Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Увага! Першыя Захавальнікі Выганашчанскіх балот
Навіна арганізацыі ад 30 лістапада 2010 года
У лістападзе ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” рэалізавала ініцыятыву “Захавальнікі Выганашчанскіх балот” (праект ЕС/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”), мэтай якой было стварэнне руху захавальнікаў у Выганашчанскім рэгіёне.
У лістападзе ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” рэалізавала ініцыятыву “Захавальнікі Выганашчанскіх балот” (праект ЕС/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”), мэтай якой было стварэнне руху захавальнікаў у Выганашчанскім рэгіёне. Нягледзячы на кароткі тэрмін выканання, ініцыятыва была насычана мерапрыемствамі і мела канкрэтныя вынікі.
Каб знайсці захавальнікаў з ліку жыхароў рэгіёна, былі праведзены сустрэчы ў населеных пунктах: Выганашчы, Целеханы, Рэчкі, Вялікая Гаць, Амельная. Сустрэчы выклікалі цікавасць у амаль 200 чалавек, сярод іх было шмат вучняў, якія змогуць падзяліцца набытымі ведамі з бацькамі і сябрамі. Галоўнай мэтай сустрэч было паказаць вядомы ўдзельнікам край з незнаёмага боку – з боку каштоўнасці Выганашчанскіх балот для біяразнастайнасці. Супрацоўнікі АПБ падрабязна распавялі пра праграму “Тэрыторыі, важныя для птушак (ТВП) у Беларусі” і праект “Захавальнікі Выганашчанскіх балот”, значнасць рэгіёна для захавання папуляцый рэдкіх птушак.
Асаблівы рэзананс мела інфармацыя пра адказнаць за браканьерства ў дачыненні да любога віда драпежных птушак, што паведаў Дзяніс Кіцель. Так, згодна ўказу Прэзідэнта РБ № 580 ад 08.12.2005 і палажэнню канвенцыі CITES, штраф за здабычу звычайнага віда драпежнай птушкі, напрыклад, канюка, складае 2 100 000 рублёў, а за здабыццё занесенага ў Чырвоную кнігу віда, напрыклад, барадатай кугакаўкі, – 3 150 000 рублёў. Знішчэнне гнязда чорнага бусла з 4 яйкамі ці птушанятамі абыдзецца злачынцам амаль у 6 млн рублёў! Супрацоўнікі заказніка “Выганашчанскі” Нікалай Варабей і Аляксандр Іваноў пазнаёмілі з дзейнасцю заказніка і мерамі па яго ахове.
Для тых, хто захацеў стаць захавальнікамі Выганашчанскіх балот, быў арганізаваны трэнінг, куды былі запрошаны эксперты па экалагічнаму заканадаўству Грыгорый Фёдараў і міжнароднай лясной сертыфікацыі FSC Георгій Казулька. Супрацоўнікі АПБ паказалі дзейнасць захавальнікаў іншых ТВП Беларусі і разам з удзельнікамі абмеркавалі існуючыя ў рэгіёне пагрозы і праблемы ТВП “Выганашчанскія балоты”. Захавальнікі атрымалі камплект матэрыялаў АПБ, карысны ў будучай дзейнасці.
Самым цікавым мерапрыемствам, безумоўна, стаў семінар-трэнінг па лазапляценню і вырабу штучных гнездавых скрынь для драпежных птушак. Пры дапамозе запрошанага майстра прысутныя змаглі засвоіць методыку пляцення з лазы і паспрабаваць зрабіць штучнае гняздоўе ў выглядзе каша для розных відаў соў. У плеценых кашах змогуць гнездавацца барадатыя кугакаўкі і вушастыя совы, якія не ўмеюць самі рабіць гнёзды. Незвычайныя з выгляду “кватэры” лёгка падняць на дрэва, а дзякуючы пляцёнцы, яны падобныя на сапраўдныя гнёзды. Таксама ў іх не будзе застойвацца вада.
Пакуль адны ўдзельнікі вучыліся рабіць гнездавыя кашы, іншыя засвойвалі навыкі будаўнікоў гнездавых скрынь для птушак, якія гняздуюцца ў дуплах. Кожны змог выбраць тып і зрабіць домік для сыча-сіпеля ці касматаногага сыча, гогаля, сокала-пустальгі. Вынікі працоўнага дня аказаліся плённымі: было выраблена 20 штучных гнёздаў і кашоў, асаблівую стараннасць праявілі вучні Рэчаўскай і Вулька-Целеханскай школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў Фёдара Сауціна і Аляксандра Мяліка.
Вырабленыя падчас семінара штучныя гнёзды былі развешаны супрацоўнікамі АПБ і заказніка. Будзем чакаць улазінаў разам!
Вольга Лукшыц , каардынатар праекта “Захавальнікі Выганашчанскіх балот”, супрацоўнік АПБ.
Свае каментарыі можаце пакідаць ў нашым ЖЖ !
Падзяліся артыкулам у сацсетках: