Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вестка з першай вандроўкі маладога арла
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 6 сакавіка 2018 года
Мы атрымалі з Ізраіля “прывітанне” ад акальцаванага намі летась вялікага арляца. Гэты малады арол зімуе недалёка ад кібуца Цірат-Цві, дзе яго заўважыў і сфатаграфаваў арнітолаг Аўнэр Рынот.
Вялікі арлец з Беларусі на зімоўцы ў Ізраілі. Фота: Аўнэр Рынот
Нашыя спецыялісты Дзяніс Кіцель і Дзмітрый Шамовіч пад кіраўніцтвам Валерыя Дамброўскага акальцавалі гэтага арляца ў ліпені на Палессі, калі ён быў птушаняткам.
Ужо тады арляня атачалі незвычайнасці. Яго бацькі аказаліся рыбаловамі! Падчас кальцавання спецыялісты знайшлі ў гняздзе галаву шчупака – атрымліваецца, бацькі-арляцы змаглі яе вылавіць і прынесці малому.
Але яшчэ цікавей тое, што жыла гэтая сям’я, можна сказаць, у камуналцы. Сценка ў сценку з імі пасяліўся маленькі крапіўнік, які звіў гняздо ў “падмурку” гнязда арлоў. І не проста звіў, але і вывеў птушанятак і актыўна іх карміў.
Тут заўважылі акальцаванага намі вялікага арляца (месца з чырвонай пазнакай)
Прыемна, што акцыя “Выратуй арляня!” дае свой плён, і мы бачым, што наш малады арлец, якому няма яшчэ года, добра справіўся са сваім першым падарожжам. Спадзяемся, што ў Ізраілі ён зімуе з камфортам і яго пералёт дадому будзе бяспечны.
Нагадаем, што раней мы ўжо атрымлівалі фота іншага нашага арляца з Ізраіля.
Дзякуючы кальцу мы даведаліся пра зімоўку нашага маладога арла. А ці заўважаў ты акальцаваных птушак побач з сабой?
Акальцаваны вялікі арлец з Беларусі на зімоўцы ў Ізраілі. Фота: Аўнэр Рынот
Вакол нас многа птушак з розных краін, пазначаных кольцамі – звычайнымі ці каляровымі. Калі зрабіць здымак, можна лёгка расчытаць надпіс на кольцы. Па ім можна даведацца, адкуль прыляцела гэтая птушка і дзе яе бачылі раней.
Акальцаваны лебедзь. Фота: Максім Чарноў
Паведамі нумар кальца, а таксама дату і месца назірання птушкі ў Беларускі цэнтр кальцавання птушак — навукоўцы будуць удзячныя за гэтую інфармацыю:
Можа быць, тваё паведамленне пра гэтую птушку будзе першым. А можа быць, у гэтай птушкі ўжо ёсць свой летапіс жыцця!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: