Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Шукайце белых буслоў і ўдзельнічайце ў Жывой Вясне 2012!
Навіна арганізацыі ад 20 сакавіка 2012 года
12 сакавіка ў Маларыце быў заўважаны першы белы бусел, які прыляцеў у Беларусь з выраю. Зараз усё больш і больш белых буслоў вяртаецца на Радзіму. Іх можна шукаць, назіраць за іх жыццём і змяшчаць свае назіранні на сайце Жывой Вясны www.springalive.net. Заклікаем і Вас да ўдзелу!
Белы бусел – сапраўдны сімвал Беларусі. Мы ўсе яго ведаем і хаця б адзін раз бачылі. Агульнаеўрапейская кампанія Жывая Вясна і “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) кожны год заклікаюць Вас заносіць на адмысловы сайт свае першыя рэгістрацыі птушак-пасланак вясны. З пяці відаў птушак-пасланак вясны першымі ў Беларусь прылятаюць белыя буслы – значыць, шукайце сваіх першых буслоў.
Як знайсці першага бусла?
Для гэтага проста трэба глядзець на неба часцей і даўжэй, чым звычайна і старацца адшукаць гэтую даволі вялікую птушку з доўгімі чырвонымі нагамі і чырвонай дзюбай, белым пер’ем і чорнымі крыламі. Маладыя буслы звычайна з жоўта-шэрымі нагамі і чарнаватай дзюбай. Падаецца, не так цяжка іх і знайсці ў веснавым небе.
Што яшчэ можна зрабіць?
Можна таксама і паназіраць за белымі бусламі і іх жыццём. Гэта надзвычай цікавы занятак. Дзе ж іх можна заўважыць часцей за ўсё? Можна проста ў небе, можна і на вільготных лугах, дзе яны палююць на грызуноў, чарвякоў і насякомых, а можна і менавіта на гнёздах, якія белыя буслы будуюць звычайна на дахах дамоў, на тэлеграфных і электрычных слупах і на высокіх дрэвах непадалёк ад чалавечага жылля. Даўно ўжо існуе такая прыкмета, што калі белы бусел пабудаваў гняздо побач з Вашай хатай, то будзе ў Вас шчасце і дастатак. Магчыма, Вы не ведаеце, а белыя буслы – вельмі адданыя сваёй сям’і. Адны і тыя ж пары кожны год прылятаюць на сваё старае гняздо і гадуюць птушанят.
Ёсць народная прыкмета і наконт таго, што белыя буслы стаяць на адной назе: лічыцца, што гэта да маразоў. Але ж мала хто ведае, што перыядычна птушкі мяняюць адну нагу на другую і так рэгулююць тэмпературу свайго цела.
Як пазнаць бусла па голасе?
Можна таксама і пачуць белага бусла. Характэрны гучны клёкат можна дзеля зручнасці спампаваць на мабільны тэлефон, даслаўшы паведамленне на кароткі нумар 0841 і перайшоўшы па атрыманай спасылцы*. Голас белага бусла можна будзе пачуць да прылёту наступнай вясновай пасланкі – вясковай ластаўкі.
Як удзельнічаць у Жывой Вясне?
Відавочна, што назіраць за белымі бусламі – вялікая асалода. Далучайцеся да Жывой Вясны 2012 і змяшчайце свае першыя назіранні за белымі бусламі на сайце Жывой Вясны www.springalive.net. Там Вы можаце пабачыць статыстыку па Еўропе і праслядзіць за міграцыяй белых буслоў. А яны, у сваю чаргу, будуць Вам удзячныя за ўвагу і зацікаўленасць.
Пасля таго, як пабачыце першага белага бусла, можаце пачынаць пошук у небе ластавак.
Далучайцеся да Жывой Вясны разам з птушкамі!
Ліза Сіткевіч,
каардынатар Жывой Вясны
+37529 8786573
*дадзеная паслуга рэалізавана пры тэхнічнай падтрымцы Агенцтва мабільнага маркетынгу СТРИМЛАЙН. СМС на нумар 0841 каштуе для абанентаў Велком 220 рублёў, МТС – 390 рублёў, без уліку падаткаў.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: