Прачынайцеся пад птушыныя галасы

ад 2 сакавіка 2012 года

Кожную сераду на хвалях канала “Культура” гучаць птушыныя спевы. У восем — дзесяць хвілін, якія займае ў эфіры рубрыка “Птушыная раніца” змяшчаецца не толькі віктарына, але і навіны ад грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

            Кожную сераду на хвалях канала “Культура” гучаць птушыныя спевы. У восем — дзесяць хвілін, якія займае ў эфіры рубрыка “Птушыная раніца” змяшчаецца не толькі віктарына, але і навіны ад грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Так што зараз рэклама “заалагічных чацьвяргоў” ці птушыных улікаў распаўсюджваецца не толькі праз інтэрнэт ці папяровыя СМІ – яна рэгулярна гучыць на радыё. Для самой арганізацыі гэта – несумненны плюс. Для журналіста – таксама. Птушкі аказаліся канкурэнтназдольнымі сярод рока і папсы, якімі запаўнены ФМ дыяпазон. Для радыё заўсёды вельмі важна не толькі – што сказаць, але і як гэта зрабіць, як зачапіць цікаўнасць слухачоў і як утрымліваць іх увагу на працягу доўгага часу. Шмат журналістскай энергіі ідзе менавіта на пошукі той формы падачы, якая будзе прывабнай і даступнай для слухачоў. У пошуках такой формы мы пачалі супрацоўніцтва з АПБ яшчэ ў 2010 годзе, у межах турыстычнай праграмы “Два кіламетры”. Раз на месяц госцем эфіру рабіўся прадстаўнік АПБ Руслан  Шайкін, які апавядаў пра разнастайныя асабліваахоўныя прыродныя тэрыторыі. Разам з ім мы пабывалі на Тураўскім лузе, вандравалі па Сарачанскіх азёрах і Альманскіх балотах. І заўсёды фонам для размоў былі птушыныя галасы. Кожны такі эфір суправаджаўся ўсплескам званкоў ад зацікаўленых слухачоў.

            У новым сезоне праграма стала больш “канцэнтраванай”, кароткай, затое выходзіць стала часцей. Цяпер яна гучыць штосераду. І для кагосьці гэта нават стала нагодай падкарэктаваць рэжым дня. Адзін са слухачоў у кароткім інтэрв’ю па тэлефоне прызнаўся, што па серадах устае крышку раней, каб рубрыка заспела яго у машыне, дзе ўвесь час гучыць канал “Культура”. Так што і для супрацоўнікаў радыё гэта рубрыка стала надзвычай карыснай – дзякуючы ёй мы змаглі адчуць зваротную сувязь з аўдыторыяй. Большасць удзельнікаў віктарыны – выкладчыкі і настаўнікі. Не меньш актыўна ўдзельнічаюць у ёй і школьнікі. І гэта зразумела – гэтыя дзьве катэгорыі людзей найбольш дасведчаныя ў біялогіі. Арыгінальная форма рубрыкі – у выглядзе віктарыны – удала хавае адукацыйны кампанент пад забаўляльнай формай. Падказкі дазваляюць амаль кожнаму слухачу паспрабаваць свае сілы і паўдзельнічаць у змаганні за прызы. Самы малодшы прызёр – васьмігадовая школьніца – даслала адказ з дапамогай бабулі. Так што “Птушыная раніца” спрыяе і дыялогу паміж пакаленнямі.

Наталля Буландо, вядучая перадачы

            Цікава адзначыць, што большасць прызоў адпраўляюцца ў невялічкія гарады і вёскі. Хаця – тлумачыцца гэта дастаткова проста. Менавіта там тэмп і лад жыцця пакідаюць магчымасць назіранняў за жывой прыродай. А пра тое, што жыхары мегаполісаў страчваюць гэты навык сведчыць мой вопыт з кармушкай, якая была вывешана ў двары Дома Радыё. На кармушцы адразу з’явілася не меньш тузіна пеўчых птушак – вялікіх сініц, вераб’ёў і нават пара зелянушак. Аднак бурнае птушынае жыццё, іх міжвідавыя сутычкі за ежу і сытыя песенькі заставаліся нябачнымі да многіх супрацоўнікаў, якія часта выходзяць у двор Дома Радыё. Гэта прымушае ўспомніць амерыканскага псіхолага Эрыка Бёрна, які, тлумачыў, што шчаслівым можна быць, “уключаючыся” у рэальнасць тут і зараз, і прыводзіў у прыклад менавіта ўменне слухаць птушыныя галасы. Такім чынам, ранішняя рубрыка, прысвечаная птушкам, узбагаціла новым вопытам і мяне саму. Мне не толькі давялося выслухаць мноства расказаў пра звычкі птушак, але і заняцца практычнай дапамогай ім – праз усё тую ж кармушку. Карысць жа для саміх птушак падлічваць не будзем.

 Наталля Буландо,

журналіст радыё “Культура”



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: