Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
«Назірайце за птушкамі!» — раяць тэрапеўты Шатландыі
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 20 кастрычніка 2018 года
Дактары з Шэтландскіх астравоў (Шатландыя, Вялікабрытанія) пачалі прапісваць пацыентам рэгулярныя назіранні за птушкамі (birdwatch) і іншыя прагулкі на прыродзе.
Яны раяць гэта людзям з хранічнымі хваробамі псіхічнай сферы, дыябетам, сардэчна-судзіннымі захворваннямі і хранічным стрэсам.
З пачатку кастрычніка тэрапеўты з 10 шпіталяў на астравах змогуць афіцыйна выпісваць “рэцепты” на “лячэнне прыродай” дзякуючы адпаведнаму дазволу рэгіянальнага аддзелу Нацыянальнай службы здароўя (NHS Shetland).
Такім пацыентам будуць выдаваць рэкамендацыі разам з простымі вызначальнікамі відаў раcлін і птушак. У вызначальніках апісаныя віды, якія можна сустрэць у розныя сезоны на некалькіх маршрутах, а таксама пазначана, дзе канкрэтна на астравах іх можна пабачыць. Маршруты і вызначальнікі распрацавала Каралеўскае таварыства аховы птушак (Royal Society for the Protection of Birds, RSPB). Буклеты з іх апісаннем будуць даступныя ва ўсіх шпіталях.
Маршруты прапануюцца ад горных верасоўнікаў да марскіх узбярэжжаў, дзе можна паглядзець кнігавак, тупікаў, качак-маранак, кулікоў-крыўкоў і іншых птушак.
Зразумела, што NHS Shetland не прапануе замяніць медыкаменты і медычныя працэдуры назіраннямі птушак ці іншымі прагулкамі на прыродзе. Д-р Хлоэ Эванс (Dr Chloe Evans), якая распрацавала і прапанавала адпаведную праграму ў Scalloway health centre на заходнім узбярэжжы Шэтландаў, сказала, што гэта толькі дадатак да класічнага лячэння – як дадатковыя фізічныя практыкаванні і здаровае харчаванне – тое, што можна акрэсліць як “здаровы лад жыцця”.
“Існуе вялізнае мноства спосабаў лячэння хворых, але наша задача – паказаць пацыентам, што яны самі могуць дапамагаць свайму здароўю, і людзі вельмі любяць, каб ім дапамаглі ў гэтым,” – сказала Эванс.
Гэлен Монкрыф (Helen Moncrieff), рэгіянальная кіраўнічка RSPB Scotland, сказала: “Невыпадкова буклеты NHS называюцца “Прырода — твая душа” (“Nature your soul”). Існуе мноства сведчанняў, што прырода дапамагае нам заставацца здаровымі. А гэта – просты шлях выцягнуць людзей на прыроду і пабыць на ёй або ў гарадах, або ў больш дзікіх месцах на нашых астравах”.
Медыкі і шпіталі па ўсёй Вялікабрытаніі будуць прапаноўваць сваім пацыентам гуляць у лясах і парках вакол шпіталяў і цэнтраў здароўя.
Макена Лор (Makena Lohr), прэс-сакратарка NHS Shetland, падкрэсліла: “У многіх навуковых працах было даказана, што ад нашага ўзаемадзеяння з прыродай мы маем фізічную і псіхічную карысць. Цяпер прыйшоў час прадстаўнікам аховы здароўя нагадваць пра гэта нашым кліентам”.
Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў для сайта «Птушкі штодня» Дзмітры Вінчэўскі
Падзяліся артыкулам у сацсетках: