Абвешчаныя першыя Абаронцы дзікай прыроды
Навіна арганізацыі
ад 29 студзеня 2018 года
Глабальная прыродаахоўная асацыяцыя BirdLife International пачала з гэтага года ганараваць выбітных прыродаахоўнікаў званнем Абаронцаў дзікай прыроды (Nature’s Hero).
Кожны нацыянальны партнёр BirdLife (а ўсяго іх 121) мог вылучыць да трох намінантаў на званне. Усе трое намінатаў ад Беларусі, вылучаныя Цэнтральным саветам АПБ, прызнаныя Абаронцамі дзікай прыроды. Наша краіна адна з першых, дзе прыродаахоўнікі ўганараваныя гэтым званнем. Усяго ў свеце цяпер 22 Nature’s Heroes.
Абаронцаў беларускай прыроды ушаноўвалі 27 студзеня на ХХІ З’ездзе АПБ, што праходзіў у Мінску. На жаль, толькі адзін з іх – Мікалай Варабей – змог прысутнічаць на цырымоніі. Уладзімір Іваноўскі ў гэты час быў у дарозе на Першы усерасійскі арніталагічны кангрэс у Цверы, а Міхаіл Ярмоліч часам інспектуе падшэфную тэрыторыю і ў выходныя. Але ўсе маглі адчуць урачыстасць моманту.
Хто ж яны, нашыя найлепшыя прыродаахоўнікі па версіі АПБ?
Уладзімір Іваноўскі
Вядомы арнітолаг і навукоўца, ён стаў першым, хто сур’ёзна ўзяўся за ахову драпежных птушак Беларусі. Ён з года ў год мацуе на высокіх дрэвах платформы для гнездавання рэдкіх драпежных птушак, на ўчастках, дзе меншыя шанцы высечкі лесу. Ён ладзіць гнездавыя скрыні для соваў там, дзе няма месцаў для натуральнага гнездавання.

За гэты час Уладзімір змайстраваў некалькі соцень штучных гнёздаў, некаторыя з іх – адмысловыя. Амаль няма рэдкага віду драпежнай птушкі ў Беларусі, які б не гняздзіўся на ўсталяваных Уладзімірам гняздоўях. Здаецца, упершыню ў свеце пара арлоў-вужаедаў загнязділася на штучнай платформе менавіта ў яго. Каб так падгадаць, трэба думаць, як птушка, глядзець на лес, як птушка канкрэтнага віду, і бачыць, якое дрэва падыходзіць для гнязда, а якое – не. Інакш, нават набудаваўшы сотні гнёзд, можна не атрымаць ніводнага поспеху.
Вывучэннем і аховай крылатых драпежнікаў Уладзімір займаецца з 1972 года.
Міхаіл Ярмоліч
Міхаіл Ярмоліч, старшы дзяржаўны інспектар Тураўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, ініцыяваў і садзейнічаў затрыманню вясной 2017 года замежных браканьераў, якія ўчынілі ў Жыткавіцкім раёне масавае забойства самак крыжанкі, а таксама і свіцьваў – віду птушак пад аховай.

У Беларусі дазволена вясновае паляванне, і гэта прыцягвае паляўнічых з іншых краін, бо ў ЕС паляванне вясной забаронена. АПБ шмат гадоў выступае за забарону палявання ў перыяд размнажэння. Вядома, што яно вельмі адмоўна адбіваецца на поспеху размнажэння птушак, бо ў краіне няма ніякіх абмежаванняў па колькасці птушак, якія здабываюцца нават вясной. Што ж можна гаварыць пра ўплыў масавага браканьерства ў гэты перыяд?
Такія незаконныя паляванні адбываліся ў пойме Прыпяці і раней, і супрацоўнікі АПБ нават былі сведкамі, але раней самі інспектары чамусьці баяліся ўмешвацца пры парушэнні законаў замежнікамі. Пасля таго, як дзякуючы Міхаілу браканьераў-замежнікаў затрымалі і пакаралі, сітуацыя палепшылася: іншыя ахвочыя зладзіць птушыную бойню баяцца брацца за чорную справу.
«Дзеянні Міхаіла Ярмоліча паставілі крыж на незаконных паляваннях увесну на тэрыторыях, якія ён інспектуе. Мы былі вельмі ўражаныя!» — кажа дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі.
Мікалай Варабей
Мікалай працаваў біёлагам у Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Выганашчанскае”, вядомым густымі лясамі ды балотамі. У гэты заказнік уваходзіць і частка тэрыторыі, важнай для птушак “Выганашчанскія балоты”. Мікалай адразу далучыўся да валанцёраў-захавальнікаў ТВП.

У снежні 2010 падчас выканання сваіх абавязкаў у заказніку Мікалай атрымаў раненні – яму прастрэлілі абодва калены, перабілі звязкі, пашкодзілі нервы. Траўмы былі настолькі цяжкія, што лекарам давялося змагацца за яго жыццё.
На шчасце, Мікалай выжыў, і хоць фізічныя магчымасці ў яго цяпер абмежаваныя і ранейшай працы ён выконваць не можа, ён усё адно застаўся блізкі з прыродай. Мікалай шчыльней заняўся фатаграфіяй і робіць выдатныя здымкі прыроды і птушак, а таксама дзеліцца сваім захапленнем прыродай з дзецьмі і дарослымі.

На ўганараванні Мікалай сказаў: “Я не считаю себя каким-то особенным защитником, особенно учитывая, что в последние годы в разных уголках Земли защитники природы подвергаются преследованиям, их убивают буквально каждый день. В нашей стране, я думаю, ситуация не так выражена.Тем не менее, спасибо за честь, я постараюсь оправдать доверие в будущем и стать более активным.”
.jpg)
Гэтыя трое людзей, адданых прыродзе, сваёй працай і ўчынкамі натхняюць дзейнічаць і вырашаць праблемы тут і цяпер, не чакаючы, пакуль будзе позна.
Кожны з нас можа зрабіць важны ўнёсак у захаванне дзікай прыроды. Не заставайся ўбаку і ты!