Беларускія арлы на Балканах: птушыны рэстаран у гарах, адпачынак у нацпарку і паляванне на грэцкіх палях

ад 22 лютага 2018 года

Мы звязаліся з грэцкімі нацыянальнымі паркамі, у якіх зімуюць нашыя арляцы, і даведаліся болей пра ўмовы іх жыцця.

Вялікія арляцы – наздвычай рэдкія птушкі, якім пагражае глабальнае знікненне. Каб дапамагчы ім выжыць, важна дазнацца больш пра іх жыццё і тое, што ім пагражае. Для гэтага ў 2017 годзе мы адлавілі і пазначылі датчыкамі восем вялікіх арляцоў. Датчыкі дасылаюць сігналы і расказваюць нам пра іх падарожжы, за якімі ты можаш сачыць на карце.

Пакуль нашыя вялікія арляцы працягваюць весці  звыклы лад жыцця на зімоўцы. Але хутка яны выправяцца дадому, і мы зможам назіраць за іх пералётам..

Нагадаем, што арляцы Тур, Ціхан, Пярун і Паляшук зімуюць у Афрыцы, а астатнія — на Балканскай паўвыспе: у Грэцыі ці на мяжы з ёй.

Мы захацелі даведацца больш пра ўмовы жыцця нашых арляцоў на зімоўцы. Ці шмат іх суродзічаў праводзіць зіму ў тых жа месцах? Чым яны там харчуюцца?

Нам удалося звязацца з двума нацыянальнымі паркамі Грэцыі і атрымаць адказы на нашыя пытанні.

Хто ў лес, хто на раку

У нацыянальным парку “Дэльта ракі Аксьёс” на поўначы Грэцыі зімуюць беларускія арляцы Блонд і Юзэфіна. У Беларусі яны жылі на розных тэрыторыях, а вось у Грэцыі аказаліся суседзямі.

Рака Аксьёс. Фота Нацкапрку "Дэльта ракі Аксьёс"

У гэтым жа нацпарку зімуюць і іншыя вялікія арляцы. З якіх краін яны прыляцелі – невядома. Можа, Юзэфіна і Блонд там не адзіныя землякі. У нацпарку ўзрадаваліся, што ад нас яны атрымалі першыя звесткі пра тое, адкуль да іх прылятаюць гэтыя арлы.

На відэа можна паглядзець на дэльту ракі Аксьёс з вышыні птушынага палёту — вачыма нашых арляцоў!

Кожную зіму ў парку рэгіструюць ад 6 да 20 птушак гэтага віду. Летась іх было зарэгістравана восем. Звычайна 1-2 арляцы зімуюць на рацэ Аксьёс, а большасць аддае перавагу лесу Альякманас. Юзэфіна, напрыклад, вырашыла жыць каля гэтай ракі, уздоўж якой у асноўным і лётае, а вось Блонд адпачывае ў лесе недалёка ад дэльтаў рэк, што цякуць праз яго і ўпадаюць у заліў Тэрмаікос.

Рэстаран ў гарах

У нацыянальным парку “Лес Дадзья-Ляўкіміс-Суфлі”, што на паўночным усходзе Грэцыі, з верасня па красавік таксама назіраюць па некалькі вялікіх арляцоў. У пікавы сезон – са снежня па сакавік – рэгіструецца па 6-8 асобін гэтых птушак.

Яны разам з іншымі арламі і сіпамі прылятаюць на адмысловыя падкормачныя станцыі, дзе харчуюцца мёртвымі буйнымі жывёламі, целы якіх пакідаюць ім супрацоўнікі парку. Тут можна сустрэць больш за палову відаў драпежных птушак Еўропы!

Драпежныя птушкі частуюцца ў "рэстаране" нацпарку "Лес Дадзья". Фота: visitsoufli.com

Рэгулярна наведвае гэты “арліны рэстаран” і нашая Дзяніса, якая адмыслова прылятае сюды з нацпарку “Гола-голу” ў турэцкай Усходняй Фракіі. Ці то ў тым яе “гатэлі” няма праграмы “ўсё ўключана”, ці то тамтэйшае меню ёй чымсьці не дагадзіла, ці проста захацелася пакаштаваць экзатычных страваў, але ў любым разе Дзяніса абрала своеасаблівы, не самы характэрны для вялікіх арляцоў рацыён. Аснову рацыёну гэтых птушак у Беларусі, напрыклад, складаюць дробныя балотныя птушкі, грызуны ды амфібіі.

Але Дзяніса знайшла для сябе стол, які заўжды накрыты, і ахвотна частуецца з яго.

На відэа ты можаш паглядзець на зімовы лес Дадзья і яго драпежных птушак.

А дзе Альжуся?

Яшчэ адна нашая арліца – Альжуся – зімуе на захадзе Грэцыі, на рацэ Ахелоас, не на ахоўваемай тэрыторыі. Яна аблятае прырэчныя палі, а часам лётае ўздоўж ракі далей углыб краіны.

Рака Ахелоас. Фота: mapio.net

Для арляцоў добра, калі яны абіраюць месцамі зімоўкі тэрыторыі, што знаходзяцца пад аховай. Там у іх больш спрыяльныя і бяспечныя ўмовы, каб перажыць зіму. А гэта надзвычай важна для птушак, што знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення. Таму мы крыху турбуемся за Альжусю. Апошні сігнал ад яе мы атрымалі 3 лютага. Спадзяемся, што яна хутка “выйдзе на сувязь”.

Як ты можаш дапамагчы вялікім арляцам?

Ты можаш ахвяравацьна акцыю “Выратуй арляня!” па пошуку і ахове гнёзд вялікіх арляцоў. Гэтых птушак засталося ў Беларусі ўсяго 120-160 пар! Кожны ўнёсак у справу іх захавання вельмі важны.

Пра праект сачэння за арляцамі

Двухгадовы праект "Навукова абгрунтаваная ахова глабальна пагражальнага віду вялікага арляца ў Беларусі" праводзяць арнітолагі Эстонскага ўніверсітэта навук аб жыцці, ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны", Eagle Club (Эстония) і НАН Беларусі. Міністэрства замежных спраў Эстоніі фінансава падтрымала сачэнне за шасцю арляцамі, а датчыкі для яшчэ дзвюх птушак прадаставіў Брытанскі траст па арніталогіі (BTO).

Адловы птушак у Белавежскай пушчы падтрыманыя Франкфурцкім заалагічным таварыствам (ФЗТ).



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: