Знакамітасці супраць знішчэння птушак вясной!

ад 17 мая 2018 года

Пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч і Адам Глобус, музыкі Іван Кірчук, Андрусь Такінданг, Lesley Knife і Юры Данскоў, спартовец і спявак Віталь Гуркоў, а таксама іншыя вядомыя людзі Беларусі выступілі ў абарону птушак.

У канцы красавіка АПБ запусціла петыцыю з заклікам увесці мараторый на вясновае паляванне на вадаплаўных птушак. Збор подпісаў будзе доўжыцца да канца траўня. Пасля гэтага петыцыя з подпісамі будзе адпраўлена ў Адміністрацыю Прэзідэнта.

Тым часам штодня ў сацсетках АПБ публікуе постары з каментарамі выбітных беларускіх дзеячаў, якія падтрымалі петыцыю.

Светлана Алексиевич выступила в защиту птиц против весенней охоты

Кожны дзень усё новыя прадстаўнікі культуры, спорту і іншых сфер далучаюцца да кампаніі па зборы подпісаў і тлумачаць, чаму для іх гэта важна.

Адам Глобус, літаратар
У артыстычным свеце самым гадкім і самым страшным лічылася збіць на ўзлёце, гэта калі старыя цемрашалы гвалтоўна спынялі маладога творцу на самым пачатку ягонай дарогі. Калі не давалі яму выстаўляць карціны, калі не публікавалі ягоныя вершы ці калі не пускалі на сцэну… Страшна і мярзотна ад такога робіцца! Забойства птушкі вясной, забойства яе на ўзлёце… Што можа быць горш? Нічога! Таму я супраць палявання на птушак, я супраць палявання на птушак круглы год, а вясной асабліва.

 

 

Пра што петыцыя?

21 сакавіка 2018 года ўхваленыя новыя правілы палявання ў Беларусі. Падчас паляўнічых тураў цяпер дазволена страляць гусей абодвух палоў і качароў (самцоў качак) на працягу двух месяцаў.

Вясновае паляванне паводле новых правілаў сёлета завяршылася 13 траўня. Цяпер у сезон палявання многія птушкі вымушаны не толькі наседжваць яйкі, але і вадзіць птушанят пад гук кананады (напрыклад, у шэрых гусей птушаняты часам вылупляюцца ўжо ў канцы красавіка). Дарэчы, цяперашнія правілы палявання дазваляюць забіваць і птушанят.

З дапамогай электронных вабікаў і паўаўтаматычных стрэльбаў (якія амаль паўсюль у Еўропе, акрамя Беларусі, забароненыя) некаторыя паляўнічыя забіваюць птушак сотнямі.

 

У петыцыі АПБ патрабуе, каб на вясновае паляванне на вадаплаўных птушак ўвялі мараторый, а выкарыстанне электронных вабікаў і паўаўтаматычнай зброі цалкам забаранілі.

Уладзімір Арлоў супраць вясновага палявання на вадаплаўных птушак

 

Як падтрымаць петыцыю?

Свой голас у падтрымку птушак можна пакінуць тут.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
У нас ёсць толькі месяц, каб сабраць галасы супраць веснавога палявання. У 2013 годзе 20 тысяч подпісаў дапамаглі скараціць тэрміны палявання ў два разы, а цяпер іх зноў падоўжылі. Птушкі — не толькі паляўнічы рэсурс, яны частка дзікай прыроды. Цяпер качкі ў Беларусі знаходзяцца па-за паляўнічым прэсам усяго 6 месяцаў: з сярэдзіны снежня да сярэдзіны сакавіка і з сярэдзіны траўня да сярэдзіны жніўня. Дайце птушкам спакойна вывесці птушанят!

 

Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ
Уявіце сотні адзінокіх гусей, партнёраў якіх забілі, кінутыя кладкі, з якіх ужо ніколі не з’явяцца птушаняты, таму што птушкі, патурбаваныя паляўнічымі, пакінулі гняздо. Птушкі не могуць самі папрасіць аб дапамозе, але мы з вамі можам дапамагчы: чым больш грамадзян нашай краіны падпіша петыцыю за ўвядзенне мараторыя на вясновае паляванне, тым гучней прагучыць голас дзікай прыроды, тым больш шанцаў быць пачутымі прадстаўнікамі ўлады.

 

Ці застануцца правілы палявання нязменнымі ў наступным годзе або грамадскасці ўдасца пераканаць Адміністрацыю Прэзідэнта змякчыць іх? Гэта залежыць ад усіх нас.

Раскажы пра петыцыю сваім сябрам і знаёмым, выкарыстоўвайце хэштэгі #живите_птицы і #жывіце_птушкі і дзяліцеся пастамі АПБ ў фэйсбуку ды ўкантакце.

Адказ Адміністрацыі Прэзідэнта мусіць паступіць на працягу месяца пасля атрымання звароту.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: