Птушкі сутыкаюцца з шыбамі – як гэта прадухіліць?

ад 17 чэрвеня 2019 года

Чаму птушкі натыкаюцца на шкло і што мы можам з гэтым зрабіць? Мы вырашылі даследаваць гэтую з’яву з навуковага пункту гледжання, разбурыць некаторыя распаўсюджаныя міфы і расказаць пра захапляльныя праекты, якія аказваюць рэальны ўплыў на сітуацыю.

Стёкла опасны для птиц

Вялікія панэлі са шкла асабліва небяспечныя для птушак © John McHugh/Flickr

Артыкул падрыхаваны ў межах праграмы “Жывая вясна”, мэта якой — натхненне і выхаванне дзяцей у Афрыцы і Еўразіі праз расповеды пра цуды прыроды і міграцыю птушак.

Як жахліва пачуць глухі ўдар, падбегчы да акна і знайсці на шыбе адбітак у выглядзе птушкі! Часам бывае так, што птушка толькі аглушаная і неўзабаве ачуняе і зляціць. Але часам усё інакш.

Як дапамагчы параненай птушцы

Нават калі гэта адбудзецца аднойчы ці двойчы за тваё жыццё, для таго каб уявіць колькасць такіх выпадкаў, варта падумаць пра мільярды вокнаў па ўсім свеце. І калі ты ўбачыш мёртвую птушку каля аўтобуснага прыпынка, хмарачоса ці звычайнага дома, прычына можа быць менавіта ў сутыкненні са шклом.

Чаму птушкі налятаюць на шыбы?

Табе можа падацца дзіўным, што птушкі не бачаць шыбы, калі для людзей відавочна, што на шляху ёсць нейкая перашкода. Прычына не ў слабым зроку, якраз наадварот. У птушак вочы знаходзяцца па баках галавы, што дае ім шырокі вугал зроку, часам нават 360°. Гэта вельмі карысна для таго, каб заўважыць драпежнікаў, супернікаў ці патэнцыйнага партнёра, але да нядаўняга часу птушкі не мелі патрэбы заўважаць шкло: тысячагоддзямі яны жылі ў свеце, дзе шкла не было, гэтая праблема з’явілася толькі ў апошнія некалькі стагоддзяў, разам з развіццём тэхналогій і экспансіяй гарадоў.

Птушкі могуць убачыць дрэвы ў акно на супрацьлеглым баку будынка і падумаць, што могуць скрозь яго праляцець. Альбо яны могуць убачыць адбітак дрэваў у шкле і прыняць яго за новае месца, дзе яны яшчэ не былі.

Яшчэ адной прычына, пра якую людзі ведаюць значна менш, — штучнае асвятленне. Гэта асабліва небяспечна для птушак, якія падчас міграцыі лятуць уначы, арыентуючыся па святле месяца і зор. Праз штучнае асвятленне гэтыя птушкі могуць збіцца са шляху ці паляцець да святла і наляцець на шкло. Пры неспрыяльных умовах надвор’я, напрыклад, у тумане, сітуацыя робіцца яшчэ горшай.

Як паказваюць даследаванні, пералётныя птушкі сутыкаюцца з шыбамі часцей, чым аседлыя. Гэта можа адбывацца з тае прычыны, што аседлыя птушкі ведаюць месцы, дзе знаходзяцца вокны, і пазбягаюць іх, а пералётныя трапляюць у незнаёмыя для іх мясціны.

Што чыніць найбольшую небяспеку?

Па-першае, гэта любыя будынкі з вялікімі вокнамі з суцэльнага шкла, якія ствараюць эфект люстра. Небяспечныя таксама канструкцыі, абодва бакі якіх вырабленыя са шкла, напрыклад, балкон ці рог будынка, скрозь які, як падаецца птушцы, можна праляцець. Аўтобусныя прыпынкі ствараюць аналагічную праблему. Перакрываюць шлях птушкам і хмарачосы. Люстраное шкло асабліва небяспечнае. Але ўвогуле для птушак патэнцыйна небяспечнае ўсё, што мае празрыстае шкло, у тым ліку, вокны твайго дома.

Што можна зрабіць, каб прадухіліць сутыкненні птушак з шыбамі?

Итог конкурса на самое красивое украшение автобусной остановки в Чехии

Вынік конкурса на самае прыгожае аздабленне аўтобуснага прыпынка © Czech Society for Ornithology

На шчасце, прадухіліць сутыкненні птушак з шыбамі ў некаторых выпадках вельмі лёгка. Усё, што трэба зрабіць, гэта наклеіць на шкло стыкеры альбо пераводныя малюнкі, каб паказаць птушцы, што на яе шляху штосьці ёсць. Стыкеры могуць быць абсалютна рознымі па форме, стылі, колеры ці памеры, вы можаце зрабіць іх самі – для вашага ўяўлення тут вялікая прастора! Але перад тым, як пачаць, даведайцеся пра тое, чаго трэба пазбягаць…

Распаўсюджаныя міфы

Лепш за ўсё бачныя чорныя стыкеры: гэта не так. Вокны звонку часта выглядаюць цямнейшымі, таму чорныя абрысы стыкера могуць злівацца з акном. Шмат слядоў сутыкнення птушак з шыбамі знаходзілі якраз побач з чорнымі стыкерамі. Наадварот, чым ярчэйшыя колеры, тым лепей: асабліва падыходзяць адценні чырвонага альбо аранжавага колеру, якія нашмат больш эфектыўныя, чым сінія ці зялёныя.

Выявы драпежнікаў пужаюць малых птушак: гучыць цікава, але, на жаль, гэта толькі міф. Не было зафіксавана ніводнага выпадку, калі б птушкі спужаліся выявы драпежніка.

Дастаткова прыляпіць адзін стыкер на шкло: гэта не так. Птушкі прызвычаіліся пралятаць праз малыя прамежкі, напрыклад, паміж галінак, таму яны могуць усё роўна спрабаваць праляцець скрозь акно з адным стыкерам. Мы раім прыляпляць стыкеры на адлегласці 10-15 см адно ад аднаго. Карыстайся “правілам далоні”: калі адлегласць паміж стыкерамі большая за далонь дарослага чалавека, птушка можа паспрабаваць праляцець скрозь шкло. Вядома, любая колькасць стыкераў лепей, чым іх адсутнасць.

Стыкеры трэба прыляпляць на ўнутраным баку шыбы: гэта не так. Калі магчыма, прыляпі іх звонку – там, дзе яны могуць нашмат лепей парушыць суцэльнае адлюстраванне ў шкле.

Стыкеры на прыпынках кепска выглядаюць: зусім не! Ёсць безліч варыянтаў дызайну, якія вы можаш паспрабаваць: у чэшскіх школах нават ладзіўся конкурс на самае прыгожае аздабленне аўтобуснага прыпынка.

Размаўляй пра птушак з аднадумцамі ў тэлеграм-чаце Ціў-ціў!

Што яшчэ можна зрабіць?

Павесь фіранкі альбо жалюзі – яны будуць прапускаць святло, але зробяць акно бачным для птушак. Да таго ж, не забывайся завесіць акно, калі сыходзіш з дому.

Выключай святло, калі яно вам не патрэбнае – гэта добра не толькі для навакольнага асяроддзя (і вашага пульсу), але і для начных птушак. Гэта пачалі рабіць і ў хмарачосах: напрыклад, у Паштовай Вежы ў Боне (Германія) выключаюць святло кожную ноч падчас міграцыі птушак.

Павесь частыя кавалкі шпагату за акном. Птушкі будуць аблятаць яго.

Птушкі  добра бачаць ультрафіялетавае святло, таму дзіцячымі фламастарамі з УФ-чарнілам можна замаляваць усё акно звонку і пры гэтым яно застанецца празрыстым, як і было.

Калі птушка ўсё ж наляцела на шыбу і ляжыць нерухома, можа быць, яна толькі аглушаная. Пакладзі птушку ў цёмную скрынку на гадзіну, і калі яна ачуняе – выпусці на волю.

Разам з ростам гарадоў, сутыкненні з шыбамі падаюцца сур’ёзнай праблемай, але цяпер усё больш будынкаў плануюцца з улікам патрэбаў птушак. Ёсць шмат офісаў, галерэй, школ і нават заапаркаў з каляровым шклом, шклом у палоску альбо з “марознымі” ўзорамі для таго, каб гэта было не толькі бяспечна для птушак, але яшчэ і прыгожа. Да гэтага можаш далучыцца і ты.

Паводле Джэсікі Лоў, birdlife.org

Пераклад Алены Раманоўскай

Телеграм АПБ

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: