Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як беларускі брэнд птушкам дапамагае
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 9 красавіка 2018 года
Летась брэнд вопраткі LSTR—Адзенне выпусціў модныя світшоты са шчыгеламі — навінка разляцелася ўмомант. Многія захацелі прыдбаць сабе якасную дызайнерскую вопратку з птушкай 2018 года, а заадно дапамагчы дзікай прыродзе: дзясятую частку прыбытку ад світшотаў вытворца перадаў на падтрымку працы АПБ.
Дырэктар брэнда LSTR—Адзенне Ілля Аксёнаў лічыць, што нашы птушкі – такія ж моцныя сімвалы Беларусі, як арнамент або Пагоня. Дарэчы, шмат блізкіх сяброў і знаёмых Іллі цікавяцца птушкамі і бёрдвочынгам, таму ідэя супрацоўніцтва з АПБ выспела сама сабой.
Птушкі на адзенні – гэта ярка, стылёва і запамінальна. Сапраўды, попыт на світшоты са шчыгеламі аказаўся вельмі добры. Дзякуючы LSTR і яго пакупнікам АПБ сабрала 500 рублёў, за якія былі набытыя інструменты для валанцёрскіх летнікаў на Тураўскім лузе.
З дапамогай гэтых сякатараў можна будзе расчысціць большую плошчу тэрыторыі.
Хочаш дапамагчы Тураўскаму лугу сваімі рукамі і выпрабаваць новыя секатары? Далучайся ўлетку да валанцёрскага летніка АПБ па расчыстцы поплава!
Звычайна летнікі праводзяцца ў канцы ліпеня — жніўні, каб не турбаваць птушак на гнёздах. Дакладныя тэрміны звычайна абвяшчаюцца ў чэрвені – таму сачы за абвесткамі на сайце.
Дзякуй усім, хто набыў цудоўнае адзенне са шчыгеламі і падтрымаў дзікую прыроду!
А тым часам разам з LSTR мы рыхтуем новы птушыны світшот. Што за птушка будзе на ім – раскажам і пакажам неўзабаве!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: