Суд ЕС: Высечка лесу ў Белавежскай пушчы ў Польшчы была незаконнай

ад 19 красавіка 2018 года

­17 красавіка, у аўторак, Суд ЕС паставіў кропку ў канфлікце паміж ахоўнікамі прыроды і лясной гаспадаркай: высечка лесу ў Белавежскай пушчы ў Польшчы прызнаная незаконнай.

Канфлікт паміж грамадскасцю і ляснікамі ў Белавежскай пушчы цягнуўся два гады. Насамрэч – гэта быў бадай самы жорсткі канфлікт у галіне аховы прыроды ў Польшчы ў апошняе дзесяцігоддзе. Супраць актыўнай высечкі мёртвых елак у Белавежскай пушчы выступіла навуковая грамадскасць, актывісты грамадскага руху прыкоўвалі сябе да дрэваў і тэхнікі.

Актывісты блакуюць працу тэхнікі ў Белавежскай пушчы (Польшча). Фота Еўраньюз.

Былі петыцыі і маршы нязгодных.

Пасля суд пастанавіў спыніць высечку да вынясення канчатковага рашэння і прызначыў штраф у 100 тысяч еўра за кожны дзень высечкі.

І вось у гэтым пытанні пастаўлена кропка.

 

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
З 2002 падобная “эпідэмія” караеда-тыпографа гуляла амаль 10 год па беларускай частцы Белавежскай пушчы. У дзікай прыродзе такія эпідэміі хутка затухаюць і без дапамогі чалавека, бо паразіты і драпежнікі нават спецыялізуюцца на тыпографе і хутка збіваюць рост яго колькасці. Але вырубкі могуць дапамагчы караеду жыць амаль вечна. Караеды – сябры лесу, але ворагі лясной гаспадаркі. Нацыянальныя паркі і іншыя прыродаахоўныя тэрыторыі не павінны рабіцца палігонамі для лесанарыхтоўшчыкаў, бо і ў Польшчы, і ў Беларусі хапае лясных гаспадарак. Цікава, што пасля аб’явы памеру штрафу лесанарыхтоўкі ў польскай Пушчы спыніліся, а разам спынілася і “эпідэмія” караеда. Праблема знікла.

 

Суд Еўрапейскага саюза пастанавіў, что Польша парушыла заканадаўства ЕС, арганізаваўшы высечку дрэваў у Белавежскай пушчы — адным з найлепш захаваных рэліктавых лясоў у Еўропе.

У 2007 годзе Еўракамісія ўхваліла прысваенне польскай Белавежскай пушчы статусу тэрыторыі Natura 2000. Пад увагу бралася важнасць гэтай тэрыторыі для мясцовага насельніцтва, а таксама важнасць гэтай экасістэмы для некаторых відаў звяроў і птушак.

У адпаведнасці з Дырэктывай ЕС аб ахове дзікіх птушак, тэрыторыі таксама прысвоілі статус Зоны асаблівай аховы птушак.

Праз эпідэмічнае распаўсюджванне караеда-тыпографа, польскі міністр навакольнага асяроддзя Ян Шышко дазволіў у 2016 годзе рэзка павялічыць нарыхтоўку драўніны ў Белавежскай пушчы (у адным толькі Белавежскім лясніцтве норма нарыхтоўкі вырасла ўтрая), а таксама праводзіць санітарную абрэзкуі высечку дрэў і працы па аднаўленні лесу ў тых зонах, дзе любое ўмяшанне раней выключалася.

Пасля, у 2017 годзе, генеральны дырэктар Дзяржаўнага лесаўпраўлення Польшчы прыняў для трох лясніцтваў — Белавежскага, Броўскага і Гайнаўскага, Пастанову № 51 «адносна выдалення дрэў з калоніямі караеда-тыпографа і прарэджвання дрэў, якія складаюць пагрозу грамадскай бяспецы і ствараюць небяспеку пажару ва ўсіх узроставых класаў дрэвастояў у лясных раёнах…»

У Польшчы ў Белавежскай пушчы высякаюць лес

Высечка лесу ў Белавежскай пушчы (Польшча). Фота Еўраньюз

Так пачалася праца па выдаленні сухіх дрэваў і дрэваў, заселеных караедам-тыпографам з гэтых трох лясніцтваў на плошчы каля 34 000 га, што складае больш за палову плошчы ўсёй польскай тэрыторыі Белавежскай пушчы.

20 ліпеня 2017 года Еўракамісія падаў пазоў у суд ЕС, які пасля гэтага папярэдне забараніў Польшчы высечку дрэваў у пушчы. 17 красавіка 2018 года быў вынесены канчатковы вердыкт. Суд ЕС пацвердзіў, што высечка дрэваў у Белавежскай пушчы супярэчыць абавязацельствам Польшчы па Дырэктывах аб ахове прыроднага асяроддзя і аб ахове дзікіх птушак.

Па-першае, высечка дрэваў не выключае шкодных наступстваў для Белавежскай пушчы і дакладна прывядзе да страты яе часткі. Ёсць рызыка знішчэння месцаў гнездавання птушак, у тым ліку рэдкіх, а таксама месцаў жыцця і размнажэння рэдкіх жукоў, якія знаходзяцца ў Еўрасаюзе пад строгай аховай.

Па-другое, у пастанове № 51 не было абмежаванняў адносна канкрэтных дрэвастояў або ўзросту дрэваў, а высечка лесу на так званых “землях грамадскай бяспекі” нічым не абгрунтоўвалася. Таксама польскі бок не змог аргументаваць неабходнасць высечкі дрэваў, атакаваных караедамі.

Суд асабліва падкрэсліў, што план кіравання пушчай, падпісаны ў 2015 годзе, не называе караеда-тыпографа адной з пагроз для пушчы, наадварот, такой пагрозай ён называе выманне заражаных караедам векавых елак.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: