Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як клімат змяняе паводзіны рэчкі: у Белавежскай пушчы прайшоў Тыдзень водна-балодных угоддзяў
Навіна арганізацыі ад 8 лютага 2018 года
2 студзеня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень водна-балотных угоддзяў. АПБ і Нацыянальны парк “Белавежская пушча” цягам тыдня правялі некалькі прысвечаных яму мерапрыемстваў.
Без балотаў і лясных рачулак пушча была б не такой, як ёсць. Наступствы колішняга асушэння пушчанскіх балотаў і спраставання рэк сумныя: экасістэма змяняецца, знікаюць рэдкія віды раслін, грыбоў і жывёл, павялічваюцца парніковыя выкіды. Таму АПБ разам з нацыянальным паркам і Франкфурцкім заалагічным таварыствам з 2013 года рэалізуе ў пушчы шэраг праектаў дзеля аднаўлення водна-балотных угоддзяў.
Пра важнасць балот і рэчак – крывяноснай сістэмы пушчы – публіцы расказалі навукоўцы Наталля Карліёнава і Павел Пінчук на адкрытай лекцыі, якая адбылася ў эколага-асветніцкім цэнтры нацпарку 29 студзеня.
30 студзеня ў Брэсце прайшоў круглы стол, на якім абмяркоўваліся праблемы рэчкі Лясной.
На круглым стале ўдзельнічалі намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Шылінчук, намеснік прарэктара па навуковай працы БрДТУ Мікалай Шашко, прадстаўнік Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Вадзім Пракапчук і прадстаўнікі АПБ Віктар Фянчук, Юрый Янкевіч і Мікалай Чэркас. Прысутнічалі таксама журналісты газет “Вячэрні Брэст” і «Навіны Камянеччыны».
Удзельнікі абмеркавалі план мерапрыемстваў па аздараўленні рэчкі Лясной, які летась распрацавала ААТ “Палессегіправодгас” пры падтрымцы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Як паказалі даследаванні, на некаторых участках ракі ў вадзе мала кіслароду, бо падчас разліваў трава пачынае гнісці, забіраючы кісларод.
Раней увесну адбываліся вялізныя паводкі, але гэтая вада сплывала хутка і не застойвалася. Цяпер зімы маласнежныя, няма стабільных маразоў, снег выпадае і хутка растае. Таму вялікія вясновыя паводкі зніклі. Затое з’явіліся летнія паводкі, бо кліматычныя змены прывялі да павелічэння ападкаў улетку. Летняя вада не сплывае так хутка, у спякоту моцна праграваецца, працэсы гніення паскараюцца. Ад гэтага ўтвараюцца заморы і гіне рыба.
З гэтым прапаноўваюць змагацца праз чыстку рачнога дна ад глею або праз выкошванне травы. Глею на некаторых участках ракі так шмат, што рацэ проста няма куды дзецца і яна разліваецца. Але каб пачысціць раку, трэба зайсці глыбока ў пойму, зладзіць інфраструктуру вакол (пад’езды да ракі, пантонныя працы, вываз грунту). Такія меры надоўга парушаць экалагічны баланс ракі. У якасці альтэрнатывы прапаноўвалася выкошваць прыбярэжную і водную расліннасць. Але цалкам гэта не вырашыць праблемы, а на забалочаных участках выкасіць траву не атрымаецца тэхнічна.
Аднак важна разумець, што ў заморах як такіх праблемы няма. Заморы – частка натуральнага жыцця любой ракі, яны забяспечваюць харчаваннем некаторыя віды птушак і звяроў. З імі як са з’явай змагацца не трэба. Але варта зменшыць антрапагенны чыннік і спыніць выкарыстанне палёў у пойме ракі пад сельскую гаспадарку. Трэба даць там сфармавацца расліннасці, устойлівай да паводак, якая не гніе пры разлівах вады.
Каб вада сцякала па рэчышчы больш павольна і раўнамерна, у вышнявіне ракі прапанавана вярнуць спраставанае рэчышча ў свой натуральны стан і правесці паўторнае забалочванне. Тады рака лягчэй адаптуецца пад глабальныя змены клімату, якія цяпер адбываюцца. Але каб рачная экасістэма ўсталявалася, знайшла раўнавагу, патрэбны час – 5-7 гадоў. І паскараць гэты працэс, спрабуючы раку зрабіць такой, якой яна была 40 гадоў таму – у зусім іншых кліматычных умовах – не найлепшае рашэнне.
Таксама ўдзельнікі круглага стала абмеркавалі пытанні біяразнастайнасці пушчанскіх рэк, у тым ліку Лясной Левай і Лясной Правай, якія знаходзяцца на тэрыторыі, важнай для птушак міжнароднага значэння (ТВП “Рака Лясная”)
31 студзеня ў Камянюцкай сярэдняй школе, што знаходзіцца пасярод пушчы, прайшлі экалагічныя майстар-класы. Вучні даведаліся, чаму важна захоўваць рэкі чыстымі і як гэта зрабіць, а таксама самі пашылі сабе экаторбы.
АПБ дапамагае аднаўляць і захоўваць беларускія балоты ад самага свайго заснавання. Ты таксама можаш далучыцца да добрай справы і падтрымаць нашу дзейнасць.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: