Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
“Любіць прыроду праз яе пазнанне.” Да 125-годдзя з дня народзінаў акадэміка Тадэвуша Іваноўскага. Пачатак.
Навіна арганізацыі ад 7 снежня 2007 года
16 снежня 2007г. споўнілася б 125 год нашаму земляку з сучаснай Шчучыншчыны (Гродзенская вобл.). Гэты артыкул уяўляе сабой спробу распавесці пра найбольш важныя старонкі жыцця і дзейнасці выбітнага орнітолага і заолага, выдатнага арганізатара і грамадзкага дзеяча суседняй Літвы Тадэвуша Іваноўскага (Тадаса Іванаўскаса) (1882-1970), а таксама агляд гісторыі яго роду. Радавод.Род Іваноўскіх
Самыя раннія дакументальныя звесткі з гісторыі гэтай сям`і сягаюць сярэдзіны XVII ст. і звязаны з Крыштофам Іваноўскім, патомным ўладальнікам маёнткаў Пурпішкі і Гайжуны ў Вількамірскім павеце. Аднак тое, што Крыштоф пражываў на тэрыторыі карэннай Літвы, яшчэ не азначала, што яго сям`я была літоўскага паходжання. Этымалогія прозвішча паказвае, што пачынальнікам роду павінен быць нейкі Іван, а гэта сведчыць, хутчэй, пра яго беларускія карані. Ўжо ў XVI ст. можна было сустрэць Іваноўскіх ад Ковеншчыны да Менска і Воршы, гэта значыць, на розных абшарах Вялікага Княства, дзе за дзяржаўныя заслугі іх продкі атрымлівалі пасады і надзелы. Іх фамільнай эмблемай стаў герб «Рагач» ( Rogalia ), і, паводле апісання Войцеха Каяловіча-Віюка, езуіцкага аўтара XVII ст., уяўляў сабой «… алені рог у першым, белым баку поля і рог зубрыны леваруч, у полі чырвоным, а ў шаломе з правага боку — рог зубрыны, з левага — алені» (гл. малюнак). (Туронак, 1999)
[SCREEN:0] Тым жа гербам карыстаўся і Міхал Іваноўскі, менскі гарадскі стараста, што ў тагачасных умовах сведчыла пра еднасць беларускай і літоўскай галін роду. Напэўна, гэтае радство спрычынілася да таго, што менавіта ў Літве шукаў Міхал ратунку ад наездаў Масквы і ў 1669 г. адбудаваў разбураны маскалямі касцёл Вітаўта Вялікага ў Коўне. Істотную дэталь, якая пралівае святло на генеалогію гэтай сям`і, удалося высветліць Марыі Тапольскай: у Міхала Іваноўскага захоўвалася Евангелле, выдадзенае ў 1644 г. віленскім праваслаўным брацтвам Святога Духа. А гэта сведчыць пра патрэбу ды ўменне чытаць кірыліцай, што выключна рэдка сустракалася сярод карэнных літоўцаў. (Туронак, 1999)
Шмат звестак пра удзел Іваноўскіх у грамадскім жыцці Вялікага Княства Літоўскага можна знайсці ў крыніцах XVIII ст. Асаблівай увагі заслугоўвае Менскае староства, якое доўгія дзесяцігоддзі заставалася ў руках гэтай сям`і. Апрача ўзгаданага Міхала, гэтую пасаду з 1745 г. займаў Язэп Іваноўскі, які раней быў менскім гараднічым і даводзіўся родным братам гарадскому суддзі, што памёр прыкладна ў 1741 г. Пасля смерці Язэпа гарадскім старастам у Менску стаў яго сын Ігнат, які займаў гэтую пасаду амаль 20 гадоў, да канца існавання Рэчы Паспалітай. Захаваліся сведчанні і пра Міхала Іваноўскага, ковенскага чашніка, якога Аўгуст III прызначыў падкаморым (камергерам) каралеўскага двара; а таксама — пра Антона, які падпісаў акт абрання Станіслава Аўгуста ад Вількамірскага павета. Таму на парозе XX ст. маладыя Іваноўскія маглі прасачыць як беларускія, гэтак і літоўскія карані свайго роду, хаця іх продкі служылі адной бацькаўшчыне, дзе праблема паходжання ў такім аспекце звычайна не паўставала. (Туронак, 1999)
Тое самае датычылася і сямейнай рэзідэнцыі. Ужо названы Крыштоф, апрача Пурпішак і Гайжунаў у карэннай Літве, меў яшчэ фальварак Забалоцце ў тагачасным Наваградзкім ваяводзтве. Гэты фальварак амаль да канца XVIII ст. быў сядзібай Іваноўскіх . У 1720 г. яго пераняў у спадчыну сын Крыштофа, Міхал, які ў 1750 г. перадаў яго сыну Дамініку, той, у сваю чаргу, у 1776 г. пакінуў Забалоцце сваім сынам Язэпу і Людвіку, а яны прадалі яго ў 1790 г. князю Радзіві л лу. Неўзабаве сын Язэпа, Тамаш, за прыналежную яму частку спадчыны купіў фальварак Руда Яворская ў Слонімскім павеце. Маёнтак, відаць, быў н я дужа вялікі, бо два яго сыны — Вінцэнт і Станіслаў — пазней не падзялілі яго між сабой. Паводле адвечнага звычаю, ён перайшоў у спадчыну да старэйшага сына, Вінцэнта, Станіслаў жа мусіў шукаць свайго лёсу ў іншым месцы. (Туронак, 1999)
Станіслаў быў дзедам Тадэвуша. Нарадзіўся ён у 1819 г. у Рудзе Яворскай, ажаніўся з Антанінай, адзінай дачкой Юрыя Андрэевіча Рыла-Быкоўскага, уладальніка фальварка Лябёдка ў воласці Старыя Васілішкі Лідскага павета Віленскай губерні. У адрозненне ад Іваноўскіх, якія не сядзелі доўга на адным гняздзе, Быкоўскія гаспадарылі ў Лябёдцы некалькі стагоддзяў. Паводле «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых краін славянскіх», гэты фальварак пад назвай Дварэц быў падараваны прывілеем Жыгімонта І ад 07.11.1510 г. двараніну яго, Івашку Рыла-Быкоўскаму, і з таго часу перадаваўся ад бацькі да сына і не выходзіў з валодання сям`і. У сярэдзіне XIX ст. ён займаў 666 маргоў (каля 370 га), пасля выхаду сялян з-пад прыгону ў 1861 г. у ім засталося 325 маргоў (каля 180 га). Гэты адносна невялікі маёнтак і атрымала ў спадчыну Антаніна і да самай сваёй смерці заставалася яго ўладальніцай. (Туронак, 1999)
Такім чынам, Станіслаў вымушаны быў пагадзіцца на другарадную ролю ў Лябёдцы. Яго грамад з кая пазіцыя анічым не нагадвала становішча продкаў некалькі дзесяцігоддзяў таму. Станіслаў пражыў доўгае жыццё (памёр у 1900 г.), галоўным яго клопатам была і заставалася гаспадарка, гарачае імкненне памножыць маёнтак. (Туронак, 1999)
Пасля заўчаснай смерці Антаніны (яна памерла ў 1852 г., маючы 35 гадоў) маёмасныя меркаванні схілілі яго да шлюбу з Каралінай Клімантовіч, а пасля яе смерці ў 1856 г. ужо 58-гадовы Станіслаў ажаніўся трэці раз з дужа маладзейшай за сябе Станіславай Губарэвіч з суседняга фальварка Галавічполь. У выніку Лябёдка павялічылася за кошт часткі гэтага фальварка. (Туронак, 1999)
Бацька Леанард і сям’я
Адзіным сынам Станіслава і Антаніны быў народжаны 02.11.1845 г. Леанард, які пасля смерці маці стаў паўнапраўным гаспадаром Лябёдкі. Цяжка меркаваць, у якой ступені бацька звязваў будучыню сына з гэтым маёнткам, прынамсі, выхаванне, якое ён вырашыў даць хлопцу, не надта адпавядала такім намерам. Ён накіраваў Леанарда спачатку ў віленскую гімназію, пасля — у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, які той скончыў у 1868 г., атрымаўшы ступень інжынера-тэхнолага. Затым, аж да 1891 г., Леанард працаваў на прамысловых будоўлях Сібіры, Урала ды іншых аддаленых рэгіёнаў Расеі, каля 15 гадоў правёў у мясцовасці Краснае Навахапёрскага павета Варонежскай губерні. (Туронак, 1999)
У 1874 г. Леанард Іваноўскі і яго сябар Вацлаў Карафа-Корбут пабраліся з сёстрамі Ядвігай і Галенай Райхель з ваколіц Пятркова. Але дзяўчаты не былі “стопрацэнтнымі” палячкамі: іх бацька, Амон барон фон Райхель, паходзіў з Эльзаса, у мінулым — кадравы вайсковец, які пасля выхаду ў адстаўку купіў сабе маёнтак Замосце каля Пятркова, затое маці паходзіла з дому Хжаноўскіх з Трамбоўлі. Сёстры былі выхаванкамі курсаў прафесара Баранэцкага ў Кракаве і мелі добрую, як на тыя часы, адукацыю. (Туронак, 1999)
[SCREEN:2] Але і пасля жаніцьбы Леанард не асеў у Лябёдцы стала. Разам з жонкай ён вярнуўся ў Краснае, пасля 1891 г. некалькі гадоў правёў у Варшаве, нарэшце, самае позняе ў 1899 г. уладкаваўся ў Пецярбургу. Тут ён дасягнуў вяршыні сваёй прафесійнай кар`еры: стаў правадзейным дзяржаўным саветнікам, членам Тэхналагічнага камітэта Галоўнага акцызнага ўпраўлення і кіраўніком яго капітальнага аддзела, а таксама членам Дзяржаўнай Рады па справах харчовых прадуктаў. Леанард часта выязджаў за мяжу, добра ведаў некалькі моваў. Супрацоўнічаў з Дз. Мендзялеевым, разам з ім ездзіў у Лондан, дзе ў Каралеўскім Хімічным Таварыстве перакладаў на ангельскую мову даклад Мендзялеева аб перыядычнай сістэме элементаў. Прафесійная кар`ера мела для яго надзвычайную прыцягальнасць, і толькі Першая сусветная вайна прымусіла амаль 70-гадовага Леанарда адмовіцца ад дзяржаўнай службы і вярнуцца ў Лябёдку, на гэты раз — назаўсёды. (Туронак, 1999)
Лябёдка была сапраўдным захапленнем Леанарда. Тут ён праводзіў кожную вольную хвіліну, аддаваў шмат грошай і ўвагі на развіццё і ўдасканаленне сваёй гаспадаркі. Паступова ён павялічыў яе да 500 га, задрэнаваў рольныя грунты, засадзіў лесам аблогі, абсталяваў усімі неабходнымі сельскагаспадарчымі машынамі, пабудаваў паравы млын. Асаблівую ўвагу надаваў ён садоўніцтву, у 1868 г. заклаў матачны сад, затым — рассаднік, нарэшце ў 80-х гг. — вялікі 20-гектарны гандлёвы сад. Усе гэтыя распачынанні дапаўнялі адно аднаго: гатункі, што прайшлі выпрабаванне ў эксперыментальным садзе, памнажаліся і пераходзілі ў гандлёвы. Такім чынам, да Першай сусветнай вайны ў садовай гаспадарцы Леанарда было выпрабавана каля 400 гатункаў яблынь, 100 — груш і 80 — сліваў, вішняў і чарэшняў. Садавіну з Лябёдкі вывозілі на пецярбургскія і маскоўскія рынкі, двойчы атрымліваў Л. Іваноўскі залаты медаль на ўсерасейскіх выставах.
У гонар яго заслуг Варшаўскае садаўнічае таварыства абрала Л. Іваноўскага сваім старшынёю. У першыя гады XX ст. у Лябёдцы была завершаная будоўля новай сямейнай рэзідэнцыі (гл. здымкі ў галарэі: http://www.ptushki.org/index.php?area=1&p=gallery&action=showimages&galid=51
) . (Туронак, 1999)
Апрача сямейных інтарэсаў, дзейнасць Леанарда была накіраваная на тое, каб ператварыць Лябёдку ва ўзорны асяродак агратэхнічнага прагрэсу, важны для ўсяго абшару Віленскай і Гарадзенскай губерняў. Дзеля развіцця садоўніцтва ў 1888 г. Л. Іваноўскі распачаў продаж прышчэпкаў, адпаведна прыстасаваных да мясцовых кліматычна-глебавых варункаў. Ён арганізоўваў выставы збожжавых, гародніны, садавіны і свойскай жывёлы, каб заахвоціць земляробаў да паляпшэння эфектыўнасці сваёй гаспадаркі. Дзеля гэтага Леанард здабываў сродкі ў міністэрстве С ельскае гаспадаркі на ўзнагароды ўдзельнікам выставы, галоўным чынам — малазямельным сялянам. Ён арганізоўваў агранамічныя кансультацыі, дбаў пра забеспячэнне земляробаў найлепшымі гатункамі насення, саджанцаў і племянной жывёлы. Маладых сялян прымалі ў маёнтку на практыку ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла- і раслінаводства. У 1913 г. меркава ў адкрыць курсы малочнай вытворчасці. Такім чынам, сярод мясцовых земляробаў Леанард заваяваў вялікі аўтарытэт і павагу. (Туронак, 1999)
3 гледзішча нацыянальнай свядомасці, Леанард быў, відаць, адным з апошніх прадстаўнікоў таго пакалення беларускай шляхты, якое не размяняла яшчэ традыцыйнага паняцця вялікалітоўскай бацькаўшчыны на тры сучасныя нацыянальныя адрэзкі. Дый, зрэшты, жыў ён у той перыяд, калі і не паўставала неабходнасць акрэсліць новае, сучаснае аблічча нацыі. Закранаючы гэтае пытанне, яго сын Тадэвуш напісаў у сваіх успамінах, што бацька лічыў сябе за ліцвіна ў сэнсе гістарычным. Тое самае вынікала і з яго стаўлення да нацыянальных праблем на пераломе XIX і XX ст. Гэтак, няма згадак пра які-небудзь удзел Леанарда ў працы польскіх арганізацыяў, таксама ён не цікавіўся літоўскім ці беларускім нацыянальным рухам. Гэтаксама, як бацька ды многія іншыя прадстаўнікі мясцовай шляхты, ён вызначаўся палітычным апартунізмам. Польская мова ў хаце не перашкаджала гэткаму ідэйнаму кірунку. (Туронак, 1999)
[SCREEN:1] У 1876-1887 гг. у сям`і Леанарда і Ядвігі нарадзілася пяцёра дзяцей: Юры, Вацлаў, Тадэвуш, Галена і Станіслаў. Паводле метрычных запісаў рымска-каталіцкай парафіі ў Старых Васілішках, Юры нарадзіўся ў Красным, а рэшта дзяцей — у Лябёдцы. Можна было б меркаваць, быццам кожны раз перад родамі маці пераадольвала сотні кіламетраў ад Краснага да свайго маёнтка. Здаецца, гэта малаверагодна, тым болей, што паміж датамі народзін і хрышчэння малых Іваноўскіх існуе вялікая разбежка: абрад адбываўся пераважна падчас летняга адпачынку, калі сям`я пр ы язджала ў Лябёдку. 3 гэтага вынікае, што калі не ўсе, дык бол ьш асць дзяцей пабачыла свет у Красным Варонежскай губерні, дзе пражывалі бацькі. Гэтае несупадзенне фактаў тлумачыцца традыцыяй, паводле якой месцам нараджэння дзяцей лічылася сямейнае гняздо, а не часовае прыстанішча бацькоў. (Туронак, 1999)
Як бацька, Леанард вельмі адказна ставіўся да выхавання дзяцей. Ён вызначыў галоўны кірунак у духу ідэяў Вялікага Княства, а непасрэдна займалася гэтай справай цётка Галена Корбут, сястра Ядвігі. Пасля ранняй смерці мужа , Галена на стала пасялілася ў доме Іваноўскіх. Цётка абудзіла ў пляменнікаў цікавасць да гісторыі Вялікага княства Літоўскага і паўплывала на фармаванне іх гістарычнай свядомасці. Знаёмства з гэтымі ідэямі актыўна вялося праз чытанне мастацкай літаратуры . (Туронак, 1999)
У 1891 г. сям`я Іваноўскіх пераехала з Краснага ў Варшаву, тут яны здымалі кватэру па адрасе: вуліца Маршалкоуская, 60, кв. 3. Што прымусіла іх прыняць такое рашэнне? Праўда, Леанард атрымаў такую-сякую пасаду, але з Варшавай ён не быў цесна звязаны, часта ад`язджаў у розныя гарады Расеі, нарэшце, праз некалькі гадоў асеў у Пецярбургу, а жонка з дзецьмі заставалася ў Варшаве. Можна меркаваць, што з Краснага ў Варшаву сям`я перабралася для таго, каб даць дзецям адпаведную адукацыю. Справа, натуральна, была не ў выбары гімназіі (як і па ўсёй Расейскай імперыі, выкладанне тут вялося па-расейску), але ў тым, каб акунуць дзяцей у польскае асяроддзе, дзе было больш магчымасцяў прывіць ім імунітэт супраць русіфікацыі, якую лічылі за найвялікшую пагрозу сямейным традыцыям. (Туронак, 1999)
Патрыятычная атмасфера, якая панавала ў V -й гімназіі, уздзейнічала на станаўленне асоб ы яе выхаванцаў. Шмат хто з іх адыграў важную ролю ў барацьбе за незалежнасць Польшчы і ў розных галінах жыцця адроджанай бацькаўшчыны. У такой атмасферы гадаваліся і браты Іваноўскія . Адсюль яны вынеслі пачуццё грамадзянскага абавязку, тут адбылося іх нацыянальнае самавызначэнне. (Туронак, 1999)
Ва ўмовах бурлівага развіцця нацыянальных рухаў у Еўропе на пачатку XX ст. такое нацыянальнае самаакрэсленне было непазбежным. Традыцыйная пазіцыя продкаў аказалася для маладых Іваноўскіх нелагічнаю і непрыдатнаю. Яны мусілі вырашыць, да якой нацыянальнай супольнасці хочуць належаць: польскай, беларускай або літоўскай. Пазіцыя бацькоў не магла стаць для іх адзіным арыенцірам; гэтую праблему яны вырашалі цалкам самастойна, згодна са сваімі ўласнымі развагамі і перакананнямі, на якія ўплывалі ўрокі цёткі Галены, сямейная сітуацыя і досвед, атрыманы ў беларускім (Лябёдка), расейскім (Краснае) і польскім (Варшава) асяроддзі. (Туронак, 1999)
Польская свядомасць Юрыя была лагічным працягам культурнай паланізацыі сям`і. Гэта быў фактар вялікага ўздзеяння, таму зварот Юрыя да гэтай нацыянальнасці быў з`явішчам вельмі натуральным і , напэўна, не вымагаў інтэлектуальн ых высілкаў . Наадварот, ён спецыяльна стымуляваўся сярод беларускай і літоўскай шляхты, гэтак жа, як і сярод польскай інтэлігенцыі. Такім чынам, Юры трапіў у агульны струмень, прыкрываючы вочы на мінулае, пра якое ведаў не горш за Тадэвуша і Вацлава . Наймалодшы брат, Станіслаў, таксама далучыўся да стану палякаў, але зрабіў гэта моўчкі, без спасылак на польскае паходжанне продкаў. (Туронак, 1999)
Для беларускага самавызначэння Вацлава і літоўскага — Тадэвуша існавала шмат агульных перадумоваў. Тадэвуш сцвярджаў, што на яго выбар дужа паўплывала прывітае цёткай Галенай Корбут захапленне гісторыяй ВКЛ, а яшчэ больш — Варшава, дзе з яго хатняй пальшчызны смяяліся гімназічныя сябры. Але трэба заўважыць, што ў гэткім духу выхоўваліся ўсе маладыя Іваноўскія, усе яны размаўлялі гэткай самай гаворкай і цярпелі за яе насмешкі, але для Юрыя і Станіслава гэта не стала перашкодай на шляху да польскасці. Значыцца, сапраўдныя прычыны былі іншыя. Вацлаў і Тадэвуш не адмаўлялі польскай культурнай традыцыі ў сваёй сям`і, але не прымалі польскай нацыянальнай свядомасці, бо яна не адпавядала іх паходжанню. Але дарога ад такога вырачэння да ўспрыняцця новых каштоўнасцяў была яшчэ вельмі далёкая. Яны разумелі, што іх продкі былі не польскага паходжання, што яны былі ліцвінамі ў гістарычным сэнсе, але якія з гэтага рабіць высновы? Кім павінны стаць яны? Паўстае яшчэ адно пытанне: чаму іх выбар быў неаднолькавы, чаму адзін назваўся беларусам, а другі — літоўцам? (Туронак, 1999) Больш падрабязна пра гэта гл. тут: http:// pawet. net/ book/ hist/ iwanowski/01. html
Браты і сястра
Юры (Ежы) Іваноўскі нарадзіўся 29.01.1876г. Скончыў гімназію ў Варшаве і Тэхналагічны інстытут у Пецярбургу ў 1901г. Пад час навучання – дзеяч Польскага Кола Народнай Асветы і ППС. У 1903г. быў арыштаваны і зняволены ў Варшаўскай цытадэлі. У студзені 1904г. сасланы на 4 гады ў Ноўгарадскую губернію. У 1909г. выехаў у Кітай, адкуль вярнуўся на Радзіму толькі праз 9 год. У 1918-19гг. — міністр прамысловасці і гандлю, а потым міністр працы і сацыяльнага забеспячэння ва урадзе Польшчы. Ў 1930-35гг. – сенатар Рэчы Паспалітае. Пад час ІІ сусветнай вайны служыў падпаўкоўнікам Войска Польскага на Захадзе. Пасля вайны дзеяў на эміграцыі ў Вялікай Брытаніі, між іншым як старшыня Лігі Незалежнасці Польшчы ў 1950-55гг. Памёр 28.03.1965г. ў Вялікабрытаніі. (Туронак, 1999)
Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся 07.06.1880г. Скончыў гімназію ў Варшаве і Тэхналагічны інстытут у Пецярбургу, у 29 гадоў абараніў доктарскую дысертацыю.
Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады — першай беларускай палітычнай партыі. Стваральнік і кіраўнік першага беларускага выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Супрацоўнік “Нашае Нівы” (псеўданім Вацюк Тройца). Дарэчы, гэта ён быў ініцыятарам увядзення ў беларускую лацінку літараў Č, Š, Ž, якія адрознівалі б яе ад польскай.
Ён браў удзел у Першым Усебеларускім з`ездзе, займаў пасаду міністра асветы ва Ўрадзе БНР і ўдзельнічаў у перамовах з палякамі, імкнучыся прадухіліць падзел Беларусі паміж Польшчай і савецкай Расеяй. Тым часам ягоны брат Станіслаў, баронячы польскія інтарэсы, меў заданне схіліць Урад БНР да калабарацыі, а Тадэвуш — ужо Тадас Іванаўскас — быў эмісарам літоўскага ўраду ў Шчучыне.
Хімік-тэхнолаг, шмат гадоў працаваў прафесарам у Варшаўскім тэхналагічным універсытэце, а ў 1939-41гг — ў Віленскім універсытэце. Аўтар шматлікіх навуковых прац у галіне тэхналогій харчовай прамысловасці, паліўных сумесяў, выкарыстанні хімічных рэчываў для кансервацыі дрэўна, а таксама піянерскіх прац па ачыстцы стокаў цэлюлознай прамысловасці.
У гады ІІ-й сусветнай вайны Іваноўскі вярнуўся да палітычнай дзейнасці: ўзначальваў Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, ўваходзіў у Раду Беларускай народнай самапомачы, быў намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства. Прызначаны акупацыйнымі нямецкімі уладамі на пасаду бургамістра Менску, ён падтрымліваў сувязі як зь незалежніцкімі беларускімі коламі, так і з польскай Арміяй Краёвай. Смяротна паранены, памёр у Менску 07.12.1943г. (Туронак, 1999, Арлоў, 2007)
Галена Іваноўская (Скіндэр), народжаная ў 1885г., вучылася ў Ньюнам-каледжы Кэмбрыджскага ўніверсітэту. Ў дадатак да акадэмічнага курсу ў аграноміі яна стала, разам з гуртком брытанскіх арыстакратаў, энтузіястычнай аматаркай паўднёва-кэмбрыджшырскіх ловаў. У яе ўсталявалася асабліва цёплыя адносіны з Кэтрын Кокс — сяброўкаю вялікага паэта Першай сусветнай вайны Рупэрта Брука. Кокс была аматаркаю коннай язды і вучылася ў тым жа каледжы, што і Іваноўская. Галена таксама сябравала з калегам-навукоўцам, Гуям Онславам, малодшым сынам былога генэрал-губэрнатара Новай Зэляндыі. У Кэмбрыджы, дзе Брук вучыўся ў Кінг з -каледжы, а Онслаў — у Трыніты, абодва зацікавіліся культурай і фальклёрам Беларусі, а Кэтрын Кокс у 1912 г . нават правяла некалькі месяцаў з Галенаю ў Лябёдцы, дзе сярод іншага езьдзіла на конях і брала ўдзел у паляваннях. Гуй Онслаў р азам з Галенай Іваноўскай, Эдвардам Дэнтам і Мюрыэл Ўэлдэйл апублікаваў на працягу 1914-1922г г 38 беларускіх песень з ваколіцаў Лябёдкі на Лідчыне ў лёнданскім часапісе “ Falk Lore ”, пад назвай “Некаторыя беларускія фальклёрныя песні” (Some White Ruthenian folksongs). (Пікарда, 2005)
07-12-2007
Падрыхтаваў © Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ)
Здымак з www. varena. lt
Працяг тут: http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=421
Падзяліся артыкулам у сацсетках: