Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Птушкі на кармушцы ў 2013 годзе
Навіна арганізацыі ад 14 студзеня 2013 года
Удзельнічайце ў штогадовай акцыі АПБ “Птушкі на кармушцы”, якая адбудзецца 19-20 студзеняЗіма – цяжкі перыяд у жыцці птушак. Многія віды ляцяць у вырай, каб у больш мяккіх умовах перазімаваць. Але ёсць птушкі, якія застаюцца на Беларусі. Зіма ў нашай краіне лютая, і крылатым жыхарам цяжка знайсці сабе корм. Многія птушкі, каб прыстасавацца да цяжкай зімы, аб’ядноўваюцца ў невялікія чароды і злятаюцца да чалавечага жытла. Менавіта таму вельмі важна рабіць і развешваць кармушкі.
Кармушкі могуць быць рознымі: ад самай звычайнай у форме латка любых памераў з борцікамі па краях да больш складаных кармавых столікаў з дахам і сценкамі, якія абараняюць корм ад ветру ды снегу. Падвешваць іх трэба на дрэвы ці слупы на вышыні 1-2 м. Самую простую кармушку можа зрабіць кожны з пластыкавай бутэлькі. Дастаткова толькі выразаць адтуліны па баках.
А вось падабраць корм для птушак не так і проста. Звычайна ў склад сумесі ўваходзяць насенне сланечніка, проса, аўсянкі i авёс. Але не страшна, калі якога-небудзь з гэтых кампанентаў не хапае. Сініцы і дзятлы з задавальненнем ядуць несалёнае сала. Яго можна нанізаць на цвічкі, забітыя па краях кармушкі, падвешваць у сетачцы або на дроціках прымацаваць да галінак дрэў. Сініцы, вераб’і, зелянушкі, папаўзні, чыжы, дзятлы любяць ласавацца арахісам, ці іншымі арэхамі. Трэба запомніць, што разнастайнасць корму вабіць мноства птушак.
Калі ў вас вісіць кармушка, то вы можаце паўдзельнічаць у штогадовай акцыі АПБ “Птушкі на кармушцы”, якая адбудзецца 19-20 студзеня. Для ўдзелу трэба ў адзін з гэтых дзён падлічыць віды і колькасць птушачак на вашай кармушцы і адправіць вашы назіранні ў АПБ адным з наступных спосабаў:
Таксама трэба распавесці, дзе знаходзіцца кармушка і які корм вы прапаноўвалі птушкам. Можна дасылаць і цікавыя фоткі, відэа, кароткія апавяданні. У мінулым годзе ўдзельніца акцыі Роза Амарава заўважыла на сваёй кармушцы вельмі рэдкую птушку – юрка.
Цікава, што многія віды птушак можна пабачыць толькі ўзімку – яны прялятаюць з поўначы ў Беларусь толькі на зімовыя месяцы, а з прыходам цеплыні вяртаюцца дадому. Гэта, напрыклад, вераб’іныя птушкі: амялушка, чачотка, пуначка, рагаты жаўрук. Апошняга, дарэчы, вельмі цяжка пабачыць. Таксама зімой прылятае да нас касматаногі канюх зімняк – драпежнік сярэдніх памераў , падобны да нашых канюхоў. Паглядзець яго можна на адкрытых прасторах за горадам.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: