Чаму птушанят нельга чапаць?

ад 14 мая 2020 года

У траўні, чэрвені і ліпені птушаняты-подлеткі пакідаюць гнёзды, каб навучыцца жыць без бацькоў. Убачыўшы малеч, людзі часам хочуць дапамагчы ім і забіраюць іх дадому. Тлумачым, чаму так рабіць нельга.

Слеток ушастой совы, фото Каролины Князьковой

Слеток ушастой совы, фото Каролины Князьковой

Калі птушаня сядзіць на зямлі, гэта не значыць, што яно траўмаванае або пакінутае бацькамі. Рэч у тым, што птушаняты стараюцца пакінуць гняздо як мага хутчэй, бо ў гняздзе драпежнікам нашмат лягчэй іх знайсці.

Часта птушаняты-подлеткі выскокваюць з гнязда яшчэ з кароткімі махавымі пёрамі і не могуць лятаць. Таму яны прызямляюцца на галінкі ці на зямлю. Пакрысе яны трэніруюцца і вучацца лётаць, а бацькі знаходзяцца побач, на гнездавым участку, і прыглядаюць за імі ды кормяць. Таму забіраць ці пераносіць птушанят у іншае месца (“ратаваць”) нельга: вы не паклапоціцеся пра іх лепш за бацькоў!

Увага! Калі на зямлі ты бачыш птушаня голуба або свіргуля (стрижа) — яму трэба дапамога. Парады па дапамозе птушанятам галубоў ты можаш атрымаць у валанцёркі Зоі Кенько — ibick@mail.ru. Парады па дапамозе свіргулянятам — у групе vk.com/strizh_by.

Як дапамагчы свіргуляняці

Як адрозніць подлетка ад дарослай птушкі?

Подлеткі звычайна пакрытыя часткова пухам, махавыя і рулявыя пёры ў іх могуць быць часткова ў трубачках. Птушаняты соваў пакідаюць гняздо рана, калі яны яшчэ ў пуху. У вераб’іных птушанят на краях дзюбы — жоўтыя валікі, якія павялічваюць памеры дзюбы, каб бацькі не прамахнуліся з кормам, нездарма іх называюць “жаўтароцікамі”.

 Часта подлеткаў памылкова прымаюць за «хворую» або «недаразвітую» птушку. Насамрэч з птушанём усё ў парадку: гэта «падлетак», і ён хутка вырасце ў дарослую птушку!

Прыкметы подлетка

  • у птушаняці можа тырчэць пух на галаве ці спіне;
  • кароткі хвост, як быццам «абгрызены»;
  • махавыя і рулявыя пёры часткова ў трубачках;
  • на краях дзюбы — жоўтыя валікі.

Калі хоць адна з гэтых прыкмет ёсць, то перад вамі – подлетак. Птушаня вучыцца, не замінайце яму!

Слеток дрозда

Слеток дрозда. Фото Виталия Некрашевича

Што рабіць, калі знайшлі птушаня-подлетка?

Калі вы бачыце подлетка за горадам — адыдзіце далей і не турбуйце птушаня і яго бацькоў.

Калі вы бачыце подлетка ў горадзе, то ацаніце месца: ці бяспечнае яно? Калі побач – ажыўленая сцежка, дарога, пляцоўка для выгулу сабак або дзіцячая пляцоўка, то лепш акуратна перанесці птушаня (недалёка!) да кустоў ці дрэваў паблізу, падсадзіць на галінку, падкінуць на брыль пад’езда або дах гаража, каб па вашым паху яго не знайшоў сабака або кот: там бацькі знойдуць яго, а людзі-“выратавальнікі” – не.

Рабіце гэта толькі ў самых небяспечных для птушак месцах і вельмі акуратна: падчас пагоні птушка адчувае стрэс, а людзі могуць пашкодзіць яе яшчэ далікатныя косткі або выдраць хвост. Таксама не спрабуйце пакарміць птушку.

Што рабіць, калі вы ўжо забралі птушаня дадому?

Як мага хутчэй вярніце птушку на тое самае месца, дзе ўзялі!

Птушаняты – гэта не шчанюкі і не кацяняты, а дзікія жывёлы, — падкрэслівае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — Яны павінны заставацца ў дзікай прыродзе. Калі вы ўзялі дадому моцнае птушаня, вы ўжо безумоўна «забілі» яго для прыроды. Да таго ж, птушаняты патрабуюць спецыфічнага догляду, у тым ліку — кармоў, і, на жаль, больш за палову выпадкаў такой «дапамогі» ад людзей сканчаюцца сумна, у найгоршым сэнсе гэтага слова.

АПБ звяртаецца да ўсіх, хто турбуецца за подлеткаў: калі ласка, не чапайце птушанят! Не стварайце цяжкасцяў ні птушкам, ні сабе!

Калі ж вы ўбачылі траўмаваную птушку (напрыклад, яна цягне крыло, кульгае, ці закідвае галаву), то можна звярнуцца па дапамогу ветэрынара або валанцёраў.

Акрамя таго, АПБ нагадвае, што наша заканадаўства забараняе вымаць жывёл з дзікай прыроды: за такія дзеянні прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: