Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Белая сава прызнаная відам, якому пагражае рэальнае знікненне
Сусветная навіна ад 15 студзеня 2018 года
Зусім нечакана як для большасці навукоўцаў, так і для шырокай публікі,белая сава (Bubo scandiacus) змяніла статус на Vulnerable (уразлівы) з Least Concern (невялікая рызыка існаванню) у апошняй версіі Чырвонага спісу Міжнароднага саюзу аховы прыроды (МСАП).
Папярэднія ацэнкі стану папуляцый віду казалі пра прыкладна 200 тысяч птушак, сведчанняў змяншэння колькасці не было. Аднак нядаўнія даследаванні, праведзеныя Яўгенам Патапавым, Рычардам Сэйлам (Richard Sale) і іх калегамі паказалі, што від мае нашмат больш мазаічны арэал, чым меркавалася раней, і амаль усе вядомыя птушкі канцэнтруюцца ў сямі параўнальна свабодных агламерацыях. Цяпер колькасць cоваў ацэньваюць у прыкладна 14 тысяч пар. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ тым, што і памер гняздуючай папуляцыі, і арэал змяняюцца ў залежнасці ад даступнасці асноўных відаў ахвяраў. У летні сезон гэта амаль выключна розныя віды большых памерамі лемінгаў з родаў Dicrostonyx і Lemmus. У бедныя на лемінгаў гады папуляцыя белай савы можа змяншацца да 7 ці, магчыма, 5 тысяч пар!
У дадатак да неспрыяльных прыродных умоваў, у некаторых месцах можа адбывацца браканьерства і сутыкненні соваў з лініямі электраперадачы ці аўтамабілямі. Пацяпленне клімату можа таксама паўплываць на змяншэнне арэалу віду, бо ранняе раставанне снегу і змяншэнне снежнага покрыва адмоўна ўздзейнічаюць на распаўсюджанне і даступнасць відаў-ахвяраў.
“Гэтыя сучасныя, а ў выпадку змены клімату нават больш маштабныя ў будучыні пагрозы прывялі да таго, што колькасць віду змяншаецца і яго глабальны статус быў зменены да ўразлівага. Гэта значыць, што белая сава мае высокую рызыку знікнення ў сярэднетэрміновай перспектыве. Атрыманыя нядаўна моцна зменшаныя ацэнкі колькасці павінны дапамагчы не толькі ахоўным дзеянням, але і далейшым даследаванням віду”- сказаў Эндзі Саймс (Andy Symes), супрацоўнік BirdLife International.
У Беларусі белая сава сустрэтая ў гэтым стагоддзі толькі раз, у 2012 годзе ў заказніку “Ельня”.
Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзмітры Вінчэўскідля birdwatch.by
Здымак з www.w-dog.net
Падзяліся артыкулам у сацсетках: