Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У чаканні сіваграка
Навіна арганізацыі ад 14 мая 2010 года
Мясцовасць Вяла на Іслачы, у старажытнай Налібоцкай пушчы, некалі ўласнасць графаў Тышкевічаў – заслужанае месца ў гісторыі нашай культуры, няхай сёння закінутае і занядбанае. Тут у 1890-х гг. граф Бенедыкт Тышкевіч, піянер фатаграфіі ў нашай краіне, меў сваю фоталабараторыю, здымкі з якой, выпадкова знойдзеныя ў Парыжы, зусім нядаўна паспяхова экспанаваліся ў Нацыянальным гістарычным музеі.Мясцовасць Вяла на Іслачы, у старажытнай Налібоцкай пушчы, некалі ўласнасць графаў Тышкевічаў – заслужанае месца ў гісторыі нашай культуры, няхай сёння закінутае і занядбанае. Тут у 1890-х гг. граф Бенедыкт Тышкевіч, піянер фатаграфіі ў нашай краіне, меў сваю фоталабараторыю, здымкі з якой, выпадкова знойдзеныя ў Парыжы, зусім нядаўна паспяхова экспанаваліся ў Нацыянальным гістарычным музеі.
Іншай славутасцю Вялаўскага маёнтка быў вялікі прыватны запаведнік, дзе трымалі даніэляў (ланяў) і ўласным коштам графа-дзівака аднаўлялі папуляцыю баброў, задоўга да арганізацыі Бярэзінскага запаведніка. Значэнне Вялаўскага запаведніка было настолькі вялікім, што яго напачатку прызнала і савецкая ўлада, пакінуўшы тэрыторыі запаведны статус і спрабуючы захаваць графскую інфраструктуру і “ноў-хаў”. Аднак калектывізацыя, змаганне з “чужародным” сацыяльным элементам, культурная рэвалюцыя кепска стасаваліся з утрыманнем рэлікта графскай культуры, і ў 1951 г. запаведнік быў ліквідаваны. Прыйшлі ў заняпад і графскія муры, нават славутыя тышкевічаўскія калдуны і тыя былі прынцыпова адрынутыя нашым немудрагелістым “общепитом”.
Сёння ў гэтых маляўнічых мясцінах пануе бязлюддзе і цішыня, якую парушаюць толькі галасы птушак. Актывісты ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” супольна з каардынатарам сеткі захавальнікаў ТВП “Налібоцкая пушча”, і стваральнікам экамузея на базе аграсядзібы “Марцінова Гусь”, правялі акцыю па ахове ўсё больш рэдкага ў нашыя дні сіваграка. У векавой графскай дубраве развесілі шэсць штучных скрыні для гэтай прыгожай сіняй птушкі, зробленыя рукамі школьнікаў Валожынскага раёна.
Няхай сівагракі, якія ў апошнія гады апынуліся пад пагрозай знікнення, хутчэй вяртаюцца ў запаведныя мясціны! І можа быць, прыносяць удачу, і вяртаюць былую славу гэтаму кутку Радзімы. Будзем чакаць!
Алесь Белы
Падзяліся артыкулам у сацсетках: