Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вандроўны сокал: прызначэнне вандроўкі — Беларусь
Навіна арганізацыі ад 14 лютага 2011 года
11-12 лютага на базе Рэспубліканскага экалагічнага цэнтру ў Мінску адбылася Першая міжнародная працоўная сустрэча па ўзназленню і ахове папуляцыі вандроўнага сокала (Falco peregrinus) у Беларусі.11-12 лютага на базе Рэспубліканскага экалагічнага цэнтру ў Мінску адбылася Першая міжнародная працоўная сустрэча па ўзназленню і ахове папуляцыі вандроўнага сокала (Falco peregrinus) у Беларусі.
Сустрэча арганізована АПБ. Акрамя спецыялістаў па драпежных птушках у сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Мінскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, НПЦ па біярэсурсах ды Інстытута Эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук, Лідскага лясгасу, а таксама Таварыства на рэч дзікіх жывёлаў “Сокал” з Польшчы, прадстаўленага завадатарамі праграмы ўзнаўлення вандроўнага сокала ў Польшчы братамі Янушам ды Славамірам Сяліцкімі.
Вандроўны сокал – не проста прыгожая птушка. Гэтыя сокалы ловяць птушак толькі ў паветры. Яны — самыя хуткія жывыя істоты на Зямлі. Пад час пікіравання на сваю здабычу яны могуць развіваць хуткасць да 389 км/г! Відэа пад час гэтых эксперыментаў можна паглядзець тутака.
У мінулым Беларусь ўваходзіла ў арэал вандроўнага сокала. Цяпер тутака некалькі птушак можна сустрэць толькі пад час зімовак ці міграцыі. У сярэдзіне ХХ стагоддзя колькасць вандроўнага сокала катастрафічна знізілася паўсюдна, галоўным чынам у выніку пачатку масавага ўжывання сумнавядомага пестыцыда ДДТ. Трапляючы ў рацыён драпежніка, хімікат парушаў кальцыевы абмен, у выніку чаго сакалы пачалі адкладаць яйкі з вельмі тонкай і крохкай шкарлупой, якая не вытрымлівала цяжару птушкі пад час наседжвання і раздушвалася. У выніку ў Еўропе птушка захавалася толькі ў высокагорных Альпах, на поўначы Расіі, Шатландыі і Нарвегіі. Падобная драматычная сітуацыя назіралася і ў Паўночнай Амерыцы. У Беларусі апошняе гнездаванне вандроўнага сокала было зафіксавана ў 1973 на адным з балот Віцебшчыны.
Праграмы ратавання вандроўнага сокала ў ЗША і Германіі сталі аднымі з першых паспяховых праграм такога кшталту на свеце. Не ў апошнюю чаргу ён быў уратаваны дзякуючы высілкам паляўнічых-сакольнікаў, якія разводзілі сакалоў у няволі для выпуска ў прыроду. Гэтак, рупліўцы культурнай спадчыны чалавецтва дапамаглі ўратаваць спадчыну прыродную. Зараз навукоўцы і міжнародныя прыродаахоўчыя арганізацыі сыходзяцца на думцы, што вандроўны сокал застаецца рэдкім відам, але непасрэднай пагрозы існаванню віда ў свеце няма.
Але сакалы ўзноўленнай папуляцыі ўпадабалі гарадское асяроддзе з яго скалападобнымі высотнымі будынкамі і шматлікімі зграямі воранавых, частка абжылася ў гарах. У той самы час лясная, надрэўная папуляцыя раўніннай Еўропы не аднавіла свайго колішняга суцэльнага арэалу. У прыродзе “лясныя” вандроўныя засталіся толькі ўглыбі Расіі ды на фрагментарна на поўдні Фінляндыі.
Першымі аднаўленне надрэўнай папуляцыі сокала пачалі нямецкія навукоўцы ды энтузіясты, потым да іх далучыліся польскія калегі. У мэтах стварэння цэласнага арэала надрэўнай папуляцыі да іх далучаюцца і аднадумцы з Беларусі. Беларсукі Ўрад нядаўна зацвердзіў Нацыянальную стратэгію па захаванню і ўстойліваму выкарыстанню біялагічнай разнастайнасці на 2011-2020 гады, у якой ставіцца задача па ўзнаўленню папуляцый пяці відаў жывёл ці раслін, знікнуўшых з тэрыторыі Беларусі. Вандроўны сокал можа быць адным з такіх відаў.
Удзельнікі сустрэчы заслухалі даклады, прысвечаныя гісторыі знаходак вандроўнага сокала ў Беларусі, польскаму і нямецкаму досведу аднаўлення ляснога экатыпа сакалоў, паглядзелі фільм пра рэінтрадукцыю вандроўнага сокала ў Польшчы. У выніку сустрэчы былі распрацаваны нарысы нацыянальных планаў па ахове і рэінтрадукцыі вандроўнага сокала, якія пасля дапрацоўкі будуць прадстаўлены на афіцыйнае зацвярджэнне.
Пасля гэтага можна будзе брацца за непасрэдную рэінтрадукцыю сокала. Маладых сакалоў, якія з’явіліся на свет у пітомніках, пачынаючы з двухтыднёвага ўзросту трымаюць у клетках, замацаваных высока на дрэвах, бо лічыцца, што выбар спосабу гнездавання ў іх адбываецца ў выніку з’явы імпрынтынгу, прасцей, сокал абярэ дрэва для гнездавання з большай імавернасцю, калі ў свой час ён выляцеў менавіта з гнязда (ці клеткі) на дрэве. Да таго моманту, калі маладыя птушкі пакінуць гняздо, ежу для іх падымаюць на адмысловым ліфце. Непасрэдны кантакт з чалавекам павінен быць выключаны, бо зноў жа ў выніку імпрынтынгу сокал будзе ўспрымаць людзей як бацькоў. Справа ўскладняецца тым, што самі сакалы гнёздаў не будуюць, а “кватаруюць” у гнёздах іншых драпежнікаў, чорных буслоў ды іншых птушак. Таму ў раёне выпуску вандроўных усталёўваюць штучныя гнёзды. Няўмольная статыстыка гаворыць, што да 70% выпушчаных птушак не дажываюць да гадавалага ўзросту, пры тым, што размнажацца птушкі пачынаюць толькі на трэці год жыцця. Літаральна недаўна сайт www.birdwatch.by паведаміў пра пагібель апошняга з шасці польскіх маладых сакалоў, пазначаных спадарожнікавымі перадатчыкамі. Пры гэтым няма ніякай гарантыі, што птушка, якая выжыве і створыць пару не абярэ замест жаданага для прыродаахоўнікаў сасновага бору “каменныя джунглі” альбо не адляціць з Беларусі ў пошуках лепшага гнездавога ўчастка – гэты сокал нездарма называецца вандроўным – дзякуючы сваім несамавітым лётным якасцям від апанаваў ўсе кантыненты акрамя Антарктыды.
Але іншай рады няма – калі мы хочам, каб гэтая са старажытных часоў шанаваная нашымі продкамі птушка, не аднойчы ўзгаданая яшчэ ў Статуце ВКЛ – сапраўдны сімвал імклівасці, хуткасці і адвагі вярнулася на Радзіму, давядзецца прайсці доўгі шлях, прыкласці шмат высілкаў і, быць можа, перажыць не адно расчараванне. І тады, магчыма, нашыя нашчадкі будуць памятаць, што гэты шлях пачаўся ў лютым 2011 году ў Мінску.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: