Конкурс: сярод удзельнікаў акцыі, якія адправяць свае назіранні праз форму, мы разыграем 10 значыкаў з птушкамі, якія любяць пагасцяваць на кармушцы. Удзельнічай і, магчыма, да цябе прыляціць мініятурны гіль, верабейка або зелянушка!

ДаведкаАПБ: "Птушкі ля кармушкі-2017

14-15 студзеня 2017 года звыш 2000 удзельнікаўпачаставалі больш за 10 000 птушак 37 відаў! Самымі частымі гасцямі кармушак былі  вялікая сініца (3147  птушак),  дамавы верабей (1890 птушак) і палявы верабей (1814 птушак).  На кармушкі заляталі сінія сініцы, таўстадзюбы, зелянушкі і нават малінаўкі!

Топ-10 відаў акцыі "Птушкі ля кармушкі - 2017"

Падрабязней пра тое, як прайшла акцыя «Птушкі ля кармушкі» летась, ты можаш пачытаць тут.

Таўстадзюб. Фота Вольгі Пазняк

Ад кожнага з нас залежыць, каб як мага больш птушак не засталіся галоднымі ў халады. Далучайся да акцыі, дасылай свае назіранні і фотаздымкі, і няхай да тваёй кармушкі прыляціць як мага больш крылатых гасцей!



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: