ад 6 декабря 2019 года
Еўрапейскі вугор – адзіны від з 19 відаў рачных вугроў, вядомых навуцы, які жыве ў дарослым стане ў прэсных вадаёмах Еўропы. У 2008 годзе Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў уключыў вугра ў Чырвоны спіс як від, што знаходзіцца “на крытычнай мяжы знікнення”.
У Беларусі гэта адзіны від жывёл, які мае такі высокі пагражальны статус. Гэтыя рыбы прыплываюць у Еўропу яшчэ лічынкамі з Саргасавага мора, жывуць тут 5-20 гадоў, а потым плывуць на сваю радзіму нерасціцца першы і апошні раз у сваім жыцці.
Як дапамагчы вугру даплыць на нераст?
Актыўны ўначы, а ўдзень любіць хавацца ў травяністых месцах, пад карчамі, часта закопваецца ў глей на глыбіню да 130 см. Рачныя вугры здольныя па мокрай траве пераадольваць значныя ўчасткі сушы, перабіраючыся з аднаго вадаёма ў другі і апынаючыся такім чынам у бяссцёкавых азёрах.
Асноўная пагроза вугру сыходзіць ад чалавека: забруджаныя сцёкавыя воды, ГЭСы без рыбаходаў, прамысловы адлоў, браканьерства, кантрабанда – гэта далёка не поўны спіс прычынаў, якія паставілі еўрапейскага вугра пад пагрозу вымірання.
У 2015 годзе міграцыя маладых вугроў у басейн Паўночнага мора знізілася на 99 % у параўнанні з ўзроўнямі 1960-70-х гадоў. І пры гэтым усім нават у Беларусі вугра да гэтага можна купіць як у крамах, так і ўздоўж дарог у гандляроў рыбай!
Вугор у Беларусі лічыцца асабліва каштоўным прамысловым відам. Права на лоўлю гэтай унікальнай рыбы ёсць толькі ў двух нацыянальных паркаў — «Браслаўскія азёры» і «Нарачанскі», а таксама ў некалькіх прыватнікаў. Паводле прагнозаў навукоўцаў, у нашых вадаёмах апошніх вугроў вылавяць ужо праз пяць гадоў. Ці ёсць сэнс і далей спрыяць знікненню гэтага віду?
Угорь европейский. Источник фото: zooclub.org.ua
Каб захаваць еўрапейскага вугра ў Беларусі, АПБ ажыццяўляе першы этап праекта «Захаванне ласосяў і еўрапейскага вугра ў Беларусі», які фінансуецца Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA) праз Кааліцыю Чыстая Балтыка (Coalition Clean Baltic).
Праект ажыццяўляецца ў беларускай частцы басейна Балтыйскага мора.
У будучыні плануецца ў адной са школ Мядзельскага раёна стварыць інфармацыйны цэнтр па захаванні еўрапейскага вугра.
У межах праекта створаная інтэрактыўная «Народная карта распаўсюду еўрапейскага вугра ў Беларусі» на сайце АПБ ptushki.org, у стварэнні якой зможа дапамагчы любы чалавек, які валодае інфармацыяй аб сустрэчах вугра ў вадаёмах Беларусі.
Кожны чалавек, які хоча захаваць еўрапейскага вугра ў нашых водах, у першую чаргу можа паведаміць як мага большай колькасці людзей пра рэальную пагрозу страціць гэты від назаўжды. У нашых сілах захаваць чысціню нашых вадаёмаў, не купляць вугра ні ў якім выглядзе, змагацца з браканьерствам і спыніць прамысловы вылаў ў Беларусі.
Распытвайце бацькоў і дзядоў пра тое, дзе сустракаліся вугры ў Беларусі, і заносьце гэтыя месцы на карту: ptushki.org /eelfish.
Падзяліся артыкулам у сацсетках:
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: