Белавежская пушча застанецца без дыплома Рады Еўропы?

ад 25 лістапада 2007 года

У панядзелак ў Страсбургу прадстаўнічая беларуская дэлегацыя будзе змагацца за вяртанне Белавежскай пушчы прэстыжнага дыплома Рады Еўропы. Аднак шанцы вярнуць дыплом нулявыя, бо, як высветліла Еўрарадыё, ні адзін з пунктаў умовы намі не выкананы. 30 верасня тэрмін дзеяння дыплома мінуў, і Рада Еўропы не працягнула яго на наступныя пяць год. Тады ў прэс-службе Міністэрства аховы прыроды журналістаў запэўнілі: дыплом у Белавежскай пушчы ніхто не забіраў — гэтае пытанне не было разгледжана на паседжанні Савета Еўропы па тэхнічных прычынах. Разгляд справы быў перанесены на 26-29 лістапада.

За тыдзень да гэтай даты намеснік дырэктара Белавежскай пушчы па навуцы Дзмітрый Бярнацкі гаворыць Еўрарадыё, што загваздка ў адсутнасці доўгатэрміновага плана кіравання Нацыянальным паркам. Без такога дакумента Рада Еўропы не дае Пушчы дыплома. Цікава, што на гэта еўрапейцы ўказалі нам яшчэ пяць год таму. Дзмітрый Бярнацкі апраўдваецца: зрабіць план не маглі, таму што выконвалі іншую ўмову.

Дзмітрый Бярнацкі: Адну з рэкамендацый мы выконвалі: гэта значнае павелічэнне тэрыторыі. Займаліся гэтым на працягу трох гадоў. У 2004 годзе скончыўся гэты працэс. Ну, а распрацоўваць план для старой тэрыторыі не мае сэнсу.

Інстытут заалогіі Нацыянальнай А кадэміі навук пачаў распрацоўваць план толькі некалькі месяцаў таму. На пытанне Еўрарадыё, што яны рабілі тры гады, намеснік дырэктара па навуцы адказаць не можа.

Тым больш, доўгатэрміновы план кіравання паркам — не адзіная нявыкананая намі ўмова Рады Еўропы. Як даведалася Еўрарадыё, у жніўні 2006 года Белавежскую пушчу наведаў незалежны эксперт Бельгійскага даследчага інстытута прыроды і лесу спадар Экхарт Кюйкен. Менавіта гэты навуковец выказаў адміністрацыі Белавежскай пушчы тыя заўвагі, якія зараз будзе разглядаць Рада Еўропы. Эксперта засмуціла адсутнасць “экалагічнага калідора” паміж польскай і беларускай часткамі пушчы. Ён патрэбен, каб жывёлы маглі вольна перамяшчацца.

Дзмітрый Бярнацкі кажа, што зрабіць такі калідор цяжка, бо трэба дамаўляцца з памежнікамі. Гэта магчыма толькі ў наступным годзе.

Дзмітрый Бярнацкі: Справа ў тым, што гэта такое пытанне… Гэта дзяржаўная мяжа, прычым мяжа паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Трэба яшчэ ўлічваць і меркаванне памежнікаў. Мы адны адказваць не можам.

У наступны чацвер, 29 лістапада, стане дакладна вядома, верне Рада Еўропы дыплом Белавежскай пушчы ці не. У прэс-цэнтры Міністэрства аховы прыроды разлічваюць на тое, што наша прадстаўнічая дэлегацыя пераканае еўрачыноўнікаў, што выканаць усе ўмовы было аб’ектыўна немагчыма. Прэс-сакратар міністэрства Алена Пенязь упэўнена, што дыплом ужо ў нашай кішэні.

Алена Пенязь: Я лічу, што мы зможам атрымаць гэты дыплом, таму што цяпер Рэспубліку Беларусь прадстаўляе дастаткова значная дэлегацыя. Едзе і наш намеснік міністра Галіна Ваўчуга, і начальнік упраўлення ахоўных прыродных комплексаў і прыродакарыстання Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Ігар Качаноўскі, і сам Бамбіза — дырэктар запаведніка.

Еўрарадыё: Чым мы будзем пераконваць Раду Еўропы: тым, што накіроўваем такую сур’ёзную дэлегацыю, і нам прабачаць адсутнасць плана?

Алена Пенязь: (паўза) Не… ну… Ніхто нам не будзе гэта прабачаць. Але я лічу, што прымуць да ўвагі, што мы самі будзем там удзельнічаць. А па-другое, падамо важкія аргументы, каб нас не пазбаўлялі дыплома.

Якія выгады дае дыплом Беларусі? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да начальніка запаведнай справы Мінпрыроды Віталя Каранчука:

— Гэта статус Беларусі. Гэта паказвае тое, наколькі сёння ў краіне пастаўлена работа па ахове прыродных экасістэм, і наколькі яны захаваныя, і наколькі выконваецца ўвесь комплекс мерапрыемстваў па захаванні біялагічна-ландшафтнай разнастайнасці.

Кацярына Ярмалаева

Крыніца: http://belradio.fm

Іншы матэрыял на гэту тэму тут:

http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=356



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: