Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Сустрэча з совамі
Навіна арганізацыі ад 2 сакавіка 2012 года
24 лютага сябры клуба “Рэдкая птушка” разам з вядомым спецыялістам па совах Генадзем Аркадзевічам Міндліным паспрабавалі “сустрэцца” з совамі на іх тэрыторыі, дакладней, пачуць гэтых цікавых птушак у вечаровым лесе непадалёк ад Мінску.Ці змаглі б Вы зымітаваць гукі савы? Ці ўяўляеце Вы ўвогуле, якія яны, гэтыя гукі? 24 лютага сябры клуба “Рэдкая птушка” разам з вядомым спецыялістам па совах Генадзем Аркадзевічам Міндліным паспрабавалі “сустрэцца” з совамі на іх тэрыторыі, дакладней, пачуць гэтых цікавых птушак у вечаровым лесе непадалёк ад Мінску.
Зацікаўленых пачуць уханне савы на ўласныя вушы назбіралася 13 чалавек. На двух машынах мы хутка дабраліся да месца. Канешне, прыкметным яно было толькі для Генадзя Аркадзевіча: прырода наздейна хавае свае каштоўнасці. Прайшоўшы метраў дзвесце ўздоўж дарогі, мы “павіталіся” з лесам і сапраўдным глыбокім снегам. Падарожжа ўглыб лесу аказалася не такім ўжо і доўгім: 10 хвілін і Генадзь Аркадзевіч паказвае нам некуды ўверх, дзе размясцілася на высокім дрэве савіная хатка. “Такіх савіных гнёздаў у радыусе 120 км мы зрабілі 26, з іх 23 засялілі совы, — распачынае гаворку Генадзь Аркадзевіч, — у гэтым вось жыве шэрая кугакаўка”.
Ужо 20 год як гэты чалавек займаецца такой важнай справай: вывучае соў, шукае і знаходзіць іх гнёзды, будуе новыя хаткі, лазячы па дрэвах, каб прымацаваць іх, а потым рэгулярна наведвае такія месцы, каб пабачыць, ці засялілі совы чалавекам зробленыя гнёзды. Больш таго, прыкмеціўшы новую савіную сям’ю, Генадзь Аркадзевіч сочыць за яе пашырэннем: колькі яек адкладае сава, колькі птушанят з іх вылупіцца і выжыве … ўсё-ўсё ведае пра іх. Нядзіўна, што і гукі савіныя можа імітаваць так, што і совы яму адказваюць.
Дарэчы, маленькі экскурс у савіны свет: гэтыя птушкі ніколі не будуюць гнёзды самі, яны або займаюць хаткі іншых жыхароў лесу, такіх як канюкі, дзятлы, або знаходзяць пабудаванае для іх чалавекам жыллё. У сувязі са шматілікімі вырубкамі лесу ўсе больш скарачаецца тэрыторыя, на якой совы могуць знайсці сабе прытулак, тым больш чужое гняздо. Менавіта тут і пачынаецца місія Генадзя Аркадзевіча і яго таварышаў: забяспечыць соў хаткамі. “Калі на працягу 3 гадоў совы не засяляюць гняздо, мы здымаем яго і знаходзім іншае месца, — тлумачыць спецыяліст, — але такое, да шчасця, здараецца рэдка”.
Пакуль мы дзівілся з савінай хаткі, павольна напаўзала цемра. Вечар у лесе зусім не тое, што ў горадзе, сярод натоўпу і ліхтароў. Сапраўды адчуваеш, што ты, чалавек, не побач з прыродай, ты – яе непасрэдная частка. Распаліўшы вогнішча, мы гутарылі і адначасова прыслухоўваліся. Пагадзіцеся, незвычайна, але так цікава прыцішваць гаворку, каб слухаць лес, каб пачуць савінае ўханне. Увогуле совы карыстаюцца такімі гукамі, каб прадэманстраваць, што тут іх тэрыторыя, і каб проста “паразмаўляць” адно за адным. Розныя совы – розныя гукі. Генадзь Аркадзевіч адмыслова імітаваў савіны голас, каб птушка яму адказала, але прывабнасць такіх лясных вылазак у тым, што тут усе мы, людзі, хутчэй госці, птушкі і жывелы – гаспадары. Совы вельмі разумныя істоты, проста так ухаць яны не стануць. Мы пераходзілі ад аднаго месца да іншага, каб пачуць іх уханне. Ішлі, потым рэзка прыпыняліся кожны раз, як хто-небудзь пачуе пдобныя да савіных гукі. І зноў цішыня і чаканне … І вось нарэшце мы пачулі доўгачаканы савіны голас, уханне шэрай кугакаўкі, даволі працяжнае і такое сапраўднае. Усе радаваліся, чакалі яшчэ, спадзяваліся, сава пагадзіцца пагутарыць яшчэ. На самой справе, кожны проста атрымліваў асалоду ад свежага паветра, высокіх прыгожых дрэваў, глыбокага-глыбокага снегу, якога ў горадзе не пабачыш, ад магчымасці пачуць цішыню і сапраўдныя прыродныя гукі, тое, што так важна, але так рэдка здараецца, калі не бываеш доўгі час на прыродзе. Нарэшце, наслухаўшыся савіных спеваў і адпачыўшы ў лесе, мы пакрочылі па нашай сцежцы назад. Было нясумна развітвацца з совамі і з лесам, бо калі любіш прыроду і яе стварэнні, яны заўсёды з табой. Мы спадзяемся, совы і іншыя жыхары лесу былі рады пабачыць нашу невялікую групу закаханых у прыроду, тым больш што мы не шумелі і не заміналі лясной гармоніі, а глязделі на прыгажосць і слухалі уханне соў, за што ім і дзякуем.
Сіткевіч Ліза, студэнтка 5-га курса факультэта міжнародных адносін БДУ, практыкантка АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: