Пазіцыя АПБ па будаўніцтве воднага шляху Е40   right_line


прыпяць

У межах праграмы міжнароднага супрацоўніцтва Польшчы, Украіны і Беларусі ў 2013-2015 гг Гданьскі марскі інстытут распрацаваў праект “Аднаўленне магістральнага воднага шляху Е40 на ўчастку Днепр-Вісла: ад стратэгіі да планавання”.

Читать текст позиции по-русски

Праект быў накіраваны на тое, каб вызначыць аптымальны варыянт будаўніцтва ўнутранага воднага шляху працягласцю больш за 2000 кіламетраў, які, праходзячы праз тэрыторыі гэтых трох краін, змог бы злучыць басейны Балтыйскага і Чорнага мораў.

Прапанаваны шлях Е40 мусіць пачынацца ў Гданьску, потым, на польскім участку, праходзіць па рэках Вісла і Заходні Буг праз Цярэспаль і да польска-беларускай мяжы. На тэрыторыі Беларусі шлях плануецца правесці па рацэ Мухавец, Дняпроўска-Бугскім канале і потым па рэках Піна і Прыпяць да мяжы з Украінай. Далей праз Украіну па Прыпяці і Дняпры праз Кіеўскае вадасховішча да Херсона і Чорнага мора.

Для рэалізацыі гэтага буйнамаштабнага праекта спатрэбіцца пабудаваць на тэрыторыі Польшчы штучны канал працягласцю каля 160 кіламетраў уздоўж Заходняга Буга, мадэрнізаваць існыя і ўзвесці новыя шлюзы на Вісле, Дняпроўска-Бугскім канале, Прыпяці і Дняпры, а таксама выпрастаць, пашырыць, паглыбіць і абвалаваць рэчышча Прыпяці на значнай частцы яго беларускай працягласці.

Паводле распрацаванага Гданьскім марскім інстытутам тэхніка-эканамічнага абгрунтавання запланаваны водны шлях мусіць адпавядаць IV класу водных шляхоў, што згодна з Еўрапейскім пагадненнем аб найбольш важных унутраных водных шляхах міжнароднага значэння дазваляе эксплуатацыю суднаў класа рака-мора водазмяшчальнасцю ад 1 да 1,5 тысяч тон з максімальнымі габарытамі 85х9,5 метраў і асадкай да 2,5 метраў. Гэта азначае, што шырыня канала, па якім будуць рухацца судны, мусіць быць не меншай за 50 метраў, а яго глыбіня – не меншай за 4 (2,5 асадкі + 1,5 дадаткова) метры на ўсёй яго працягласці. Забяспечваць вадой пабудаваны ў Польшчы штучны канал плануецца за кошт Заходняга Буга і Белазёрскай воднай сістэмы, а таксама пры дапамозе адмыслова пабудаванага вадасховішча.

Экалагічныя пагрозы, звязаныя з будаўніцтвам Е40

Адзін з асноўных грузаў, якія плануецца перавозіць па водным шляху Е40 у Беларусі, — гэта прадукцыя Мазырскага НПЗ, якая належыць да катэгорыі небяспечных, што ў выпадку тэхнагеннай катастрофы ставіць пад пагрозу забруджвання нафтапрадуктамі вялізныя тэрыторыі.

Пэўная частка запланаванага воднага шляху Е40 праходзіць праз тэрыторыю, забруджаную радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ў непасрэднай блізкасці да самой станцыі. Правядзенне днопаглыбляльных работ на гэтых тэрыторыях і ніжэй па плыні Прыпяці прывядзе да вызвалення захаваных у донных адкладаннях радыёактыўных ізатопаў і паўторнага забруджвання імі вялізных акваторый. Так, камісія МАГАТЭ праводзіла адмысловыя даследаванні і прыйшла да высновы аб недапушчальнасці правядзення любых днопаглыбляльных работ у Кіеўскам водасховішчы.

Пры будаўніцтве Е40 будуць парушаны асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі міжнароднага значэння – Рамсарскія ўгоддзі, Natura 2000 і Смарагдавая сетка. Гэта грубым чынам можа парушыць не толькі прыродаахоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, але і міжнародныя абавязкі, узятыя нашай краінай у рамках выканання Бернскай і Рамсарскай канвенцый.

Прыпяць. Фота Віктара Малышчыца

Прыпяць. Фота Віктара Малышчыца

У выніку будаўніцтва воднага шляху Е40 будзе парушаны гідралагічны рэжым практычна ўсёй Палескай нізіны, пад пагрозай забруджвання, незваротнай антрапагеннай трансфармацыі і нават поўнага знікнення апынуцца ўнікальныя ў еўрапейскім маштабе прыпяцкія каляводныя экасістэмы, галоўным чынам балонні і поймавыя дубровы. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да знікнення месцаў пражывання многіх відаў жывёл і раслін, у тым ліку і глабальна пагражаных відаў птушак: вялікага арляца і вяртлявай чаротаўкі, а таксама месцаў нерасту многіх відаў рыб.

Культурна-сацыяльныя наступствы, звязаныя з будаўніцтвам Е40

У культурна-сацыяльным плане будаўніцтва Е40 і звязаная з ім дэградацыя ўнікальных прыродных экасістэм Палесся прывядзе да змяншэння колькасці турыстаў, якія прыязджаюць на Палессе галоўным чынам для таго, каб пазнаёміцца з унікальнай прыродай апошняй у Еўропе сярэдняй ракі, якая захавалася ў малапарушаным стане. Як вынік, зменшацца прыбыткі мясцовага насельніцтва, якое рэалізуе турыстычныя паслугі і прадае турыстам сваю прадукцыю. Узвядзенне гідратэхнічных пабудаванняў прывядзе да знішчэння многіх аб’ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны і археалагічных помнікаў, размешчаных у пойме Прыпяці. Адмоўны ўплыў будзе зроблены і на традыцыйнае выкарыстанне прыродных багаццяў Палесся мясцовым насельніцтвам, якое з’яўляецца важнай крыніцай яго прыбытку: бортніцтва, паляванне, рыбная лоўля, збіранне дзікарослых раслін, грыбоў і ягад.

Эканамічная мэтазгоднасць воднага шляху Е40

Вялікія сумненні выклікае і эканамічная мэтазгоднасць праекта. Паводле папярэдніх даследаванняў, праведзеных беларускім саюзам прадпрымальнікаў імя прафесара Куняўскага, водны шлях Е40 мае ўсе шанцы не толькі не прыносіць стабільных прыбыткаў, але нават і не апраўдаць затрачаных на яго капіталаўкладанняў.  (Падрабязна пазнаёміцца з высновамі эканамістаў можна ў дадатку).

У сувязі з гэтым АПБ лічыць недапушчальным будаўніцтва воднага шляху Е40 у цэлым ці часткова, як і любыя захады, звязаныя з гэтым будаўніцтвам, у прыватнасці. У якасці альтэрнатывы ў плане эканамічнага росту Палескага рэгіёна арганізацыя бачыць развіццё турыстычнага патэнцыялу, які зараз выкарыстоўваецца не ў поўнай меры, у першую чаргу экалагічны і агратурызм, адраджэнне аўтэнтычных народных промыслаў, рацыянальнае выкарыстанне прыродных багаццяў Палесся.

Дадатковыя спасылкі:

Відэа

 

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: