Жывая Вясна 2012 пачынаецца: першы белы бусел прыляцеў у Беларусь!

ад 14 сакавіка 2012 года

 

Вясна ідзе, прырода ажывае ад зімняга сну! Птушкі вяртаюцца з выраю, тыя, што зімавалі тут, адлятаюць на поўнач, некаторыя транзітам перасякаюць нашу краіну. Для ўсіх аматараў птушак і прыроды ў Беларусі праходзіць штогадовая агульнаеўрапейская кампанія “Жывая Вясна”. Вы можаце прыняць у ёй актыўны ўдзел і запрасіць сваіх родных і сяброў.

Пасланкамі вясны выбраны 5 птушак – белы бусел, вясковая ластаўка, звычайная зязюля, чорны свіргуль і шчурка-пчалаедка. Першыя чатыры птушкі знаёмыя амаль кожнаму чалавеку. Шчурка-пчалаедка – птушка рэдкая, пабачыць яе не так проста, але для сапраўдных аматараў назіранняў за прыродай гэта стане чарговай цікавай місіяй.

Першы белы бусел быў заўважаны 12 сакавіка ў горадзе Маларыта (Брэсцкая вобласць). З буслоў і пачынаецца Жывая Вясна 2012!

Жадаеце прыняць удзел? Калі Вы ўпершыню ў гэтым годзе ўбачылі белага бусла, вясковую ластаўку, звычайную зязюлю, чорнага свіргуля або шчурку-пчалаедку, запамінайце колькасць і месца назірання і заходзьце на сайт Жывой Вясны www.springalive.net. Там Вы зможаце змясціць свае назіранні і пабачыць, колькі людзей ужо гэта зрабілі.

У 2011 годзе з Беларусі паступіла больш 4000 назіранняў, па іх колькасці наша краіна была на чацвёртым месцы сярод 30 еўрапейскіх краін. Гэта сведчыць аб тым, што жыхары Беларусі любяць прыроду і з ахвотай назіраюць за вясеннім прылётам птушак.

Для нас важна кожнае Ваша назіранне! Далучайцеся да Жывой Вясны разам з птушкамі!

Ліза Сіткевіч, каардынатар Жывой Вясны

+37529 8786573



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: