Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вынікі Жывой Вясны 2012
Навіна арганізацыі ад 31 ліпеня 2012 года
Беларусь на 7-ым месцы па агульнай колькасці назіранняў.
Сёмы год у Беларусі праводзіцца агульнаеўрапейская кампанія па назіранні за вясеннім прылётам птушак – Жывая Вясна (SpringAlive). У гэтым годзе мы назіралі за прылётам пяці пасланак вясны – белага бусла, вясковай ластаўкі, звычайнай зязюлі, чорнага свіргуля і шчуркі-пчалаедкі.
Дарэчы, першы белы бусел быў адзначаны 10 сакавіка, у той жа дзень была ўбачана першая вясковая ластаўка, 27 сакавіка – звычайная зязюля, чорны свіргуль – 27 красавіка. Рэдкіх для Беларусі шчурак-пчалаедак увогуле зарэгістравана 11.
У сёлетняй кампаніі прымалі ўдзел арнітолагі, кіраўнікі і члены Крылатых дазораў і проста аматары прыроды і птушак. На працягу кампаніі выходзіла інфармацыя пра прылёт чарговай птушкі. Кіраўнікамі Крылатых дазораў праводзіліся экскурсіі па тэматыцы Жывой Вясны, быў арганізаваны фотаконкурс “Маё першае назіранне”, у якім ад Беларусі прынялі ўдзел 9 чалавек. На жаль, сярод пераможцаў беларусаў няма (першае месца атрымала польская дзяўчынка), але ўсе яны атрымаюць маленькія ўзнагароды з наступнай рассылкай.
У выніку Беларусь назбірала 1272 назіранні з агульнай колькасці 170824 і заняла 7-ае месца сярод 38 еўрапейскіх краін. На першым месцы Расія, далей Італія, Ірландыя, Польшча, Іспанія і Чэхія. Трэба адзначыць, што больш за ўсё назіранняў атрымала Брэсцкая вобласць – 517, далей Мінская – 489, Віцебская – 126, Гродзенская – 84, Гомельская – 38 і Магілёўская – 18.
Калі казаць пра лепшых удзельнікаў, тут першае месца падзяляюць КД Слуцкага раёна – 426 назіранняў і Баранавіцкі КД – 336 назіранняў. Выдатна! Найбольш актыўных удзельнікаў кампаніі чакаюць узнагароды.
Спадзяемся, гэтая Жывая Вясна падаравала вам шмат незабыўных момантаў на прыродзе. Дзякуем усім удзельнікам Жывой Вясны за цікаўнасць да кампаніі і любоў да птушак. Будзем атрымліваць асалоду ад лета, восені, зімы і чакаць Жывой Вясны-2013!
З павагай,
Ліза Сіткевіч,
каардынатар Жывой Вясны-2012
Падзяліся артыкулам у сацсетках: