Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Птушка 2008 году засталася зімаваць на Гарадзеншчыне
Навіна арганізацыі ад 22 снежня 2007 года
Учорашняя экскурсія на ачышчальныя сажалкі ВА “Азот”, якія знаходзяцца недалёка ад в.Беражаны ў Гродзенскім раёне, дала нечаканыя вынікі. Георгі Гулеўскі і іншыя сябры АПБ акрамя больш тысячы качак, якія засталіся на зімоўку на гэтых звычайна незамярзаючых вадаёмах, а таксама 16 шэрых чапляў, многія з якіх застаюцца зімаваць з намі, адзначылі птушку 2008 году — вялікую белую чаплю.Вялікая белая чапля – від, занесены ў апошняе выданне “Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь”. У апошнія гады птушкі ўсё часцей сустракаюцца амаль па ўсёй Беларусі пад час міграцыі. Аднак выпадкі гнездавання чапляў адзначаны толькі на поўдні нашай краіны і з пачатку 1990-х гадоў застаюцца нешматлікімі.
Звычайна вялікія белыя чаплі зімуюць на поўначы Афрыкі. І хаця спарадычна застаюцца на зіму ў Румыніі, Харватыі, Аўстрыі і Галандыі, для Беларусі гэта трэці вядомы выпадак, а для Гарадзеншчыны — першы.
22-12-2007
Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня
Здымак вялікай белай чаплі Георгія Гулеўскага (АПБ). Іншыя здымкі гэтых птушак можна паглядзець тут:
http://ptushki.org/index.php?area=1&p=gallery&action=showimages&galid=46
PS Роўна праз тыдзень, 28 снежня, калі амаль адначасова на ачышчальныя сажалкі прыехалі здымачныя групы СТВ і ОНТ, вялікая белая чапля яшчэ знаходзілася там. Колькасць шэрых чапляў, з якімі яна праводзіла большасць часу нават павялічылыся — мы налічылі іх 25 асобін. Аднак як сапраўдная тэлезорка, белая прыгажуня старалася не падпускаць аператараў бліжэй чым на 50-60 м, таму і здымкі працягваліся больш за поўгадзіны, часам прэрываючыся "пагонямі"-пераездамі паміж сажалкамі.
Спадзяемся, што ўмовы зімоўкі не дазволяць загінуць гэтай адзінай белай чаплі, якая засталася ў Беларусі, і мы ўбачым яе ў пачатку наступнага году на тым жа месцы.
З надыходзячым Новым годам — годам Вялікай белай чаплі!
PPS Пад час наведвання ачышчальных сажалак ВА "Гродна-Азот" 8 студзеня — пасля амаль тыдня вялікіх маразоў, мы )Дзьмітры Вінчэўскі, Яўген Сліж і Дзяніс Табуноў) зноў адзначылі вялікую белую чаплю на адной з сажалак. Яна бец цяжкасці пералятала разам з шэрымі чаплямі з месца на месца, і таму мы ацэнваем яе стан як добры. Спадзяемся, што адліга дадасць ёй шанцаў дачакацца вясны.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: