Захавальнікі ТВП у калоніі бакланаў і чапель

ад 1 ліпеня 2010 года

15–17 чэрвеня на ТВП “Сярэдняя Прыпяць” (Лунінецкі раён) адбыўся семінар у рамках праекта “Стварэнне сеткі захавальнікаў ключавых водна-балотных тэрыторый у Беларусі”.


15–17 чэрвеня на ТВП “Сярэдняя Прыпяць” (Лунінецкі раён) адбыўся семінар у рамках праекта “Стварэнне сеткі захавальнікаў ключавых водна-балотных тэрыторый у Беларусі”. На сустрэчы, якая праходзіла на аграсядзібе “Прыпяцкі плёс”, асвятляліся пытанні, звязаныя з дзейнасцю захавальнікаў на тэрыторыі заказніка “Сярэдняя Прыпяць ”.

рэкагнасцыроўка

У першы дзень семінара перад захавальнікамі ТВП “Сярэдняя Прыпяць” з паведамленнем аб праграме ТВП у Беларусі і дзейнасці захавальнікаў у іншых рэгіёнах краіны выступіла каардынатар праекта Вольга Лукшыц. Супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі (былы Інстытут заалогіі НАН Беларусі) Ірына Самусенка прадставіла прэзентацыю аб калоніі чапель і баклана ў у вусці Лані і ходзе кампаніі па падліках белага і чорнага буслоў. Юрыст, спецыяліст па пытаннях экалагічнага права Рыгор Фёдараў пазнаёміў удзельнікаў семінара з юрыдычнымі асаблівасцямі ахоўваемых тэрыторый Беларусі і статусе грамадскага інспектара аховы прыроды.

Заплылі…далей тупік
Працягам семінара стаў двухдзённы сплаў на байдарках па Прыпяці. Падчас сплаву захавальнікі не толькі знаёміліся з тэрыторыяй заказніка, але і вучыліся вызначаць птушак, абменьваліся вопытам назіранняў у прыродзе. Асабліва цікавым было наведванне калоніі чапель і бакланаў у вусці Лані. Калонія нікога не пакінула абыякавым, нягледзячы на тое, што на шляху да яе давялося пераадолець шматлікія цяжкасці, выкліканыя анамальна высокім узроўнем вады ў гэтым годзе.

Цяжкі шлях да калоніі
Праявай адказнага стаўлення захавальнікаў ТВП “Сярэдняя Прпыць” да прыродаахоўнай справы стаў такі выпадак. Шукаючы на беразе Прыпяці добрае месца для начлега ў намётах, давялося папрацаваць вёсламі. Нарэшце было знойдзена выдатнае месца на забагненным і парослым хмызняком беразе, дзе было суха, а пад нагамі – белы пясок. Усе пачалі распакоўваць рэчы, рыхтаваць вогнішча і намёты, але супакою не давала пара кулікоў-перавозчыкаў, якая ўвесь час трывожна крычала. Неўзабаве адшукалі і іх гняздо з адным яйкам. Не хацелася пакідаць добрае месца, пакаваць рэчы і зноў збірацца ў дарогу, але вырашылі ўсё ж такі не турбаваць птушак і даць ім шанец.

У цэнтры калоніі – вакол вада.
Некалькі дзён семінара пакінулі добрыя ўражанні ад сустрэчы аднадумцаў і выклікалі яшчэ большае жаданне зрабіць свой унёсак у захаванне унікальнага куточка беларускага Палесся.

Захавальнікі ТВП “Сярэдняя Прыпяць”

Анатоль Нефідовіч, рэгіянальны каардынатар сеткі захавальнікаў ТВП “Сярэдняя Прыпяць”
Вольга Лукшыц, каардынатар праекта
Фота аўтараў



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: