Гарадзенцы сустрэлі юбілей разам са шматлікімі гасцямі

ад 26 лютага 2008 года

На працягу трох дзён у гасціннай гімназіі №1 імя акадэміка Я.Карскага г.Гродна праходзілі юбілейныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 15-ці годдзя заснавання Заходне-Беларускага таварыства аховы птушак. У пятніцу, 22 лютага, праходзіла ўжо IV-я Гродзенская абласная адкрытая заалагічная канферэнцыя навучэнцаў, у якой традыцыйна ўдзельнічаюць юныя даследчыкі-заалогі з усёй Беларусі. На гэты раз яна была прысвечана 125-годдзю з дня народзінаў знакамітага заолага са Шчучыншчыны, акадэміка Тадэвуша Іваноўскага (Tadas`a Ivanauskas`a). Менавіта з прэзентацыі пра жыццё і дзейнасць нашага земляка, прадстаўленай старшынёй Рады абласнога аддзялення АПБ Дзьмітрыем Вінчэўскім і пачалася канферэнцыя.Гарадзенцы сустрэлі юбілей разам са шматлікімі гасцямі

Падрабязней пра Т.Іваноўскага і яго сям’ю можна прачытаць тут:

125ці годдзе Тадэвуша Іваноўскага ўрачыста адзначылі сябры АПБ і мясцовыя жыхары на радзіме акадэміка.

Да 125-годдзя з дня народзінаў акадэміка Тадэвуша Іваноўскага ( Tadas ’а Ivanauskas ’а). Працяг.

“Любіць прыроду праз яе пазнанне.” Да 125-годдзя з дня народзінаў акадэміка Тадэвуша Іваноўскага. Пачатак.

[SCREEN:1] Як зазначыла старшыня журы канферэнцыі, кандыдат біялагічных навук, дацэнт біяфаку Гродзенскага дзяржуніверсітэту (ГрДУ) і сябра АПБ Вольга Янчурэвіч, вельмі прыемна, што ўзровень даследаванняў, праведзеных навучэнцамі, расце год ад году. І зборнікі матэрыялаў канферэнцый – выдатнае таму сведчанне. Настаўнікі-навуковыя кіраўнікі пацвердзілі неабходнасць такіх штогадовых сустрэч старшакласнікаў, педагогаў і навуковых працаўнікоў як выдатную крыніцу абмену досведам і магчымасць пачуць карысныя заўвагі і рэкамендацыі па выбару і выкарыстанню методык, апрацоўкі атрыманых дадзеных і новым магчымасцям супрацоўніцтва.

[SCREEN:0] Адзінаццаць прадстаўленых дакладаў з розных галін заалогіі: ад фауністычных работ да канкрэтных прыкладаў дапамогі птушкам прагучалі ў першую палову дня. Пасля абеду кандыдат біялагічных навук, дацэнт біяфаку ГрДУ і сябра АПБ Алег Созінаў дапамагаў старшакласнікам і іх навуковым кіраўнікам авалодаць майстэрствам падрыхтоўкі навуковых артыкулаў, якія неўзабаве, дзякуючы падтрымцы Гродзенскага абласнога камітэту па ахове прыроды і прыродных рэсурсаў, зноў выйдуць асобным зборнікам.

На наступны дзень сцены гімназіі прымалі не толькі гасцей адкрытай “дарослай” канферэнцыі Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ з усёй Беларусі: Гарадзеншчыны (Гродна, Слоніма, Наваградка, Шчучына, Ваўкавыска, Жалудка, Свіслачы, Дзятлава,Скідаля), Мінску, Брэсту, Віцебску, Гомелю, але і суседняй Літвы. Больш за 80 удзельнікаў канферэнцыі не толькі змаглі паслухаць цікавыя прэзентацыі гасцей канферэнцыі, прысвечаныя гісторыі аховы птушак у сучаснай Беларусі, каштоўным прыродным месцам і птушкам, якія іх насяляюць, але таксама з выдатнымі расповедамі пра асобныя віды птушак (звычайную зязюлю, чырвонаваллёвага свірстуна, глушца, поплаўнага луня), пачуць пра стратэгію АПБ за забарону вясновага палявання, азнаёміцца з першымі вынікамі і планамі на бліжэйшую будучыню Беларускай працоўнай групы па куліках. Дзякуючы юбілейнай даце – 15-ці годдзю утварэння Заходне-Беларускага таварыства аховы птушак (ЗБТАП), усе прысутныя змаглі ўбачыць “ветэранаў” аховы птушак з усёй Беларусі і пачуць кароткія ўспаміны кожнага з сябраў ЗБТАП пра пачаткі і дзейнасць гэтай арганізацыі – аднаго з заснавальнікаў АПБ. Падрабязная праграма канферэнцыі тут: Запрашаем 23-24 лютага на канферэнцыю Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ

Як заўсёды, самай яркай старонкай канферэнцыі стала чарговая прэм’ера навукова-папулярнага фільму беларускага рэжысёра і сябра АПБ Ігара Бышнёва пад назвай “Сцежкай ваўка”. На жаль, з-за хваробы Ігар Іванавіч не змог сам прадставіць свой новы фільм, але доўгія і ўдзячныя воплескі гледачоў па заканчэнні гэтай выдатнай і часам вельмі шчымлівай карціны не даюць падстаў сумнявацца ў чарговым творчым поспеху нашага кінамастака. Яшчэ адзін фільм, пра прыроду і адну з найцікавейшых драпежных птушак суседняй Літвы – скапу – прадставіў ганаровы госць канферэнцыі Кестуціс Чапенас, прэзідэнт Літоўскага орніталагічнага таварыства LOD .

Пад час канферэнцыі, дзякуючы галасаванню ўсіх прысутных, былі выбраны лепшыя фотаработы, дасланыя на абласны фотаконкурс “Нашы птушкі-2008”. З 54 фотаздымкаў, частка з якіх была аб’яднана аўтарамі ў серыі з 2-4 фота, можна было выбраць 5 работ, якія спадабаліся найбольш. Такім чынам, на трэцім месцы апынулася серыя “Чорнагаловыя шчаглы” пачынаючага фотаанімаліста з Наваградчыны Аляксандра Цвырко. На другім – 2 здымкі, прысвечаныя поплаўным луням Георгія Гулеўскага. А на першым – як і ў два мінулыя гады – праца Мікалая Гулінскага, на гэты раз прысвечаная звычайнай чачотцы. Прызёры фотаконкурсу атрымалі сувэнірныя наборы гарбаты ад сябра АПБ Дзьмітрыя Ракіцкага (м.Азёры), а пераможца – флэш-памяць на 2Гб ад Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ.

Аднак Мікалай Гулінскі быў прызнаны лепшым не толькі сярод фотамастакоў. Пасля яшчэ аднаго галасавання — за лепшыя артыкулы ў абласным бюлетэні сябраў АПБ “Кабец” за мінулы год — яго артыкул “Пернатыя агрэсары” быў прызнаны адным з дзвюх найлепшых. Яшчэ адным аўтарам, артыкул якога нашы чытачы прызналі найлепшым, стала Аня Ракіцкая.

Перад самай канферэнцыяй Рада аддзялення падвяла вынікі і вызначыла найлепшых у іншых абласных намінацыях. Імі сталі: Віталь Гуменны (“Лепшы арганізатар сустрэч сябраў АПБ”), клуб АПБ “Крылаты дазор” Новадворскай школы са Свіслацкага раёну (кіраўнічка – Марыя Панотчык атрымала з рук спонсара Мікалая Гулінскага фотаапарат “Зеніт”. Яе клуб – самы вялікі не толькі на Гарадзеншчыне, але і ў Беларусі, і налічвае 77 вучняў!; за другое месца ў намінацыі “Лепшы клуб “Крылаты дазор” бінокль ад Швэдзкага орніталагічнага таварыства SOF атрымала кіраўнічка “КД” са Слоніма Раіса Грышчук. У яе клубе 25 дзетак.) Адбылося і традыцыйнае ўзнагароджванне пераможцаў абласнога этапу конкурсу на лепшую выяўленчую працу “Салавей – птушка 2007 году”.

У конкурсах на лепшае вызначэнне птушак Беларусі сярод падлеткаў перамог 11-ці гадовы Андрэй Созінаў з Гродна. Сярод дарослых найлепшым стаў Дзяніс Кіцель з Маларыты. Дзесяткі ўдзельнікаў паставілі свае подпісы за забарону вясновага палявання на птушак у Беларусі. Тры чалавекі далучыліся да сябраў АПБ пад час канферэнцыі.

Яшчэ адным яркім эпізодам стала ўзнагароджванне падзякай-дыпломам ад АПБ ксяндза-пробашча Жалудоцкага парафіяльнага касцёлу а.Яна Рэйшаля. Менавіта дзякуючы яго вялізнай асабістай дапамозе стала магчымым усталяванне і ўрачыстае адкрыццё памятнай шыльды заснавальніку беларускай орніталогіі Канстанціну Тызенгаўзу (1786-1853) на касцёле ў Жалудку. Падрабязней пра гэта тут:

“У Жалудку адбылася падзея еўрапейскага маштабу”

Айцец Ян пад час свайго выступу нагадаў словы з Біблііі пра наказ Бога людзям дапамагчы ўсім жывым істотам пад час Сусветнага патопу.

[SCREEN:2] Пасля частавання ўсіх прысутных юбілейным тортам, афіцыйнай справаздачы Рады і Рэвізійнай камісіі за мінулы год і планаў аддзялення на 2008 год, канферэнцыя закончыла сваю працу. Спадзяемся, што сабраныя ва ўдзельнікаў прапановы і заўвагі наконт яе правядзення дазволяць у будучыні зрабіць яе яшчэ больш цікавай і інтэрактыўнай.

У нядзелю, акрамя экскурсііі па гістарычным месцам Горадні-Гродна для гасцей канферэнцыі, адбыўся трэнінг-сэмінар для лідэраў АПБ з Гарадзеншчыны. Яны, з дапамогай трэнераў Ланы і Вітаўта Руднікаў з ГА “Цэнтар “Трэці сэктар”, змаглі далучыцца да вельмі цікавай методыкі правядзення сустрэч “адкрытая прастора”, а таксама патрэніравацца ў напісанні загалоўкаў, лідаў і навінаў-артыкулаў для выданняў АПБ увогуле.

Шчыра дзякуем усім сябрам АПБ, іншым асобам і арганізацыям, без удзелу і дапамогі якіх трохдзённая канферэнцыя проста не адбылася б. Асаблівая падзяка Валянціне Сцяпанаўне Макаравай, Віталю Гуменнаму, Дзьмітрыю Ракіцкаму, Людміле Шарыпавай і Швэдзкаму орніталагічнаму таварыству SOF .

Да новых сустрэч у наступным годзе!

25-02-2008

Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня

На першым здымку: старшыня АПБ к.б.н. Уладзімір Іваноўскі расказвае пра верхавыя балоты як рэзерваты для рэдкіх драпежных відаў птушак. Здымак аўтара.

Гл. таксама здымкі ў фотагалерэях: IVя Гродзенская абласная заалагічная канферэнцыя навучэнцаў

Канферэнцыя Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ (люты 2008г.)



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: