Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Самая старая белашчокая казарка размяняла чацвёрты дзесятак
Сусветная навіна ад 24 снежня 2014 года
Колькі налятала белашчокая казарка за 30 год жыцця і як стварэнне рэзервата ў Велікабрытаніі паўплывала на папуляцыю гэтага віда птушак?Некалькі дзён таму бёрдуотчары заўважылі ў рэзерваце WWT у Solway Coast (Вялікабрытанія) белашчокую казарку (Branta leucopsis) з аранжавым пластыкавым кальцом з надпісам ANS. Пасля праверкі гэтай камбінацыі і колеру кальца аказалася, што птушка была злапаная як дарослая на месцы гнездавання на архіпелагу Svalbard (Нарвегія) яшчэ ў 1986 годзе. Такім чынам з-за таго, што казаркі пачынаюць гнездаваць не раней, чым у два гады, гэтай птушцы цяпер не менш за 30 гадоў!
Праект па вывучэнню зімуючых у рэзерваце WWT Solway Coast белашчокіх казарак пачаўся яшчэ ў далёкія 1950-я гг. Добра вядома, што птушкі, якія тут зімуюць, вяртаюцца гнездаваць на арктычны архіпелаг Свальбард, штогод пераадольваючы не менш, чым 6400 км. Такім чынам, за 30 год казарка “налятала” толькі пад час міграцый не менш 190 тысяч кіламетраў.
На месцах гнездавання навукоўцы адлаўліваюць казарак з дапамогай рэактыўна выкідваемых сетак і вешаюць на іх – акрамя стандартных металічных — каляровыя пластыкавыя кольцы. Апошнія дазваляюць распазнаць індывідуальных птушак з параўнальна вялікай адлегласці ў тэлескоп, не турбуючы птушак.
Брайан Моррэл (Brian Morrell), мэнаджэр цэнтру WWT у Caerlaverock, адзначае:
— Вельмі нечакана ўбачыць жывой і здаровай птушку ў такім салідным узросце, якая штогод пралятае над Нарвежскім морам тысячы кіламетраў. Гісторыя белашчокіх казарак у рэзерваце Caerlaverock – адна з гісторый поспеху аховы птушак. Бо менавіта створаны там рэзерват WWT адыграў вялікую ролю ў павелічэнні зімуючай там папуляцыі з менш чым 300 птушак у 1940-я гады да больш чым 30 тысяч цяпер.
Па матэрыялах www.birdwatch.by
Паводле www.wwt.org.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Падзяліся артыкулам у сацсетках: