Гнёзды ад школьнікаў для рэдкай качкі!

ад 14 студзеня 2008 года

1 лютага 2008 года, напярэдадні Міжнароднага дня водна-балотных угоддзяў, школьнікі экалагічных клубаў Жыткавіцкага раёну, якія ўдзельнічаюць у праекце грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) "Заахвочванне мясцовага насельніцтва Палескага рэгіёна ў практычнай дзейнасці па ахове біяразнастайнасці праз работу школьных экалагічных клубаў", будуць развешваць дуплянкі для луткоў на тэррыторыі рыбгаса "Белае". Праект фінансуецца Праграмай малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду.Гнёзды ад школьнікаў для рэдкай качкі!

Луток – адна з самых рэдкіх і самых прыгожых гняздуючых птушак Беларусі. Пры тым, што гнездавы арэал гэтай паўночнай качкі пачынаецца каля тысячы кіламетраў на поўнач ад межаў Беларусі, у зоне тайгі, наяўнасць маленькай ізаляванай гнездавой калоніі гэтага віду ў Палессі на рыбгасе “Белае” выглядае большы чым дзіўным!

Асаблівасцю біялогіі савука-лутка з’яўляецца яго гнездаванне выключна ў дуплах дрэваў, якія растуць па берагам вадаёмаў. На жаль, у апошні час старых дрэваў з дупламі становіцца ўсё менш і менш. Але арнітолагі знайшлі выйсце – можна зрабіць штучныя гняздоўі і развесіць іх на дрэвах. Такі эксперымент быў зроблены у 1993 годзе супрацоўнікамі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і меў поспех – частка дуплянак была заселена. На сёння яны, на жаль, ужо струхнелі і прыйшлі ў нягоднасць. І вось цяпер настаў час школьнікам прыйсці на дапамогу савуку-лутку. У межах праекту дзеці разам з настаўнікамі на ўроках працы зрабілі каля 30 дуплянак для рэдкіх качак. Дзякуючы ласкавай згодзе кіраўніцтва рыбгаса, усе дуплянкі на яго тэрыторыі будуць заменены на новыя пад кіраўніцтвам спецыялістаў-арнітолагаў. Але на гэтым справа не скончыцца. Калі савукі-луткі заселяць новыя дуплянкі, школьнікі будуць мець магчымасць назіраць за жыццём птушак, і нават напісаць школьную навуковую працу па экалогіі савука-лутка.

Наталья Парэчына, каардынатар праекта, ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"

Здымак Георгія Гулеўскага (АПБ)

Артыкул па тэме: Луток-жабалоў, або першае навагодняе фотапаляванне

Дадатковая інфармацыя:

1. Рэгулярныя ўлікі лутка на рыбгасе “Белае” вядуцца супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 1998 года. За перыяд назіранняў, папуляцыя лутка на рыбгасе паступова зніжаецца: 1998 – 22 пары, 2000 – 18 пар, 2004 – 12 пар, 2005 – усяго 4 пары. Адмысловыя даследаванні паказалі, што асноўнай прычынай зніжэння колькасці віду з’яўляецца недахоп прыдатных да гнездавання дуплаў і паступовае разбурванне дуплянак, што былі развешаны 15 год таму.

2. Сажалкі рыбгаса “Белае” маюць выключную ролю ў падтрыманні папуляцый шэрагу рэдкіх відаў птушак. Асабліва важнае значэнне тэрыторыя мае для захавання наступных відаў:

Від Ацэнка колькасці Каментар
Чапля-бугай / Большая выпь 28-35 самцоў Від занесены ў Чырвоню кнігу Белаурсі. Папуляцыя на “Белым” большая за папуляцыю бугая ў Велікабрытаніі
Качка-неразня / Серая утка 10-15 пар
Белавокі нырок/ Белоглазый нырок 22 пары Белавокі нырок мае статус віда, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу, Чырвоную кнігу Беларусі
Нырок-сівак (Красноголовый нырок) 500-600 пары

Акрамя іх тут гняздуюцца і віды, знікаючыя ў глабальным маштабе: арлан-белахвост Haliaeetus albicilla (1 пара, звыш дваццаці птушак на зімоўцы), драч Crex crex (10 самцоў). Амаль усё лета на тэрыторыі трымаюцца каля 40-50 чорных буслоў Ciconia nigra . Аднак найбольшую вядомасць рыбгас "Белае" набыў як адзінае на Беларусі месца, дзе гняздуецца рэдкая качка савук-луток Mergellus albellus (каля 20 пар).

За сваю ролю ў падтрыманні папуляцый птушак, у 1998 годзе рыбгас “Белае” атрымаў статус Тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП) міжнароднага значэння.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: