125ці годдзе Тадэвуша Іваноўскага ўрачыста адзначылі сябры АПБ і мясцовыя жыхары на радзіме акадэміка.

ад 17 снежня 2007 года

Сёння, 16 снежня 2007г., споўнілася 125 год з дня народзінаў нашага вялікага земляка, выбітнага заолага і орнітолага, акадэміка Тадэвуша Іваноўскага. Сябры АПБ вырашылі адзначыць гэты юбілей разам з калегамі з Літоўскага орніталагічнага таварыства LOD (BirdLife у Літве) і жыхарамі в.Галавічполе (Шчучынскі раён на Гарадзеншчыне), недалёка ад якой знаходзіцца родавы маёнтак Іваноўскіх Лябёдка (падрабязней пра Лябёдку і радавод Іваноўскіх тут: http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=420).125ці годдзе Тадэвуша Іваноўскага ўрачыста адзначылі сябры АПБ і мясцовыя жыхары на радзіме акадэміка.

[SCREEN:0] Дзякуючы падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі і адміністрацыі Галавічпольскай сярэдняй школы-саду, атрымалася зладзіць сапраўдную ўрачыстасць. Сёння ў холе школы была адкрыта фотавыстава “Свет птушак”, якая складаецца са здымкаў Мікалая Гулінскага (беларускага фотамастака, сябра Савету Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ з Горадні) і літоўскага фотапаляўнічага Кястуціса Чапенаса (Прэзідэнта LOD з Панявежыса). На адкрыцці выставы перад прысутнымі школьнікамі, настаўнікамі, мясцовымі жыхарамі і сябрамі АПБ з Мінску і Горадні выступіў Мікалай Гулінскі, які заклікаў падрастаючае пакаленне дзейнічаць згодна са славамі Тадэвуша Іваноўскага: “любіць прыроду праз яе пазнанне”. На жаль, Кястуціс Чапенас захварэў і не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, аднак перадаў прысутным свае самыя найлепшыя пажаданні, агучаныя Дзьмітрыем Вінчэўскім.

[SCREEN:1] Пасля гэтага адміністрацыя школы запрасіла ўсіх на дзве навукова-папулярныя прэзентацыі, падрыхтаваныя сябрамі АПБ з Мінску і Горадні. Васіль Грычык (намеснік дэкана біяфака БДУ і сябра РК АПБ) распавёў пра беларускі перыяд жыцця Тадэвуша Іваноўскага і значэнне яго працаў для сённяшніх даследчыкаў птушак у Беларусі. Аказалася, што беларускія орнітолагі добра ведалі пра дзейнасць свайго калегі з Літвы акадэміка Тадаса Іванаўскаса. Але калі пад час працы над кандыдацкай дысэртацыяй Васіль Вітальевіч знайшоў у Заалагічным музеі Пецярбурга зборы птушак з пачатку ХХ ст. невядомага даследчыка з Лідзкага павету Т.Іваноўскага, зусім не проста было зразумець, што гэтыя два прозвішчы насамрэч адносяцца да аднаго чалавека. У красавіку 1918г. Іваноўскі, ці ўжо Іванаўскас, канчаткова пераязжае ў незалежную Літоўскую рэспубліку, але не парывае сувязяў з Беларуссю.

[SCREEN:2] Разам з выдаўцамі беларускага часопісу “Крывіч” (выходзіў у Коўне-Каўнасе ў 1923-27гг.) Вацлавам Ластоўскім і Клаўдзіем Дуж-Душэўскім у 1924г. ён удзельнічае ў падрыхтоўцы артыкулу “Номэнклятура беларускіх птушак” ( „Крывіч”, № 1 (7), Каўнас, 1924, с. 48-59, 118). Фактычна, гэта была першая спроба навуковага абагульнення беларускіх назваў для 199 відаў найбольш распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікоў гэтага класу жывёлаў. Цікава адзначыць, што многія з прапанаваных назваў цалкам, а некаторыя з невялікімі зменамі, былі выкарыстаны ўжо сучаснымі беларускімі орнітолагамі для складання Навуковага спісу назваў птушак нашага кантыненту ў 1999-2000гг. пад час працы над перакладам і публікацыяй палявога вызначальніка “Птушкі Еўропы” (Варшава, “ПВН”, 2000, 532 с.). Дарэчы, тэкстамі з гэтага вызначальніка можна карыстацца на нашым сайце ( http://www.ptushki.org/index.php?area=1&p=static&page=viznachalnik ).

Дзьмітры Вінчэўскі (Старшыня Савету Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і выкладчык біяфаку Гродзенскага дзяржуніверсытэту імя Я.Купалы) распавёў пра літоўскі перыяд жыцця і дзейнасці Тадаса Іванаўскаса. Напрыканцы сустрэчы Дз.Вінчэўскі ад імя грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” перадаў у бібліятэку школы палявы вызначальнік “Птушкі Еўропы”.

Пасля гэтага сябры АПБ былі запрошаны ў школьны краязнаўчы музей, дзе пазнаёміліся з невялікай, але густоўна падабранай і аформленай экспазіцыяй. Больш падрабязна пра сувязі Іваноўскіх з гэтымі мясцінамі і іх жыццёвыя шляхі расказала

Алена Ў ладз і м і ра ў на Дзям і да — настаўніца малодшых класаў і экскурсавод у адной асобе.

[SCREEN:3] З удзячнасцю за цёплую сустрэчу, пасля развітання з прадстаўнікамі школы, сябры АПБ накіраваліся на непрацяглую экскурсію ў маёнтак Іваноўскіх “Лябёдка”, які знаходзіцца літаральна ў некалькіх сотнях метраў ад в.Галавічполе. Будынкі і зараз знаходзяцца ў выдатным стане і ўражваюць прыгажосцю, стылем і велічынёй (гл. фотагалярэю тут: http://www.ptushki.org/index.php?area=1&p=gallery&action=showimages&galid=51 )

Скончылася ўрачыстасць неафіцыйнай часткай у адной з кавярняў Шчучына.

Дзякуем усім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні гэтага мерапрыемства, але найбольш адміністрацыі Галавічпольскай сярэдняй школы-сада і яе дырэктару Ларысе Леанідаўне Паўлюкевіч, прэзідэнту LOD Кястуцісу Чапенасу, сябрам АПБ: Васілю Грычыку, Мікалаю Гулінскаму, Аляксандру Вінчэўскаму, Віктару Фенчуку, а таксама Швэдзкаму орніталагічнаму таварыству SOF – без іх падтрымкі ўрачыстасць не адбылася б.

Пасля закрыцця фотавыставы па заканчэнні школьных зімовых канікул усе 29 здымкаў з яе будуць падораны Галавічпольскай школе-саду.

16-12-2007

Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня. Здымкі аўтара.

Больш пра Тадэвуша Іваноўскага гл. тут:

http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=421



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: