Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Сустрэча з рэдкімі птушкамі для сябраў клуба «Рэдкая птушка»
Навіна арганізацыі ад 8 кастрычніка 2012 года
Чарговая экскурсія для сябраў клуба прайшла на рыбгасе «Волма», дзе збіраецца мноства водна-балотных птушак. Экскурсаводам выступіў старшыня АПБ Аляксандр Вінчэўскі.Назіраць за птушкамі падчас восеньскай міграцыі асабліва прыемна. Вялікая колькасць розных відаў скапліваецца на адносна невялікай тэрыторыі і, нават не будучы дасведчанным бёрдўочарам, можна ўбачыць цікавых і рэдкіх птушак.
Аляксандр Яўгенавіч Вінчэўскі, старшыня АПБ, кожны год у гэты перыяд назірае за птушкамі на рыбгасе “Волма”, што знаходзіцца прыкладна ў гадзіне язды ад Мінска. Менавіта тут ён правёў чарговую экскурсію для сябраў клуба “Рэдкая птушка”.
Узяўшы з сабой біноклі, падзорную трубу і гарачую гарбату, мы выехалі з Мінска. Рыбгас “Волма” уяўляе сабой сістэму сажалак, якія, калі хадзіць пешшу, немагчыма абысці на працягу аднаго дня. На гэтай тэррыторыі збіраецца мноства водна-балотных птушак. Першымі мы ўбачылі чаек, лебедзяў-шыпуноў, бакланаў і качак-крыжанак (рус. кряква). Прыгожыя бакланы сядзелі на купінах, якія выглядвалі з-пад вады, і час ад часу распраўлялі свае крылы, каб прасушыць іх на сонцы. У адрозненне ад бакланаў, якіх мы бачылі ўпершыню, усе адразу пазналі качак-крыжанак. Але толькі Аляксандр Яўгенавіч распазнаў сярод іх даволі рэдкую качку-свіцьву (рус. свиязь), качку-лапаноску (рус. широконоска) і качку-неразню (рус. серая утка). Некалькі прадстаўнікоў гэтых відаў плавалі сярод соцен качак-крыжанак.
На наступнай сажалцы нас таксама чакаў сюрпрыз. Сярод некалькіх відаў чаек, варон і кнігавак (якіх, дарэчы, многія з нас таксама бачылі упершыню) праз падзорную трубу нам пашчасціла назіраць за трапезай арлана-белахвоста, які з'яўляецца самай вялікай драпежнай птушкай Беларусі. Ён таксама сядзеў на купіне і ласавіўся, хутчэй за ўсё, рыбай. Па афарбоўцы пер’я Аляксандр Яўгенавіч пазнаў у ім маладую птушку, да якой праз некаторы час далучыліся яшчэ тры такіх жа маладых арлана. Адна з кнігавак увесь час хадзіла каля іх узад-уперад, чым напужала адну з удзельніц экскурсіі, якая ўсур’ёз захвалявалася аб яе жыцці.
Новая сажалка падаравала нам новае адкрыццё. На вадзе і на зямлі, якая з-пад яе выступала, размясціліся ўжо вядомыя нам чайкі, качкі-крыжанкі, кнігаўкі, бакланы. І сярод гэтага мноства птушак толькі арнітолаг мог разгледзіць адзіную невялікую карычневую птушачку, госця з русскай тундры, якая сустракаецца ў нас вельмі рэдка і толькі на пралёце – куліка сяўца (рус. тулес).
Акрамя гэтага мы назіралі за велізарнымі крумкачамі (рус. ворон), цудоўнымі белымі і шэрымі чаплямі і велічнымі клінамі гусёў, ляцеўшымі на поўдзень.
Усе былі здзіўлены, выявіўшы, што непрыкметна прайшло пять гадзін. У Мінск мы вярнуліся амаль увечары ў добрым настроі і поўныя жадання яшчэ раз сустрэцца з нашымі новымі знаёмымі.
"Из всех экскурсий АПБ, в которых я участвовала, эта получилась самой интересной и самой богатой по разнообразию наблюдаемых видов. «Королем программы» стал краснокнижный подорлик, да не один, а целых четыре. Потрясающее впечатление – своими глазами увидеть этих огромных пернатых хищников на свободе! Мы любовались белыми цаплями и сидящими над водой бакланами, следили за редким залетным куликом и сочувствовали лебедям, у которых остался только один птенец…
Спасибо Александру Винчевскому за профессионализм высокого уровня и сотрудникам офиса АПБ – за предоставленные бинокли и подзорную трубу. Ведь без подсказки опытного орнитолога и без мощной оптики птицы вдалеке казались бы нам просто темными точками, а многих из них мы бы даже не заметили.
Очень хочется, чтобы такие выезды на природу для страстных любителей птиц в АПБ проводились чаще (по крайней мере, в теплый сезон)".
Светлана Ищенко
Запрашаем усіх прыняць удзел у нашай наступнай экскурсіі. Для гэтага далучайцеся да клуба АПБ “Рэдкая птушка” (чытаць падрабязней).
Ціхно Кацярына,
сябра АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: