У Баранавічах адкрылі фотавыставу да Міжнароднага дня верабья

ад 21 сакавіка 2011 года

Выстава фотаздымкаў беларускіх фатографаў-анімалістаў “Пра што спявае верабей” была адчынена ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы да Міжнароднага дня вераб’я, які ў Баранавічах, як і ва ўсім свеце, адзначылі 20 сакавіка.

Выстава фотаздымкаў беларускіх фатографаў-натуралістаў “Пра што спявае верабей” была адчынена ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы да Міжнароднага дня вераб’я, які ў Баранавічах, як і ва ўсім свеце, адзначылі 20 сакавіка.

Адкрыццё фотавыставы “Пра што спявае верабей”, падрыхтаванай грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) да Міжнароднага дня вераб’я, сталася галоўнай культурнай падзеяй мінулай нядзелі ў Баранавічах.



Экспазіцыю складаюць 13 фотаработ некалькіх беларускіх фатографаў з выявамі сцэнаў жыцця абодвух наяўных у Беларусі відаў вераб’ёў – дамавога і палявога. Тут можна пабачыць, як вераб’і бавяць час на самоце, як збіраюцца ў хаўрус, як п’юць ваду і як высвятляюць адносіны…


Падчас урачыстага адкрыцця выставы, сябры АПБ распавядалі пра сваю дзейнасць і запрашалі ўсіх ахвотных далучацца да сяброў арганізацыі. Баранавіцкі сябра арганізацыі Дзяніс Лундышаў распавёў пра адну з глабальных праблемаў сучаснасці – скарачэнне біялагічнай разнастайнасці на зямлі, а таксама – пра экалагічную і эстэтычную функцыю вераб’ёў і важнасць захавання гэтага віду птаства.

“Гэта невялікая шэрая птушка не толькі ратуе нашы палеткі ад мноства шкоднікаў, але і дадае непаўторнага хараства і дынамічнасці гарадскім пейзажам”, – падсумаваў Дзяніс Лундышаў.

Апроч гэтага, арнітолагі вучылі прысутных адрозніваць дамавых вераб’ёў ад палявых, а за найлепшыя вынікі такога навучання давалі падарунак – вялікі партрэтны фотаздымак вераб’я. А запрошаны ў якасці госця баранавіцкі скульптар Станіслаў Цалюк распавёў пра падрабязнасці з’яўлення ў Баранавічах сваёй сімвалічнай працы – помніка вераб’ю.

Пасля адкрыцця выставы сябры АПБ наладзілі майстар-клас па вырабе вераб’ёў з каляровай паперы. Кожны мог сваімі рукамі паспрабаваць зрабіць папяровага вераб’я. Сваю птушку пасля можна было або пакінуць сабе на памяць, або ўпрыгожыць ёю помнік вераб’ю ў цэнтры горада, куды ўсе ахвотныя рушылі пасля ўрачыстасцяў у бібліятэцы.


Для тых, хто не наведаў прысвечаную вераб’ю фотавыставу ў мінулую нядзелю, гэта яшчэ можна паспець зрабіць да 28 сакавіка.

Алесь Гізун
Па матэрыялах INTER-PRESS



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: