Дубальт / Дупель

ад 6 декабря 2019 года

Дубальт – адзін з мадэльных відаў для вывучэння стану поймы Прыпяці. У Еўропе ён знаходзіцца пад пагрозай знікнення, у Беларусі від уключаны ў Чырвоную кнігу. 

Дубальты – вельмі цікавыя кулікі. Падчас вясновай міграцыі за два дні яны без прыпынкаў пераадольваюць больш за 5000 кіламетраў, але потым некалькі месяцаў практычна нікуды не перасоўваюцца. З красавіка да сярэдзіны чэрвеня птушкі знаходзяцца на таках. Самцы такуюць на балоннях на зямлі з вечара да раніцы. Ток – гэта тая самая пляцоўка з году ў год. Яны трашчаць дзюбамі, танчаць на дыбачках, падскокваюць, б’юцца.

Дупели на току.

Дупели на току. Фото Василия Федосенко

Самы складаны для дубальта час — час пасля току. Гэта крытычны перыяд у жыццёвым цыкле птушкі. З канца чэрвеня да канца ліпеня яму трэба памяняць частку пер’я, бо ён моцна пашкоджвае вялікія махавыя пёры падчас такавання. На ліньку патрэбна шмат энергіі. І пры гэтым дубальту трэба за такі кароткі час павялічыць масу цела са 150 да 250 г! То бок не толькі пракарміцца, каб забяспечыць сваю жыццядзейнасць, але і забяспечыць сабе запас тлушчу для пералёту ў Афрыку.

Таму гэтыя птушкі моцна залежаць ад кормных участкаў у поймах рэк, бо іх ежа на 99 % складаецца з земляных чарвякоў. Такія ўчасткі – гэта ў асноўным паплавы, на якіх быў выпас скаціны. Іх робіцца ўсё менш і менш: летам суха, выпасу амаль няма, балонні зарастаюць хмызняком.

Ёсць у дубальта і іншая бяда. Ён падобны да бакаса і харчуецца з нім часцяком у адных месцах. А бакас – паляўнічы від, і паляванне на яго ў Беларусі пачынаецца з другой суботы ліпеня, калі дубальты яшчэ поўным ходам набіраюць масу для далёкага пералёту. Паляўнічыя часта блытаюць гэтых птушак і замест бакасаў страляюць дубальтаў.

Але нават у тых выпадках, калі паляўнічыя і не страляюць дубальтаў, апошнія ўвесь час у стрэсе падчас палявання і не могуць нармальна рыхтавацца да міграцыі. Таму мы прапануем перасунуць перыяд палявання на бакаса на тыя ж тэрміны, што і на вадаплаўных птушак, паляванне на якіх пачынаецца ў першую суботу жніўня. Гэта дазволіць дубальтам нармальна падрыхтавацца да міграцыі і адляцець у Афрыку.

Як захаваць дубальта?

Каб ведаць, як правільна захаваць дубальта, патрэбныя даследаванні. АПБ праводзіць іх пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства ў межах міжнароднага праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў”, які ёсць кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай, што фінасуецца Аркадыяй – дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбет Раўзінг.

Каб зразумець, як паводзяцца дубальты падчас сезона гнездавання і падрыхтоўкі да восеньскай міграцыі, навукоўцы пазначылі 11 птушак на трох таках маленькімі чатырохграмовымі перадатчыкамі. Падчас перыяду такавання кожныя 15-20 хвілін з іх атрымлівалі дадзеныя. Высветлілася, што дубальты ў гэты час практычна не перасоўваюцца паміж такамі і праводзяць увесь дзень за 200-300 м ад свайго току. Агульная сума перасоўванняў адной птушкі за месяц не перавышала 50 км.

Дадзеных па тым, як дубальт рыхтуецца да міграцыі пасля такавання, больш у свеце нідзе няма: для такіх даследаванняў складана адлавіць птушак у патрэбнай колькасці. У Беларусі ж за 20 гадоў працы станцыі кальцавання ў Тураве мы змаглі сабраць патрэбныя статыстычныя дадзеныя, якія дапамогуць зразумець, як трэба ахоўваць дубальта.

У межах міжнароднага праекта «Маніторынг і ахова дубальта ў Беларусі» пры падтрымцы Фонду Рафарда праводзяцца работы па развіцці маніторынгавых даследаванняў па дубальце і садзейнічанні ў пытаннях яго аховы: праводзяцца ўлікі самцоў на таках на маніторынгавых пляцоўках, пошук новых ключавых месцаў гнездавання ў розных рэгіёнах Беларусі, а таксама работы па садзейнічанні ў аднаўленні месцаў гнездавання віду ў заказніку Спораўскі.


Падзяліся артыкулам у сацсетках:

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: