Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
«Негледзячы на тое, што ніводная жывёла не пацярпела, паляванне адбылося»
Навіна арганізацыі ад 7 мая 2012 года
Як палююць у Драгічыне.Артыкул Аляксандра Ачарэтнага “Добрым працаўнікам трэба проста не перашкаджаць”, надрукаваны ў газеце “Паляўнічы і рыбалоў” №9 (517) за травень 2012 трапіў мне на вочы выпадкова – чытачом газеты я не з’яўляюся. Тым не менш, як чалавек цікаўны і маючы дачыненне да роднай прыроды ўвогуле і да птушак у прыватнасці, прачытаў яго, як кажуць, “ад” і “да”. Дазволю сабе пракаментаваць асобныя моманты і задаць аўтару невялікае пытанне, хутчэй за ўсё, рытарычнае, бо атрымаць на яго пераканаўчы адказ не вельмі спадзяюся.
Трэба быць аб’ектыўным – артыкул грунтоўны, з эканамічнымі выкладкамі, амаль што дапаможнік на тэму “Як вывесці адсталую гаспадарку на новыя эканамічныя рэйкі”. Чытай, бярыся і выводзь, абы не перашкаджалі. Тое, што спецыяліст у галіне сельскай гаспадаркі вырашыў паспрабаваць свае сілы на незнаёмай для сябе ніве – не бяда, такое ў нас часам здараецца, ды й вынікі гавораць самі за сябе. Сціснушы зубы, можна змірыцца і з тым, што калектыў наватараў-аднадумцаў вырашыў зарабляць грошы на забойстве любых мне птушак, нічога не зробіш – бізнэс есць бізнэс, і такі яго аспект законам не забараняецца.
Не забараняецца, так, але рэгламентуецца, і вось тут спадар Аляксандр, апісваючы паляванне на качак, дае “асечку”, абвяшчаючы на ўсю краіну аб тым, што ў станоўчай ва ўсіх адносінах Драгічынскай РАС на сцверджаныя на самым высокім узроўні і агульныя для усіх паляўнічых “Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання” глядзяць, мякка кажучы, скрозь пальцы.
А менавіта: Веснавое паляванне па пярнатых (пытанне вельмі няпростае і дагэтуль адэкватна ў нашай краіне не вырашанае) рэгламентуецца наступным чынам: здабываць дазваляецца самцоў качкі-крыжанкі з выкарыстоўваннем падсадной і толькі ў выпадку, калі птушка сядзіць на вадзе. Страляць жа ў палёце можна толькі па такуючай слонцы і па пралётных гусях (гл. каметар трыма радкамі вышэй). Такое абмежаванне у адносінах да качак невыпадковае – менавіта яно дазваляе не вельмі спакушаным у арніталогіі паляўнічым (у тым ліку журналістам і работнікам сельскай гаспадаркі) пазбегнуць памылкі і замест крыжака застрэліць самку альбо іншы, забаронены для адстрэлу від качак. Эпізод з застрэленым крыжаком, які “імкліва на гранічнай для стрэлу вышыні праносіўся” над удзельнікамі падзей слаба пасуе з вышэйсказаным. Дробязь, але, згадзіцеся, прыкра. Вельмі б хацелася, “не для пратаколу”, а так, асабіста для сябе, пачуць каментарый гэтых падзей каго-небудзь з афіцыйных асоб, будзь гэта дырэктар гаспадаркі, рэдактар паляўнічай газеты, альбо проста журналіст-аматар прыроды і паляўнічых традыцый.
Спадзяюся, шурпа пад рагавую музыку ансамбля “Бакас” удалася.
С. Зуёнак
P.S. Асобны рэспект спадару Аляксандру за фразу «негледзячы на тое, што ніводная жывёла не пацярпела, паляванне адбылося”. Лаканічна, прафесійна, моцна! З яго дазволу буду ўжываць гэта ў адпаведных выпадках, зразумела, са спасылкай на аўтара і крыніцу.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: