Клуб200 АПБ — першая сотня!

ад 24 студзеня 2018 года

Меней чым за месяц 2018 года актыўныя сябры Клуб200 АПБ пабачылі больш чым 100 відаў птушак! Гэта амаль траціну ўсіх птушак нашай краіны. Усяго ў Беларусі зарэгістравана 329 іх відаў. Але зімуе ў нас усяго 131 від. Некаторыя птушкі – іх каля дзясятка – прылятаюць да нас на зімоўку са Скандынавіі: чачоткі, амялушкі, белая сава, касматаногі канюх. Адны з іх зімуюць у нас рэгулярна, іншыя — не кожны год.

На момант публікацыі апошні, хто ўнёс новыя пабачаныя сёлета віды ў спіс назіранняў, — шматгадовы сябра Клуб200 АПБ з Маларыты Юрый Янкевіч.

Юрый Янкевіч. Фота Ірыны Самусенка

За гэты час я пабачыў больш за 60 відаў птушак, –расказаў Юрый. – Учора вырашыў праехаць вакол свайго горада – Маларыты, паглядзець, хто ў нас зімуе. Сустрэў рагатага жаўрука, горную чачотку, чорнага дразда. Спрабую знайсці попельную чачотку – пазнаёміўся з ёй у Расіі, цяпер хачу сустрэць яе ў нас”.

Клуб200 АПБ быў створаны на ўзор шведскага Клуб300. Ува многіх краінах Еўропы ёсць аналагічныя клубы.

Сябрамі Клуб200 АПБ можа стаць толькі чалавек, які назіраў больш за 200 відаў птушак на тэрыторыі Беларусі, — тлумачыць дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. – У нас пакуль няма людзей, якія б пабачылі 300 відаў з нашых 329. Але далучыцца да Клуб200 АПБ і весці свой спіс на сайце ptushki.org можа любы чалавек, які мае магчымасць назіраць птушак у Беларусі. Нават з акна ці бываючы тут наездамі. Як паказваюць сябры клуба — за год у Беларусі можна ўбачыць 250 відаў. Спадзяемся, што ўсё больш людзей пачнуць цікавіцца птушкамі Бацькаўшчыны, і пачатак года — найлепшы час, каб узяцца за гэта. Тым больш, што цяпер, узімку, вакол нас няшмат відаў, іх лёгка знайсці і сфатаграфаваць, каб упэўніцца ў правільным вызначэнні”.

Шукай птушак побач і вандруючы па краіне – уваходзь у Клуб200 АПБ!



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: