Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Белы бусел у Польшчы знікае. Некаторыя вынікі “Маніторынгу звычайных відаў птушак”
Навіна арганізацыі ад 3 снежня 2007 года
Учора ў Варшаве прадстаўнікі Агульнапольскага таварыства аховы птушак (ОТОР – BirdLife у Польшчы) прадставілі вынікі "Маніторынгу гняздуючых птушак за 2005-06гг". Справаздача была падрыхтавана ОТОР разам з Музеем і Інстытутам заалогіі Польскай Акадэміі навук у Варшаве, а правядзенне маніторынгу фінансавалі RSPB (BirdLife у Вялікабрытаніі), Еўразвяз і ААН.”Птушкі ёсць выдатным паказнікам таго, як развіццё гаспадаркі – напрыклад, сельскай, дзейнічае на прыроду, а праз яе – на якасць нашага жыцця” – заўважыў д-р Пшэмыслаў Хылярэцкі ( dr Przemys ł aw Chylarecki ) з Музея і Інстытуту заалогіі ПАН.
У справаздачы аналізуюцца дадзеныя, якія апошнія сем гадоў атрымліваюць сябры ОТОР у выпадкова абраных амаль 400 месцах-квадратах 1Х1 км па ўсёй Польшчы, і якія датычаць звычайных відаў птушак.
У гэтых квадратах іх было адзначана агулам 180 відаў. У адным квадраце адзначалася ў сярэднім 34-35 відаў. Найменш – 7, найбольш – 71. Найбольш звычайнай птушкай аказалася берасцянка – яна адзначана ў 91% абраных для маніторынгу квадратах. За ёй ідуць шпак і звычайная стрынатка (адзначаны ў 87% квадратаў), звычайны жаўрук (86%) і вялікая сініца (85%). У большай палове квадратаў адзначаны вясковая ластаўка, жоўтая пліска, зязюля, авяльга, малы грычун, шэрая леска і лугавы ерчык. Гэта значыць, што Польшча ўсё яшчэ адрозніваецца ад многіх краін Еўразвязу ў добры бок. Бо, напрыклад, малы грычун ужо знік у Вялікабрытаніі, а ў Нідэрландах гняздуюцца толькі некалькі пар гэтага віду.
Другая добрая навіна – гэта тое, што затрымалася рэзкае змяншэнне колькасці звычайных відаў, якое было адзначана ў 2003-04гг.. У некаторых месцах можна нават казаць пра невялікае павелічэнне колькасці ў асобных з іх. Так, напрыклад, такія птушкі сельгасземляў, як жаўрук, звычайная стрынатка, шпак і бажан адчуваюць сябе добра. Навукоўцы дапускаюць, што жаўрукам і стрынаткам дапамагае высяканне дрэваў сярод палёў, бо гэтыя віды аддаюць перавагу адкрытым тэрыторыям. “Аднак у доўгатэрміновай перспектыве інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі зашкодзіць і гэтым відам” – каментуе атрыманыя лічбы д-р Хылярэцкі.
Сярод 100 найбольш звычайных відаў польскіх птушак большасць тых, у якіх колькасць павялічваецца прыкладна на 1% штогод. За апошнія 2 гады больш стала ўдода, які “вярнуў” сваю папярэднюю колькасць пасля крызісу з 2003-04гг. Амаль на 10% штогод павялічваецца польская папуляцыя звычайнай рудахвосткі, што адрознівае краіну ў добры бок ад Заходняй Еўропы, дзе яе папуляцыя апошнім часам змяншаецца.
Ці значыць гэта, што птушкам у Польшчы жывецца добра? На жаль – не.
Папуляцыя аднаго з польскіх сымбаляў – белага бусла — на працягу 2004-06гг. зменшылася на 20%! Толькі за гэтыя тры гады з тэрыторыі краіны зніклі прыкладна 10 тысяч пар буслоў – гэта сапраўдная катастрофа!
З 2000г. амаль на палавіну зменшылася колькасць еўрапейскага ўюрка, палявога вераб’я і жаўрука-смецюха . 18 відаў птушак, звязаных галоўным чынам з сельскай мясцовасцю , можна лічыць знаходзічыміся пад пагрозай. Напрыклад, чорнагаловага шчыгла – яго папуляцыя змяншаецца ў сярэднім на 10% штогод. Або перапёлку, якая была адзначана толькі ў 14% квадратаў.
Кепскія тэндэнцыі адзначаны таксама і для “несельскагаспадарчых” птушак. Тут здзіўляе сытуацыя шэрай чаплі – яе колькасць таксама змяншаецца прыкладна на 1/10 кожны год. Звычайная ў гарадах шэрая варона ў сельскай мясцовасці ўжо можа лічыцца рэдкім відам.
Аднак кепскія змены адзначаны і для лясных птушак. Так, сівая і бурагаловыя сініцы, якія жывуць адпаведна ў прырэчных шырокалісцвенных і хвойных лясах, змяншаюць сваю колькасць у Заходняй Еўропе, і таксама ў Польшчы.
”Няма аднастайных тлумачэнняў зменаў колькасці для усіх відаў птушак. Аднак зразумела, што ў большасці выпадкаў гэтыя змены адлюстроўваюць змены ў навакольным асяроддзі, якія адлюстроўваюць змены ў вядзенні сельскай ці лясной гаспадаркі. Трошкі лепш за іншых адчуваюць сябе віды, якія не адлятаюць ад нас на зіму, альбо адкачоўваюць параўнальна недалёка ад месцаў гнездавання і зімуюць у Еўропе.
У дадатак да птушак, сябры ОТОР таксама адзначалі і некаторыя віды звяроў. Нечаканы вынік тут – сытуацыя з хатнімі … катамі. Гэтага драпежніка адзначылі ў 22% квадратаў. Часта – даволі далёка ад людзкіх пабудоў. Ці кот заняў месца лісы — найбольш звычайнага драпежніка ў мінулых дзесяцігоддзях, якая зараз была адзначана ў 2 разы радзей – ў 11% квадратаў? І хаця пакуль немагчыма зрабіць адназначных высноваў з атрыманых дадзеных па драпежным звярам і іх уздзеянню на папуляцыі птушак, аднак ужо зараз бачна, што першыя сустракаюцца часцей, чым пярнатыя драпежнікі – луні, сокалы пустальгі і шулякі.
30-11-2007
Крыніца: www. gazetawyborcza. pl
Пераклаў Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ). На яго здымку – белы бусел.
PS У Беларусі маніторынг звычайных відаў птушак сябры АПБ распачалі ў гэтым годзе.
Іншыя матэрыялы на гэту тэму гл. тут:
http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=163
Падзяліся артыкулам у сацсетках: