Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Жыхары Ліды сустрэліся з міністрам, каб заступіцца за Дзітву
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 11 верасня 2018 года
Праблему знішчэння ўнікальнага міжрэчча ў пойме Дзітвы паднялі на сустрэчы з міністрам у Лідзе мясцовыя жыхары.
1 верасня Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Худык сустрэўся з грамадзянамі ў Лідзе. На прыём завіталі былы егер Лідскага лясгаса Аляксей Якімчык і жыхарка Ліды Вераніка Печарыца.
Над Дзітвой. Фота Івана Мураўёва
Пойма Дзітвы з яе рэдкімі біятопамі – дом для многіх жывёл і раслін, у тым ліку рэдкіх. Тут гняздуюцца шэрыя жураўлі і арлан-белахвост, такуе дубальт. Сёлета падчас экспедыцыі, якую ладзіла АПБ, яе ўдзельнікі Сямён Левы і Юры Квач зафіксавалі там двух самцоў вяртлявай чаротаўкі (уразлівы від паводле Міжнароднай Чырвонай кнігі), якія спявалі, а таксама знайшлі вельмі рэдкага ў Беларусі матылька – блакітнаватую мнагавочку. Для чаротаўкі – гэта апошняе месца ў Гродзенскай вобласці, дзе яна яшчэ засталася. Ахоўныя дакументы на гэтыя віды ўжо адпраўленыя ў Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Аляксей Якімчык называе пойму Дзітвы раем для капытных, водных і каляводных птушак і кажа, што гэта лёгкія Лідчыны. Сапраўды, такіх мясцін у раёне мала, і гэта толькі павялічвае іх значнасць для экалогіі. Былы егер лічыць, што ўнікальнае для Беларусі міжрэчча трэба абавязкова захаваць.
Дзікая рака Дзітва: што будзе з лёгкімі Лідчыны?
Але яно ўключанае ў план па торфаздабычы. Ад ракі Дзітвы з двума рэчышчамі можа застацца толькі тонкая глеістая нітачка. ААТ “Тарфабрыкетны завод Лідскі” плануе прыступіць да распрацоўкі Парачанскага радовішча торфу ў 2021-22 гадах.
Раскапаць Дзітву: Лідчына можа страціць унікальнае міжрэчча
Міністр Андрэй Худык заняў дыпламатычную пазіцыю: “Я добра разумею гэтую тэму і падтрымліваю вашу пазіцыю. Мне трэба сабраць навукова-тэхнічны савет і цалкам прааналізаваць сітуацыю. Я «за», нам трэба прырастаць новымі прыроднымі тэрыторыямі. Але хачу, каб і вы як грамадзяне Рэспублікі Беларусь разумелі, што эканоміку трэба развіваць. А для гэтага патрэбныя новыя вытворчасці. Трэба шукаць баланс”.
Але Вераніка, якая падрыхтавала пераканаўчую прэзентацыю, давяла, што пойму Дзітвы з вялікімі астравамі нельга раскопваць для здабычы торфу. Гэта знішчыць важную прыродную тэрыторыю і не прынясе эканамічнага эфекту.
Фрагмент з прэзентацыі Веранікі Печарыцы
Фрагмент з прэзентацыі Веранікі Печарыцы
Торф выпрацуюць за некалькі гадоў, а ўнікальныя мясціны будуць знішчаныя назаўжды. Знікнуць рэдкія і звычайныя віды звяроў, птушак і раслін, перавядзецца рыба, якой пакуль так шмат, што ўвесну людзі рыбаляць па чарзе: не хапае дзе сесці з вудаю. Зробіцца суха і пажаранебяспечна, паветра не будзе ачышчацца як след.
Фрагмент прэзентацыі Веранікі
Пойма Дзітвы павінна зрабіцца ахоўнай тэрыторыяй, а не бруднай плямай на карце. АПБ падтрымлівае пазіцыю мясцовых жыхароў.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: