Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Прырода аб'ядноўвае людзей у любое надвор'е
Навіна арганізацыі ад 4 сакавіка 2008 года
Штодзённыя сюрпрызы веснавога надвор’я і нават штармавое папярэджанне не змаглі перакрэсліць планы аматараў птушак з Лунінеччыны, Берасцейшчыны, Гродна і Мінску актыўна адпачыць і папрацаваць разам для птушак і людзей.Менавіта з гэтай нагоды, з 29 лютага па 2 сакавіка ў Белавежскай пушчы ля ваколіц в. Дзедаўка Камянецкага р-на Брэсцкай вобласці адбыўся 2-гі семінар-летнік у рамках праекта “Прырода аб’ядноўвае людзей”, які ажыццяўляецца дзякуючы фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў ГЭФ.
Людзі розных прафесій і ўзросту, студэнты, арнітолагі-прафесіяналы і аматары за тры дні змаглі ня толькі пазнаёміцца, абмеркаваць шэраг пытанняў, якія датычацца біятэхніі, біялогіі соў, узаемаадносін начных драпежных птушак і людзей, ААПТ ды іншым аспектам, але і пабываць на начных уліках… Магчыма, толькі гукі начнога лесу і яго таямнічых жыхароў могуць так паўздзейнічаць на чалавека, які ніколі не чуў голас касматаногага сыча, што на наступны дзень практычна кожны ўдзельнік семінара-летніка імкнуўся зрабіць “новую кватэру” менавіта для яго. І гэта невыпадкова – атрымліваць асалоду ад песні касматаногага сыча можна было стоячы на ганку ўтульнай вясковай хаты, з якой усе быццам парадніліся за гэтыя дні, асабліва ў даждлівыя і ветраныя апошнія суткі.
Пад час семінара-летніка былі начныя ўлікі соў і штодзенная 2-3 гадзінная праца па вырабу штучных гнездавых скрынь для розных відаў соў, іх развешванне, знаёмства з айчынным і замежным вопытам па вывучэнню начных драпежных птушак, майстар-класс па кальцаванню птушак, і, канешне, назіранне за птушкамі.
Зіма нагадвала яшчэ аб сваёй прысутнасці снегам з градам, гілямі і чародкамі амялушак, аднак першая песня баравога жаўрука, курлыканне журавоў, гогат пралётных гусей падказвалі аб хуткім прыходзе вясны, абуджэнню лесу і яго таямнічых начных пярнатых драпежнікаў, дзеля якіх і ідзе праца ў рамках праекта “Прырода аб’ядноўвае людзей”.
Вадзім Пракапчук, каардынатар праекта,
Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне АПБ. Фота аўтара
Падзяліся артыкулам у сацсетках: