Хто не пайшоў у школу з верасня?

ад 31 жніўня 2016 года

Кабанчыкі-падлеткі, зубраняты, гарэзлівыя ваўчаняты — сапраўдны дзіцячы садок у Белавежскай пушчы! А мы развітваемся з летам у запаведным лесе ў нашым вясёлым аглядзе. 

«Ой, што гэта? Нейкі неапазнаны аб’ект», — падумаў алень і вырашыў збегчы з «Канала дзікай прыроды». Не вельмі-та прыгожа з яго боку 🙂

А вось у японскім горадзе Нара ў парку жыве самы ветлівы алень: калі адна з наведвальніц пачаставала яго ласункам, звер вытанчана пакланіўся ёй у адказ. Нездарма іх завуць высакароднымі!

 

Фотасесія зубранятаў на «Канале дзікай прыроды»! Паглядзіце, як яны дружна ходзяць у парах 🙂

А пакуль маленькія зубры падрастаюць, вялікія таксама не сядзяць на месцы. Напрыклад, у адну з вёсак Кобрынскага раёна прыйшоў малады зубр. Жыхары заўважылі, што зубр начуе ў лесе, а днём ідзе да статкаў кароў. Нядзіўна, бо зараз у зуброў час гону, таму малады самец шукае пару. Спадзяемся, што волат вернецца ў пушчу і ў наступным годзе мы зноў пабачым маленькіх зуброў.

Пакуль вы сядзіце каля кампутараў, на «Канале дзікай прыроды» гарэзуюць маладыя ваўчаняты. Паглядзіце, як яны гуляюць адзін з адным! Сям’я гуляецца і радуецца цяплу, а яшчэ таму, што ў верасні пра іх даведаецца куды больш людзей! А чаму? Таму што менавіта восенню адкрыецца суперцікавы воўчы блог, дзе за шэрым зверам можна будзе «хадзіць па пятах». Як гэта магчыма? Сачыце за анонсамі на сайце АПБ ды ў сацыяльных сетках і станавіцеся тымі, хто пазнае пра жыццё пушчанскіх ваўкоў з першых вуснаў!

Чарга кабанчыкаў-падлеткаў пакрасавацца на «Канале дзікай прыроды»!

Парсючыны статак у летні перыяд складаецца з адной або некалькіх самак і іх нашчадкаў — сяголеткаў ды гадавікоў. Старыя самцы трымаюцца ў адзіночку і прыходзяць у статак толькі на перыяд гону.

Негледзячы на ўяўную непаваротлівасць, жывёлы лёгка перасоўваюцца па багністым грунце і выдатна плаваюць. А некаторыя маглі б нават удзельнічаць у Алімпіядзе — напрыклад, па скачках у даўжыню наш кабанчык забраў бы золата!

Ласіха-плаўчыха на “Канале дзікай прыроды”! Паглядзіце на час на здымках. Як думаеце, чаму яна вырашыла прыняць такі кароткі душ?

Увогуле для ласёў, асабліва летам, вада мае вялікае значэнне. Адсутнасць балот, ціхіх рэк і азёр, дзе яны кормяцца воднай расліннасцю і ратуюцца ад спёкі, могуць прымусіць лася прайсці шмат кіламетраў, пакуль ён не знойдзе прыдатнага месца. Цікава, што ласі, нягледзячы на свой велічэзны памер, добра плаваюць, а шукаючы водныя расліны, могуць трымаць галаву пад вадой больш за хвіліну!

А вы як даеце нырца?

З асабліва трапяткімі пачуццямі хочам пазнаёміць вас з адным з удзельнікаў Прыродаахоўнага праекта ў Белавежскай пушчы. 

Амаль тры гады працягваецца праект для ўмацавання запаведнага рэжыму, створаны Нацыянальным паркам «Белавежская пушча», «Аховай птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкiм заалагічным таварыствам. Адным з прыярытэтных кірункаў працы з’яўляецца вывучэнне папуляцыі воўка. 

На дадзены момант тры пушчанскіх драпежніка носяць «каралi», але ў верасні зноў плануецца падарыць некалькім ваўкам ўпрыгожванне, якое дапаможа больш даведацца пра iх жыццё.

Сустракаем восень і чакаем новых аглядаў!



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: