Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Самы буйны вымерлы грызун знойдзены ва Ўругваі
Сусветная навіна ад 18 студзеня 2008 года
Андрэс Рындэркнехт (Andrés Rinderknecht) з Нацыянальнага музея прыродазнаўства і антрапалогіі Уругваю (Museo Nacional de Historia Natural y Antropología) і Эрнэста Бланка (Ernesto Blanco) з Інстытута фізікі Рэспубліканскага ўніверсітэту Ўругвая (Instituto de Física, Universidad de la República) выявілі на тэрыторыі сучаснага Ўругвая скамянелыя рэшткі чэрапа самога буйнага вядомага на сённяшні дзень грызуна, паведамляе Nature.Узрост знаходкі ацэньваецца навукоўцамі ў 2-4 мільёна гадоў. Новы від атрымаў навуковую назву Josephoartigasia monesi і аднесены даследнікамі да сямейства Пакаранавых ( Dinomyidae ). У гэтым сямействе да нашых часоў дажыў толькі адзін прадстаўнік – пакарана, якая важыць да 15 кг і распаўсюджана ў Паўднёвай Амерыцы.
Мэтадамі параўнальнай біяметрыі атрымалася вызначыць розныя параметры выкапня і ўзнавіць аблічча жывёлы. Гіганцкі грызун мог важыць больш тоны і быў каля 4 метраў у даўжыню. Мяркуючы па зубах, грызун жывіўся мяккай расліннасцю і пладамі. Ранейшы рэкорд велічыні сярод грызуноў належаў вымерламу віду таго ж сямейства Пакарановых, а менавіта — Phoberomys pattersoni , рэшткі якога былі раскапаныя ў Венесуэле. Важыў гэткі звер каля 700 кілаграмаў.
Самы буйны прадстаўнік грызуноў, з тых, якія жывуць дагэтуль — капібара ( Hydrochoerus hydrochaeris ), якая мае даўжыню да 135 см і вагу да 65,5 кілаграмаў.
Арыгінальны артыкул першаадкрывальнікаў гіганцкага грызуна апублікаваны ў Proceedings of the Royal Society B .
Rinderknecht , A . & Blanco , R . E . Proc . R . Soc . B 10.1098/ rspb .2007.1645 (2008 ).
18-01-2008
Крыніца: www . nature . com і www . svobodanews . ru
Падзяліся артыкулам у сацсетках: