Дзікія сабакі Гарадка: агрэсіўных звяроў абяцаюць адлавіць

ад 25 кастрычніка 2018 года

Толькі сціхлі жарсці па так званай “чупакабры”, якая нібыта загрызала сабак на Слонімшчыне, а па факце сама аказалася сабакам, як зноў-здароў: медыя напісалі пра падобны выпадак у Гарадку.

17 кастрычніка газета “Рэспубліка” апублікавала матэрыял пра тое, што там ваўкі крадуць і забіваюць сабак і нават нібыта трапілі на камеры відэаназірання. Але гэтыя запісы нідзе не публікаваліся і ніхто са спецыялістаў, хто мог бы пацвердзіць, што на іх менавіта ваўкі, гэтага відэа не бачыў.

Мы звязаліся з усімі жыхарамі Гарадка, што фігуравалі ў артыкуле як пацярпелыя, і пачулі ад іх, што ніхто з іх не бачыў,  хто менавіта скраў або загрыз іхных сабак. Некаторыя з іх бачылі сляды, падобныя як да ваўчыных, так і да сабачых.

Каб разабрацца ў сітуацыі, АПБ выправіла ў Гарадок спецыяліста па ваўках Дзмітрыя Шамовіча. Вось што яму ўдалося даведацца.

Жыхары вуліц Паўночнай і Яблыневай, што з паўночнага боку Гарадка. На гэтых вуліцах нібыта знікла некалькі сабак. Адна з гаспадынь паказала будку з ланцугом без слядоў абрыву: яе сабака знік разам з ашыйнікам.

Цепь без следов обрыва

Слядоў абрыву няма. Фота Дзмітрыя Шамовіча

Адметна, што будка схаваная за паветкамі і плотам так, што з хаты нельга было б нават убачыць, што там адбываецца.

Будка за сараями

Будку не бачна з дома. Фота Дз. Шамовіча

Паколькі многія навязваюць ашыйнікі да ланцуга недастаткова моцна, проста дротам, то не выключана, што некаторыя сабакі збеглі. Напрыклад, аднаго з сабак, што знік у Верамееўцы – аграгарадку праз поле ад гэтых вуліц, бачылі пасля ў горадзе ў зграі бадзяжных сабак.

Некаторыя жыхары расказалі, што закрывалі на ноч сваіх сабак у паветках.

Слядоў на момант прыезду спецыяліста амаль не засталося, але некалькі Дзмітрыю ўсё ж удалося пабачыць і зрабіць замеры.

Спецыяліст па ваўках Дзмітрый Шамовіч:Побач на градах была пара вялікіх слядоў, крок даволі шырокі. Але слядоў засталося вельмі мала, так што выразнага ланцужка хаця б з пяці слядоў там не было. Па тым, што ёсць, можна было падумаць, што гэта або воўк, або даволі высокі сабака.

След крпупной собаки либо волка

След. Фота

Расстояние между следами

Адлегласць паміж слядамі. Фота Дзмітрыя Шамовіча

Дзмітрый завітаў у мясцовае аддзяленне Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Дырэктар Юрый Ляонаў паведаміў, што ля Гарадка жывуць два вялізныя белыя сабакі, якіх бачылі многія жыхары Гарадка, а адзін трактарыст нават змог сфатаграфаваць. Яны – галоўныя падазраваныя ў нападах на мясцовых хатніх сабак.

Две крупные белые собаки в Городке

Падазраваныя сабакі. Фота мясцовага жыхара

Паводле Юрыя, гэтыя белыя сабакі жывуць каля зялёнай зоны і ходзяць вакол горада, паводзяцца асцярожна: калі бачаць, што спыняецца машына, збягаюць, стараюцца не выходзіць за межы зялёнай зоны, за якой пачынаюцца паляўнічыя ўгоддзі.

Ваўкоў вакол таксама Гарадка шмат, кажа Юрый Ляонаў. З пачатку года тут іх застрэлілі каля 30. Але такія паводзіны для гэтых драпежнікаў не характэрныя: “Воўк – звер акуратны, ён не можа так бязбоязна вакол хадзіць,” – падкрэслівае дырэктар БТПР.

Юрый не выключае, што гэта могуць быць гібрыды – сабакі з невялікім дамешкам воўчай крыві, якія не баяцца ні святла, ні паху чалавека. Сапраўды, калі побач з лесам, дзе жывуць ваўкі, ёсць бадзяжныя сабакі, то ёсць і імавернасць іхнага скрыжавання.

Юрый Ляонаў расказвае пра тое, што некаторыя заводчыкі паляўнічых сабак адмыслова выводзяць лаек, скрыжаваных з ваўком. Калі з такімі сабакамі ўжо немагчыма даваць рады, паляўнічыя іх звычайна забіваюць. Але не выключана, што некаторыя з іх апынаюцца на волі.

Бадзяжных сабак, зазначае Юрый Ляонаў, вакол Гарадка хапае. Штогод паляўнічыя адстрэльваюць іх у лесе, дзе яны займаюць норы барсукоў і лісіц, робяць вывадкі. Ёсць норы і ў межах горада. “Гэта па сутнасці дзікія звяры. Яна палююць на зайцоў, на казулянят. Яны не баяцца чалавека, але паводзяцца асцярожна”.

Прычынай таму, на думку Юрыя, могуць быць тыя дачнікі, што заводзяць сабаку на лета, а потым з’язджаюць і кідаюць гадаванца. Дадамо, што непрывязаныя або кепска прывязаныя сабакі могуць уцякаць ад гаспадароў і далучацца да такіх зграй.

Старшыня спецыяльна скліканай камісіі, начальнік Гарадоцкай раённай ветстанцыі Сяргей Зайцаў расказаў, якія меры будуць прымацца. Напрыклад, камісія пастанавіла праводзіць загонныя паляванні на мяжы з зялёнай зонай, каб распужаць бадзяжных сабак, наладзіць асвятленне на вуліцах у цёмны час, адрамантаваць агароджы, апублікаваць памяткі для людзей у мясцовай прэсе.

Сяргей Зайцаў адзначыў, што праблема з адстрэлам ці адловам сабак у тым, што яны трымаюцца зоны вакол горада, дзе забароненае паляванне, і амаль не выходзяць адтуль ні на паляўнічыя ўгоддзі, дзе іх маглі б адстрэліць паляўнічыя, ні ў горад, дзе іх маглі б адлавіць і ўсыпіць камунальныя службы.

Аднак намеснік старшыні Гарадоцкага райвыканкама Раман Люлюк паведаміў, што выканкам падпіша рашэнне аб адлове гэтых сабак і дадуць часовы дазвол на адпаведныя мерапрыемствы.

Без панікі

Практыка паказвае, што чуткі вакол ваўкоў хутка раздзьмуваюцца, але разыходзяцца з фактамі. Так, летась была шуміха вакол вёскі Газьбы ў Гарадоцкім раёне, дзе ваўкі нібыта з’елі ўсіх сабак, а насамрэч, як сведчыць Юрый Ляонаў, у гэтай вёсцы знік толькі адзін сабака, прычым не даказана, ці быў ён загрызены ваўком або іншым сабакам, ці проста збег.

«Решения повсеместно уничтожать волка принимаются на основании слухов»

А так званы “чупакабра” з-пад Слоніма, што нібыта загрызаў прывязаных сабак, сам аказаўся звычайным сабакам.

Сабакі або гібрыды сабакі і ваўка не баяцца чалавека, у адрозненне ад ваўка, і могуць паводзіцца нахабна. Больш за тое, яны ведаюць звычкі чалавека і могуць лёгка яго абхітрыць.

Для ваўка такая дэвіяцыя паводзінаў – прыкмета таго, што ён нямоглы, хворы. Зграя ваўкоў не будзе рабіць рэйды па падворках людзей. Яны палююць у лесе.

Бяздумны адстрэл ваўкоў не вырашае праблемы. Часам нават іх стварае: напрыклад, калі забіваюць мацёрых ваўкоў і іхная зграя распадаецца на ваўкоў-адзіночак, якія не могуць паляваць самастойна і ў пошуку лёгкага спажытку выходзяць да населеных пунктаў.

Ліквідаваць мае сэнс таго, хто сапраўды ўчыняе забойствы сабак. А для гэтага трэба разважліва і без панікі высветліць, хто гэта.

Некалькі парадаў

Собака на будке

Не пакідайце сваіх сабак і клапаціцеся пра іх. Фота Алесі Башарымавай

  • Не пакідайце сваіх сабак. Калі не зможаце даглядаць іх усё жыццё, не заводзьце іх.
  • Не прыкормлівайце драпежных звяроў. Не стварайце адкрытыя сметнішчы, дзе яны будуць шукаць ежу. Могільнікі жывёл, пляцоўкі для забою быдла і падобныя ім месцы павінны адпавядаць санітарным правілам і быць недасяжнымі для дзікіх і безнаглядных звяроў. Інакш вялікая верагоднасць таго, што там будуць збіавацца зграі бадзяжных сабак, і туды, блізка да населенага пункта, будуць часта наведвацца ваўкі-адзіночкі.
  • Не выпускайце сабак бегаць без нагляду. Інакш яны могуць прыбіцца да зграі бадзяжных сабак, трапіцца ў зубы дзікаму зверу або іх могуць законна застрэліць на сваіх угоддзях паляўнічыя.
  • Прывязвайце сваіх сабак надзейна, каб не зрываліся з ланцуга. Размяшчайце будку так, каб яна была ў вас навідавоку і вы маглі дапамагчы гадаванцу, калі на яго раптам нападуць.
  • Калі ў вашай вёсцы ці горадзе пачалі знікаць сабакі, не чакайце, пакуль знікне ваш: забірайце яго на ноч у дом ці замыкайце ў надзейнай гаспадарчай пабудове.
  • Не панікуйце. Калі вы бачыце след, не спяшайцеся рабіць выснову, што ён ваўчыны. Калі чуеце выццё, не спяшайцеся рабіць выснову, што гэта ваўкі – яны, дарэчы, не маюць звычкі выць падчас палявання.
  • Калі ў вас падазрэнне, што на вашых хатніх жывёл палююць ваўкі, паведамляйце адразу нам: у нас ёсць спецыялісты, якія займаюцца ваўкамі і змогуць разабрацца ў сітуацыі: (+375 29) 223-06-13, (+375 29) 101-68-87.

телеграм апб



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: