Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Новы заказнік дапаможа захаваць птушак
Навіна арганізацыі ад 2 снежня 2008 года
Некалькі дзён таму спіс асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі стаў на адзін заказнік багацей. Новы біялагічны заказнік мясцовага значэння “Тураўскі луг” быў утвораны рашэннем Жыткавіцкага райвыканкама. Уся руплівая работа, якая папярэднічала стварэнню заказніка, праведзена дзякуючы сумесным намаганням супрацоўнікаў грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, НВЦ НАН Беларусі па біярэсурсах і Гродзенскага ўніверсітэту.Некалькі дзён таму спіс асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі стаў на адзін заказнік багацей. Новы біялагічны заказнік мясцовага значэння “Тураўскі луг” быў утвораны рашэннем Жыткавіцкага райвыканкама. Уся руплівая работа, якая папярэднічала стварэнню заказніка, праведзена дзякуючы сумесным намаганням супрацоўнікаў грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, НВЦ НАН Беларусі па біярэсурсах і Гродзенскага ўніверсітэту. Асноўнай прычынай зніжэння колькасці многіх відаў птушак у Еўропе ў сучасных умовах з’яўляецца знікненне месцаў іх пражывання. У наш час выжыванне многіх відаў залежыць ад стану асобных, часам вельмі невялікіх тэрыторый, якія служаць месцамі канцэнтрацыі птушак падчас гнездавання, зімовак альбо міграцый. Менавіта такія месцы носяць назву Тэрыторый, Важныя для Птушак альбо ТВП. Для эфектыўнага іх захавання міжнародная прыродаахоўная асацыяцыя BirdLife International , партнёрам якой у Беларусі з’яўляецца АПБ, ініцыявала спецыяльную праграму і распрацавала крытэрыі, адпаведна каторым выдзяляюцца ТВП і арганізуецца іх ахова. Зараз у Еўропе выдзелена амаль 4 тысячы такіх тэрыторый. У нашай краіне на сённяшні дзень налічваецца 46 ТВП. Адной з іх, невялікай па плошчы – усяго 145 гектараў, але вельмі важнай для падтрымання папуляцый цэлага шэрагу рэдкіх відаў каляводных птушак з’яўляецца Тураўскі поплаў. Уяўляе ён сабой невялікую выспу, размешчаную літаральна за ваколіцай Турава і абмежаваную з аднаго боку Прыпяццю, а з другога – яе старым рэчышчам, ракой Струмень. Падчас веснавой паводкі гэта тэрыторыя цалкам пакрытая вадой, а пасля яе сходу ўяўляе сабой шэраг узвышшаў, парослых прыгнечанай расліннасцю, якія чаргуюцца з забалочанымі паніжэннямі. Менавіта такія ўмовы з’яўляюцца ідэальнымі для гнездавання мноства відаў водна-балотных птушак – качак, чаек, крычак, кулікоў. Для 6 відаў птушак, дзякуючы каторым Тураўскі поплаў атрымаў міжнародны статус ТВП, гэта тэрыторыя з’яўляецца проста жыццёва-неабходнай. Тут гняздуюцца вялікі грыцук і дубальт, віды, якія адносяцца да катэгорыі глабальна знікаючых і ахоўваюцца на міжнародным узроўні. Мясцовая гнездавая папуляцыя малой крычкі мае агульнабеларускае значэнне. Малая крычка і яшчэ два віды – белакрылая рыбачка і белалобая гусь прыпыняюцца тут падчас штогадовых міграцый для адпачынку і папаўнення энергетычных рэсурсаў, неабходных птушкам для ажыццяўлення далёкіх пералётаў. Акрамя таго, папуляцыі “чырвонакніжных” вялікага зуйка і куліка-марадункі тут самыя вялікія ў Беларусі. Пойма Прыпяці з’яўляецца міграцыйным калідорам для птушак еўрапейскага маштабу. Таму, Тураўскі поплаў, як адна з найлепш захаваных тэрыторый, з’яўляецца важным міграцыйным прыпынкам яшчэ для шэрагу відаў, у першую чаргу баталёна, міграцыйныя згуртаванні каторага тут дасягаюць 10-12 тысяч асобін, а агульная колькасць баталёнаў, якія выкарыстоўваюць Тураўскія лугі пад час веснавой міграцыі перавышае 100 тысяч. Як гэта ні дзіўна, але адзін з асноўных фактараў, якія пагаршаюць экалагічную сітуацыю на тураўскім поплаве – гэта змяншэнне гаспадарчай дзейнасці чалавека, у прыватнасці выпасу свойскай жывёлы. Менавіта дзякуючы выпасу на лузе на працягу доўгіх гадоў падтрымлівалася пэўная структура травяністай расліннасці, найбольш прыдатная для гнездавання птушак. Зараз, пасля змяншэння пашавай нагрузкі, раней адкрытыя ўчасткі поплаву пачалі хутка зарастаць высокай густой травой і хмызнякамі, што ставіць пад пагрозу існаванне гэтай унікальнай птушынай калоніі. Акрамя гэтага пэўную пагрозу птушынаму насельніцтву поплава прадстаўляюць людзі, што збіраюць яйкі дзікіх птушак (такі “народны промысел” яшчэ месцамі захаваўся на Палессі) і паляўнічыя. На жаль, ахоўныя рэжымы буйных запаведных тэрыторый (Нацыянальны парк “Прыпяцкі” і дзяржаўны біялагічны заказнік “Сярэдняя Прыпяць”), якія знаходзяцца побач з Тураўскім поплавам, дазваляе паляванне на іх нават у веснавы час. Стварэнне заказніка дасць магчымасць пры дапамозе спецыяльных біятэхнічных мерапрыемстваў падтрымліваць лугавую інфраструктуру ў адпаведным стане, а таксама выконваць на лузе ахоўны рэжым – усе гэтыя захады дэталёва прапісаны ў распрацоўваемым плане кіравання заказнікам. Адным з асноўных пунктаў запаведнага рэжыму, які адрознівае новы заказнік ад іншых навакольных запаведных тэрыторый, з’яўляецца поўная забарона палявання на яго тэрыторыі і ў радыусе аднаго кіламетра за межамі. Так, своечасова прынятыя меры дадуць магчымасць не толькі надалей захоўваць гэтае ўнікальнае месца ў натуральным стане, але і створаць своеасаблівую “зону пакою” для птушак, якія церпяць страту ад палявання на навакольных тэрыторыях. Па меншай меры, да таго часу, пакуль нарэшце веснавое паляванне на водна-балотных птушак у нашай краіне не будзе забаронена.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: