Пра беларускую арніталагічную сенсацыю – у нямецкім часопісе

ад 5 лістапада 2018 года

Мінулы, 2017-ты год у нашай краіне атрымаўся багаты на арніталагічныя адкрыцці і сенсацыі (у добрым сэнсе гэтага слова).

Былі зарэгістраваныя два новыя для Беларусі віды птушак: сібірскі чорнагаловы ерчык і стрынатка-крошка, упершыню даказана гнездаванне шыладзюбкі. Але паводле еўрапейскіх мерак самым цікавым вынікам нашых назіранняў у 2017-м бясспрэчна можна лічыць першы як мінімум за апошнія 100 гадоў выпадак гнездавання ў нашай краіне стэпавага луня (Circus macrourus).

Падрабязна пра яго расказана на сайце «Птушкі штодня». Назіранні Уладзіміра Бондара на Магілёўшчыне не адразу і не так лёгка атрымалася правільна інтэрпрэтаваць. І менавіта гэтая гісторыя, ілюстраваная арыгінальнымі здымкамі Уладзіміра і падрыхтаваная Дзмітрыем Вінчэўскім, зацікавіла рэдакцыю часопіса Der Falke (“Сокал”), які выдае ў Баварыі (Германія) таварыства LBV. Таварыства займаецца там аховай птушак і дзікай прыроды і з’яўляецца адным з двух нямецкіх партнёраў глабальнай асацыяцыі BirdLife International.

Зразумела, што часопіс найперш прысвечаны птушкам і прыродзе Баварыі і Германіі, але ў некаторых ранейшых нумарах ужо былі падрабязныя артыкулы, звязаныя або прысвечаныя нашай прыродзе і птушкам. Так, у нумары 3 за 2008 год Марцін Фладэ падрабязна распавядаў пра гісторыю даследаванняў вяртлявай чаротаўкі (у тым ліку і ў нашай краіне), а ў нумары 5 за 2011 год Наталля Карліонава прадставіла баварскім аматарам назіранняў птушак асаблівасці міграцый баталёнаў праз пойму Прыпяці, і ў тым жа нумары ёсць вялікі артыкул пра Тураў і навакольную прыроду.

Вельмі прыемна таксама, што адзін з наступных нумароў Der Falke будзе амаль цалкам прысвечаны самым цікавым птушкам Беларусі.

Падрыхтаваў для birdwatch.by Дзмітры Вінчэўскі,

выкарыстаны скрыншоты вокладкі і старонак артыкула пра гнездаванне ў нас стэпавага луня

Одноклассники АПБ

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: