Прайшоў першы ў гэтым годзе летнік «Начныя жыхары ляСОЎ»

ад 18 красавіка 2013 года

Чарговы раз у Залессі адбыўся летнік «Начныя жыхары ляСОЎ». Як толькі нага першага бёрдуочара ступіла на зямлю залесскую, дзікую і пушчанскую, адразу пачаліся прыгоды

Чарговы раз у в. Залессе Пружанскага раёна 12-16 красавіка адбыўся арніталагічны летнік “Начныя жыхары ляСОЎ”. Удзел прымала звыш 30-ці аматараў птушак і прыроды рознага ўзросту: не толькі старыя знаёмыя, але і новыя сябры. Прыемна, што ўжо не першы раз летнік наведваюць сябры з замежжа.

© К. Тарасюк

Асноўная частка ўдзельнікаў прыехала ў пятніцу абедам, а галоўным асобам лагера (Дзянісу Табунову, Андрэю Абрамчуку, Сяргею Сідаруку) хвалявацца за дабрабыт кожнага давялося з моманту прыняцця першай заяўкі на ўдзел.

© В. Ляснова

Як толькі нага першага бёрдуочара ступіла на зямлю залесскую, дзікую і пушчанскую, адразу пачаліся прыгоды. З першага да апошняга дня ладзіліся арганізатарамі летніка цікавыя выхады на балота “Дзікое”, якія суправаджаліся развешваннем новых штучных гняздоўяў для соваў, правяраннем заселенасці старых гняздоўяў і платформ, пошукам новых месцаў гнездавання соваў.

© Д. Кіцель

Штодзень на тэрыторыі лагера Дзянісам Кіцелем кальцаваліся птушкі, якія траплялі ў сетку-пастку. А ўвечары ўдзельнікі летніка аб’ядноўваліся ў групы і хадзілі на пошукі совападобных птушак. Самай чаканай птушкай на такіх выхадх была барадатая кугакаўка. Таму магчымасць на свае вушы пачуць, а лепей пачуць і ўбачыць, лічылася найвялікшым шчасцеам для бёрдуочараў.

© Г. Трафімчук

Не магчыма распавесці пра ўсе прыгоды ў Залессі. Там былі пасядзелкі ля вогнішча, вечаровыя спевы пад гітару, праверка сетак, назіранне за совамі, начныя паходы на сычыка, электронныя прэзентацыі, познія вечары і раннія раніцы.

© К. Тарасюк

Нават агульная фотасесія – на Залессі гэта ўжо падзея! Ці меранне даўжынёй… спіса ўбачаных відаў птушак. А знаёмствы з новымі і цікавымі людзьмі? А сустрэча са сваімі старымі сябрамі? Столькі ўражанняў, столькі пазітыву!

Да наступнай сустрэчы на наступным летніку!

Юля Траццяк, сябра АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: