Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вясна — пара рамантаваць!
Навіна арганізацыі ад 28 красавіка 2010 года
Мінулы тыдзень быў насычаны падзеямі, прысвечанымі Дню Зямлі, які адзначаўся 22 красавіка. Да яго быў прымеркаваны у тым ліку і першы ў гэтым годзе рамонт плацін на ТВП “Балота Ельня” (24-25.04.2010).
Мінулы тыдзень быў насычаны падзеямі, прысвечанымі Дню Зямлі, які адзначаўся 22 красавіка. Да яго быў прымеркаваны у тым ліку і першы ў гэтым годзе рамонт плацін на ТВП “Балота Ельня” (24-25.04.2010). Рамонт плацін – штогадовае мерапрыемства. Нагадаю, што плаціны на каналах у цэнтральнай частцы балота будаваліся у 2007/2008 гадах валанцёрамі і, нягледзячы на прастату канструкцыі, выдатна выконваюць сваю ролю. Вясной, калі на балоце вельмі шмат вады, моцныя цячэнні могуць падмываць берагі каналаў вакол плацін і з-за таго вада можа больш сптрытна “ўцякаць” з балота. Ранні рамонт плацін дазваляе “зачыніць” абхадны шлях вады і тым самым затрымаць яе на балоце.
Як і ў мінулыя гады, праект “Захаваем Ельню разам!” быў прафінансаваны кампаніяй ЗП «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусія», а ўдзельнікамі сталі захавальнікі балота Ельня.
Трэба адзначыць, што надвор’е не спрыяла працы на балоце, але ўсе, хто меў магчымасць прыняць удзел, не сталі мяняць планы і мужна трывалі халодны вецер, дождж і высокую ваду. Асабліва неспрыяльнае надвор’е было у суботу 24 красавіка, калі нават пайшоў град. На шчасце, у той час праца была скончана і ўсе ўдзельнікі сядзелі ў аўтамабілях.
У першы дзень (24.04) праца вялася на поўначы балота, былі агледжаны і падпраўлены плаціны, пабудаваныя на канале, які выходзіць з возера Курганістае. Высокі ўзровень вады не дазволіў зрабіць капітальны рамонт усіх чатырох плацін, але моцныя струмені вады, якія падмывалі плаціны, былі перакрыты, што знізіла хуткасць плыні і размеркавала ваду па большай паверхні балота. На поўдні ў нядзелю працы вяліся на канале, які выходзіць з возера Яжгіня. З трох пабудаваных у 2008 годзе плацін было адрамантавана две. Вада добра падмыла іх, таму кожна старая плаціна была значна пашырана і ўмацавана.
Вельмі важна, што ранняй парой, калі не надта зручна праводзіць працы на балоце, было падпраўлена некалькі плацін, што дазволіць пакінуць на балоце больш вады на лета. У працах прынялі ўдзел захавальнікі з Міёр, Шаркаўшчыны, весак Чапукі, Наўгароды, Германавічы, Старыя Крукі. Усе яны змаглі зрабіць свой асабісты ўнёсак у адраджэнне балота, якое ім неабыякава і адыгрывае важную ролю ў іх жыцці. Кожнаму была падорана майка з лагатыпам Года біяразнастайнасці (на жаль, халоднае дажджлівае надвор’е не дазволіла ў іх папрацаваць). Удзел захавальнікаў у рамонце плацін – канкрэтны прыклад дзейнасці, што закранае інтарэсы як прыроды, так і людзей.
Развіццё сеткі захавальнікаў ТВП “Балота Ельня” адбываецца ў рамках праекта «Стварэнне сеткі захавальнікаў вакол ключавых водна-балодных угоддзяў Беларусі» пры фінансавай падтрымцы Nordic Council of Ministers .
Вольга Лукшыц
Мабільны дэсант рушыць толькі наперад!
Выгляд плаціны, якой патрабуецца рамонт
Для рамонта патрэбен матэрыял для ўмацавання плацін – драўніна, якую трэба прынесці, адрубіць галіны, распілаваць.
Падпор вады забяспечвае плаціна, закладзеная тарфянымі кубамі – якія капаюцца паблізу і падносяцца. Вага добрага куба каля 10 кілаграмм.
Рабіць плаціну трэба трывала, у працэссе ўдзельнічаюць усе.
Справа скончана – можна рушыць далей.
Фота Вольгі Лукшыц
Падзяліся артыкулам у сацсетках: